Вечарынка ў адной з кватэр у Гродне скончылася бальніцай для госця і ізалятарам часовага ўтрымання для гаспадара, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал МУС.
На кватэры ў 30-гадовага мужчыны сабраліся прыяцелі. Адзін з іх, 31-гадовы малады чалавек, прызнаўся, што ён гей.
Сілавікі сцвярджаюць, што пасля гэтага госць пачаў чапляцца да прысутных.
У нейкі момант ён выйшаў на балкон, туды ж выйшаў і гаспадар, які схапіў госця за ногі і выкінуў з балкона.
На шчасце, кватэра знаходзіцца на другім паверсе, але мужчына падчас падзення атрымаў траўмы, з якімі быў шпіталізаваны.
Гаспадара кватэры затрымалі, ён знаходзіцца ў ІЧУ. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.