Стала вядома, на колькі за 2022 год скарацілася насельніцтва Беларусі
28 сакавiка 2023 у 1680010560
«Зеркало»
За 2022 год насельніцтва Беларусі скарацілася амаль на 55 тысяч чалавек. Колькасць жыхароў дзвюх абласцей апусцілася ніжэй за адзін мільён, вынікае са звестак Белстата.
На 1 студзеня 2023 года насельніцтва Беларусі склала 9 200 617 чалавек. Гэта на 54 907 менш, чым год таму. Такое скарачэнне сувымернае з колькасцю такога райцэнтра як Кобрын, дзе жыве каля 52 тысяч чалавек.
Колькасць жыхароў Мінска другі год запар застаецца ніжэйшай за два мільёны чалавек. У дзвюх абласцях - Гродзенскай і Магілёўскай - колькасць жыхароў цяпер меншая за адзін мільён у кожнай.
Вобласць/горад | 2022 | 2023 |
---|---|---|
Брэсцкая | 1324027 | 1315405 |
Віцебская | 1103833 | 1091948 |
Гомельская | 1357897 | 1347469 |
Гродзенская | 1006614 | 998600 |
Мінск | 1996553 | 1995471 |
Мінская | 1465755 | 1462021 |
Магілёўская | 1000845 | 989703 |
У пачатку года 7,212 млн чалавек жылі ў гарадах, 1,988 млн - у сельскай мясцовасці. Атрымліваецца, што за год гарады страцілі 19,7 тысячы чалавек, а вёскі - 35,2 тысячы.
Насельніцтва Беларусі скарачаецца шмат гадоў запар. З 2000 года ў нашай краіне стала на 801 918 жыхароў менш.
Нагадаем, у 2021 годзе падзенне колькасці насельніцтва Беларусі было рэкордным за апошнія дваццаць гадоў. Тады гэты паказчык скараціўся на 94,1 тысячы чалавек, а за год да гэтага - на 60,6 тысячы. Тэмп зніжэння колькасці людзей, якія пражываюць у нашай краіне, у гэтыя гады вярнуўся да ўзроўню пачатку нулявых.