Праект новага ўказа пра таксі: працаваць змогуць толькі тыя, хто ў рэестры, сілавікам трэба будзе даць анлайн-доступ да ўсіх заказаў
8 чэрвеня 2023 у 1686219420
«Зеркало»
На грамадскае абмеркаванне 8 чэрвеня вынесены праект указа Лукашэнкі «Пра аўтамабільныя перавозкі пасажыраў», якім прапануецца па-новаму ўрэгуляваць сферу нерэгулярных аўтамабільных перавозак. Уводзяцца новыя шырокія патрабаванні і абмежаванні для ўсіх, хто працуе ў сферы таксі і нерэгулярных перавозак пасажыраў, а замежныя сэрвісы фактычна блакуюцца, калі не правядуць поўную лакалізацыю.
Праект указа прадугледжвае стварэнне адзінага дзяржаўнага рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярным злучэнні. Весці рэестр будзе Транспартная інспекцыя Мінтранса. Мэта рэестра - «ліквідацыя магчымасцяў нанясення шкоды жыццю і здароўю людзей». У яго будуць уключацца звесткі пра:
- перавозчыкаў;
- транспартныя сродкі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, аўтамабілі-таксі);
- кіроўцаў;
- дыспетчараў перавозак пасажыраў у нерэгулярным злучэнні;
- дыспетчараў таксі.
Праца дыспетчараў, нерэгулярных перавозчыкаў, у тым ліку таксі, без уключэння ў рэестр будзе забароненая. Кіроўцам і аўтамабілям, не ўключаным у рэестр, таксама нельга будзе ўдзельнічаць у перавозцы пасажыраў.
За ўнясенне звестак у рэестр трэба будзе плаціць:
- за кожнага кіроўцу - 1 базавую велічыню (37 рублёў);
- за кожную машыну - 2 базавыя велічыні;
- за кампанію-дыспетчара - 100 базавых велічыняў;
- за змену звестак у рэестры - 0,5−1 базавую велічыню.
У выпадку парушэнняў Транспартная інспекцыя можа прыпыніць знаходжанне ў рэестры: кіроўцы - на месяц (не больш і не менш), машыны, перавозчыка, дыспетчара - адразу на 3 месяцы. Аднавіцца можна будзе пасля ліквідацыі парушэнняў. Інакш з рэестра выключаць, і працаваць будзе нельга.
Таксама могуць выключыць з рэестра, калі:
- пасля прыпынення дзейнасць усё роўна вялася;
- пад выглядам нерэгулярных перавозак пасажыраў выконваюцца рэгулярныя;
- за год будзе дапушчана два і больш парушэнні ў парадку прыёму аплаты і выкарыстання касавага абсталявання, плацежных тэрміналаў;
- не пададзеная інфармацыя ў падатковую або пададзеная недакладная двойчы цягам года;
- накладзеныя два і больш спагнанні паводле КаАП за парушэнні заканадаўства пра аўтатранспарт і аўтаперавозкі цягам года;
- не выконваюцца патрабаванні да дыспетчараў і перавозчыкаў, пра якія ніжэй.
Падаць новую заяву пра ўключэнне ў рэестр можна будзе толькі праз паўгода пасля выключэння.
Згодна з праектам указа, замежныя дыспетчары і сэрвісы таксі змогуць працаваць на тэрыторыі Беларусі толькі калі створаць тут юрыдычную асобу, якая будзе выступаць у якасці дыспетчара або перавозчыка і выконваць усе адпаведныя патрабаванні заканадаўства.
А патрабаванні накладаюцца вельмі сур'ёзныя. Дыспетчары і перавозчыкі будуць абавязаныя:
- выкарыстоўваць для працы толькі праграмы, інфармацыйныя рэсурсы (у тым ліку праграмы для атрымання заказаў ад кліентаў), размешчаныя на тэрыторыі Беларусі (то-бок на беларускіх серверах) і зарэгістраваныя ў адпаведных дзяржрэгістрах. Выкарыстанне іншых інфармацыйных сістэм забараняецца, у такім выпадку дзейнасць будзе карацца як незаконныя перавозкі. У тым ліку нельга карыстацца замежнымі праграмамі і кіроўцам;
- выкарыстоўваць для перавозак і перадаваць заказы толькі тым кіроўцам і машынам, якія ўключаныя ў рэестр;
- фіксаваць усе заказы, у тым ліку атрыманыя анлайн, і весці іх улік, захоўваць інфармацыю пра заказы пяць гадоў;
- даць сілавікам, а таксама кантрольным і іншым датычным дзяржорганам доступ да інфармацыі пра заказы і інфармацыі ў асабістым кабінеце перавозчыка. Гэты доступ мусіць быць бясплатным, кругласутачным, дыстанцыйным, з магчымасцю выгрузкі звестак і гэтак далей. Гэтыя рэсурсы і базы звестак мусяць быць тэхнічна размешчаныя на тэрыторыі Беларусі;
- усталяваць у салонах машын і аўтобусаў камеры для відэафіксацыі працэсу перавозкі пасажыраў. Захоўваць запісы перавозчыкам давядзецца месяц і, зноў жа, толькі на рэсурсах, размешчаных у Беларусі.
У выпадку парушэння гэтых патрабаванняў Транспартная інспекцыя можа абмежаваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў дыспетчара або перавозчыка. Прасцей кажучы, іх сайты, праграмы, сістэмы заблакуюць. Таксама гэта адбудзецца, калі кампанія двойчы цягам года падасць у падатковую недакладную інфармацыю. Пасля ліквідацыі парушэнняў доступ можа быць адноўлены пасля рашэння Транспартнай інспекцыі, падатковай або Камітэта дзяржкантролю.
Акрамя таго, Транспартная інспекцыя з мэтай кантролю набывае права атрымліваць персанальныя звесткі фізічных асоб без іх пісьмовай згоды, у тым ліку з розных базаў звестак і рэсурсаў, якія вядуць юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі.
Ёсць яшчэ адно новаўвядзенне: выступаць арандатарам аўтамабіляў з экіпажам для нерэгулярных перавозак пасажыраў змогуць толькі юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Праект цяпер знаходзіцца ў стадыі грамадскага абмеркавання. Яно працягнецца да 18 чэрвеня на Прававым форуме Беларусі. Потым дакумент, з улікам правак, перададуць на разгляд у Палату прадстаўнікоў.
У выпадку прыняцця ўказа большасць яго палажэнняў уступіць у сілу 1 студзеня 2024 года, а пункт пра тое, што замежным дыспетчарам і перавозчыкам нельга будзе ажыццяўляць дзейнасць без рэгістрацыі юрыдычнай асобы ў Беларусі, - праз два месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.
Пасля набыцця ўказам моцы Саўмін павінны будзе цягам месяца падрыхтаваць законапраект пра штрафы для дыспетчараў, кіроўцаў і перавозчыкаў за парушэнне новых патрабаванняў.