«Пакуль будзем будаваць — мяхамі будзем грузіць». Лукашэнка хоча як мага хутчэй пабудаваць порт у Расіі, але не гатовы столькі цярпець
5 студзеня 2023 у 1672913340
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў як найхутчэй пабудаваць беларускі порт у Расіі, але не чакаць заканчэння будаўніцтва, а грузіць айчынную прадукцыю ўжо сёння «літаральна на кожным свабодным квадратным метры» расійскіх партоў. Такое даручэнне ён даў на нарадзе па экспарце 5 студзеня, паведамляе яго прэс-служба.
Лукашэнка чарговы раз заявіў пра гатоўнасьць Расіі адкрыць свае парты для загрузкі беларускіх тавараў, падкрэсліўшы, што «ўсе пытанні вырашаныя». Паводле яго, пытанне за малым - пачынаць грузіць у гэтых партах.
- Трэба хутчэй будаваць гэтыя парты, даводзіць да пэўнага ўзроўню і гандляваць ужо праз уласныя парты, - сказаў Лукашэнка.
Тым не менш, паводле яго словаў, чакаць будаўніцтва ўласнай інфраструктуры ў расійскіх партах няма калі - трэба займацца перавалкай грузаў ужо сёння і выкарыстоўваць для гэтага любую магчымасць, перш за ўсё на паўночным захадзе Расіі.
- Прэзідэнт Расіі асабіста паказаў мне ўсе парты Піцера і вакол яго (ён ведае гэта дасканала) і прапанаваў: выбірайце любы кірунак. Але я яму сказаў, нам ужо сёння трэба грузіць. Кажа: любы пункт і пачынайце грузіць. Таму (я так вобразна часта кажу) пакуль будзем будаваць - мяхамі будзем грузіць. Натуральна, 12 мільёнаў тон і больш мяхамі не загрузіш, але тым не менш гэта кажа пра тое, што мы ўжо сёння павінныя літаральна на кожным свабодным квадратным метры расійскіх партоў грузіць свае тавары, - дадаў ён.
Будаўніцтва партоў - не адзіная тэма, якая абмяркоўвалася на нарадзе па экспарце. Лукашэнка таксама загаварыў непасрэдна пра экспарт - у прыватнасці, запатрабаваў павялічыць яго «паштучна».
- Паштучна - гэта значыць, што трактароў, аўтамабіляў, калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў тоны і штукі мы рэалізавалі менш, чым у 2021 годзе. Дзякуючы таму, што адбыўся рэзкі рост цэн на тыя тавары, якія мы прадаём, мы маем больш-менш станоўчыя вынікі па экспарце. Але тое, што мы паштучна і па тонах не выйшлі на меркаваны ўзровень, - сведчанне таго, што супакойвацца нельга. Нам трэба думаць, як нарошчваць экспарт, - патлумачыў ён, дадаўшы, што «палову таго, што вырабляем, мы павінныя будзем прадаць, каб нармальна жыць».
Што чуваць пра будаўніцтва порта ў Расіі
Нагадаем, пасля таго як 9 жніўня 2021 года краіны Захаду сумесна ўвялі супраць афіцыйнага Мінска чарговы пакет санкцый, беларускія ўлады завялі гаворку пра перанакіраванне грузаў, для якіх закрываўся самы танны і выгадны марскі шлях праз краіны Балтыі. Восенню таго ж года ўпершыню зайшла гаворка пра будаўніцтва беларускага тэрмінала ў расійскіх партах, у прыватнасці, у Мурманскай або Ленінградскай вобласці.
За некалькі дзён да пачатку вайны Лукашэнка расказаў пра планы па будаўніцтве порта пад Санкт-Пецярбургам, ён ацэньваў завяршэнне праекта на два гады. Пры гэтым расійскія ўлады заявілі пра гатоўнасць перадаць Беларусі ў карыстанне ўжо дзейныя тэрміналы да таго моманту, пакуль Мінск не пабудуе свае.
У чэрвені РФ дазволіла Мінску выкарыстоўваць усе свае парты для экспарту нафтапрадуктаў (па калійных угнаеннях пра такое рашэнне не паведамлялася). Да канца лета Беларусь працавала з дзевяццю расійскімі партамі і за першае паўгоддзе пераваліла праз іх каля 2 млн тон грузаў.
У сярэдзіне жніўня Раман Галоўчанка заявіў, што будаўніцтва беларускага порта пад Санкт-Пецярбургам скончыцца да канца 2022 года. Але губернатар Ленвобласці РФ Аляксандр Драздзенка неўзабаве расказаў пра планы здаць партовыя пляцоўкі рэгіёна пад будаўнічыя праекты партовай інфраструктуры беларускіх кампаній. Паводле яго словаў, Мінск павінен вызначыцца з пляцоўкай і з кампаніямі, з якімі будзе заключаць кантракты на арэнду тэрыторый.
З таго часу пра прарывы ў праекце па будаўніцтве беларускага порта ў Расіі нічога не чуваць.