Пажар забраў жыцці трох чалавек у Мінскім раёне. Пра гэта паведамілі ў МНС.
Паведамленне пра загаранне ў жылым доме ў вёсцы Гарадзішча ратавальнікі атрымалі 23 студзеня ў 11.42. Калі яны прыбылі на выклік, то падчас разведкі знайшлі целы трох загінулых.
На месца здарэння прыбыла таксама следча-аператыўная група. Следчыя высветлілі, што загінулыя — двое мужчын (34 і 56 гадоў) і 77-гадовая жанчына.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, раніцай напярэдадні трагедыі пенсіянерка разам з сынам і ўнукам ужывалі спіртныя напоі, пасля чаго леглі спаць у адным пакоі. Неабыякавыя суседзі заўважылі дым з акна дома і выклікалі ратавальнікаў», — расказалі падрабязнасці ў Следчым камітэце.
Прычыну пажару высвятляюць. Следчыя вывучаюць некалькі версій, сярод якіх — неасцярожнае абыходжанне з агнём падчас курэння.