На кар'еры пад Дзяржынскам патанула 20-гадовая дзяўчына. Там пастаянна ламаюць таблічку пра забарону купацца
15 жнiўня 2024 у 1723729980
«Зеркало»
У кар'еры ў вёсцы Дзягільна пад Дзяржынскам патанула 20-гадовая дзяўчына. У гэтым месцы забаронена купацца, там праводзяцца рэйды МНС, але шыльду з папярэджаннем пастаянна ламаюць, піша партал Dzr.by.
У МНС паведамілі пра здарэнне каля васьмі гадзін раніцы. На месца прыбылі ратавальнікі, медыкі і праваахоўнікі.
На беразе побач з вадаёмам знайшлі асабістыя рэчы дзяўчыны - адзенне і ручнік. На адлегласці двух-трох метраў ад берага ў вадзе знаходзілася цела. Пацярпелую без прыкметаў жыцця выцягнулі на сушу - гэта аказалася 20-гадовая жыхарка Дзяржынска.
Цяпер высвятляюцца падрабязнасці таго, што адбылося, праводзіцца праверка.
Ратавальнікі нагадалі, што ў Дзяржынскім раёне купацца дазволена толькі на афіцыйных пляжах на вадаёмах у Дзягільне, Паланевічах і на СЦ «Веста». А на астатніх рэках, азёрах, сажалках-копанях, на абводненых кар'ерах, тэхнічных і меліярацыйных каналах, супрацьпажарных вадаёмах і водных аб'ектах паблізу гідратэхнічных збудаванняў купацца забаронена.
Рэйды на кар'еры ў Дзягільне з пачатку года праводзіліся ўжо 13 разоў, апошні прайшоў 11 жніўня. Міліцыя пастаянна складае пратаколы, але гэта дзейнічае не на ўсіх.
- Цягам усяго купальнага сезона інфармацыйная шыльда пра забарону купацца несанкцыянавана дэмантавалася невядомымі грамадзянамі і аднаўлялася Дзяржынскім райвыканкамам. На жаль, не ўсе грамадзяне адказна ставяцца да прынятых мер і ўласнай бяспекі. Што і прыводзіць да трагедыі, - расказалі ратавальнікі.