Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш на просьбу Лукашэнкі правёў з ім двухбаковую сустрэчу. Пра што яны размаўлялі
4 лiпеня 2024 у 1720092060
«Зеркало»
На палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), які адкрыўся 4 ліпеня ў Астане (Казахстан), Аляксандр Лукашэнка правёў двухбаковую сустрэчу з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам. Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускага палітыка.
«"Пад камеры" Лукашэнка і Гутэрыш нічога не сказалі», - адзначылі ў прэс-службе Лукашэнкі.
Прэс-служба Гутэрыша была больш шматслоўная. Там заявілі, што сустрэча прайшла на просьбу Лукашэнкі.
«Генеральны сакратар падкрэсліў важнасць спынення вайны ва Украіне на аснове Статута ААН, міжнароднага права і павагі тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаваў. Генеральны сакратар выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён выказаў пажаданне, каб учорашняя амністыя (некаторых беларускіх палітвязняў. - Заўв. рэд.) стала крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі», - паведамілі ў прэс-службе генеральнага сакратара ААН.
Нагадаем, саміт ШАС у Астане (Казахстан) пачаўся 4 ліпеня з цырымоніі падпісання дакументаў пра прыём Беларусі ў склад аб'яднання.
Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва - міжнародная арганізацыя, заснаваная 15 чэрвеня 2001 года. У яе ўваходзяць Індыя, Іран, Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Расія, Пакістан, Таджыкістан і Узбекістан.