«На вучэннях мы адпрацоўваем вайну з гэтымі дзяржавамі». У Мінабароны не бачаць мэтазгоднасці супрацоўніцтва з NATO
3 студзеня 2023 у 1672726560
«Зеркало»
У Мінабароны Беларусі лічаць немэтазгодным супрацоўніцтва з NATO. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ заявіў намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА па ідэалагічнай працы Анатоль Булаўка.
«Вы ведаеце, ёсць такое паняцце пра дамоваздольнасць і прагматызм. Вось усё ж такі, напэўна, гэтыя людзі - складана назваць такіх людзей кіраўнікамі дзяржаваў, таму што кіраўнік дзяржавы рупіцца пра сваю дзяржаву, пра свой народ. Мы ў Еўропе бачым трохі іншае. Дык вось, гэтыя кіраўнікі так званыя еўрапейскіх дзяржаваў - так, яны недамоваздольныя. Таму што яны не могуць самі прымаць якія-кольвек рашэнні», - сказаў ён.
Паводле прадстаўніка Мінабароны, NATO бачыць у Беларусі і Расіі праціўніка, таму перспектывы супрацоўніцтва з блокам няма.
«Калі мы гаворым на сёння пра нейкае супрацоўніцтва з NATO, то, скажам так, намінальна мы не выйшлі з тых дамоўленасцяў, якія былі. Фактычна, напэўна, нават перспектывы супрацоўніцтва з гэтым блокам, мэтазгоднасці, напэўна, няма. Чаму? Таму што абумоўлена гэта перш за ўсё той палітыкай, якая праводзіцца. Калі чалавек безапеляцыйна, беспадстаўна ў табе бачыць праціўніка - падкрэсліваю, не віртуальнага, такое слова добрае было, а канкрэтна Рэспубліка Беларусь, Расійская Федэрацыя - імаверны праціўнік. На вучэннях мы адпрацоўваем вайну з гэтымі дзяржавамі. Яшчэ раз падкрэсліваю, называючы іх рэальнымі назвамі», - падсумаваў Анатоль Булаўка.