Тэлеграм-канал «Віцебская Вясна» расказаў абставіны гібелі двух участковых міліцыянтаў у Віцебску. Паводле інфармаваных крыніц, адзін з іх выпадкова стрэліў у калегу, а потым забіў сябе.
Як высветлілі праваабаронцы, адзін з міліцыянтаў чысціў пісталет і выпадкова стрэліў. Куля трапіла ў саслужыўца, і той загінуў на месцы. Яго калега, убачыўшы, што здзейсніў, таксама застрэліўся.
Крыніцы паведамляюць, што абодвум было каля 20 гадоў.
Нагадаем, раней у МУС паведамілі пра гібель у Віцебску двух участковых інспектараў міліцыі «ў выніку няшчаснага выпадку». Разбіральніцтва знаходзіцца на асабістым кантролі міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова.
Рэгіянальны тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю» са спасылкай на свае крыніцы напісаў, што «ў пункце аховы правапарадку супрацоўнік міліцыі застрэліў напарніка, потым сам сябе».
Пазней у Следчым камітэце заявілі, што па факце гібелі супрацоўнікаў міліцыі ў Віцебску праводзіцца праверка.
«На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Асноўная версія здарэння — неасцярожнае абыходжанне з агнястрэльнай зброяй», — гаворыцца ў паведамленні.