Перавяла $ 30 — «павінная» аддаць $ 300. Пагаварылі з айцішніцай са спісу тых, хто данаціў у BYSOL, які рассылае ПВТ
10 студзеня 2023 у 1673366700
«Зеркало»
У панядзелак, 9 студзеня, беларускія айцішнікі пачалі паведамляць, што іх кампаніі атрымалі спісы супрацоўнікаў, якія данацілі фондам, што дапамагалі пацярпелым ад рэпрэсій на пратэстах. Гэтых людзей чакаюць на гутаркі ў КДБ і прапануюць пералічыць у дзесяць разоў больш туды, «куды скажуць» улады. Такім чынам абяцаюць абысціся без крыміналкі. Пагаварылі з айцішніцай, якая таксама атрымала такую прапанову.
Імя суразмоўніцы змененае з меркаванняў бяспекі. Яе звесткі ёсць у рэдакцыі.
Марына працуе ў адной з кампаній, якія ўваходзяць у беларускі ПВТ. У канцы жніўня 2020 года, калі BYSOL абвясціў адзін з першых збораў на дапамогу пацярпелым на пратэстах, дзяўчына пералічыла туды грошы. А 6 студзеня 2023-га кіраўніцтва паведаміла пра ліст з ПВТ і пра тое, што ёсць спіс людзей, якія падтрымалі ініцыятыву (Марына аказалася ў іх ліку). І за ўсіх цяпер узяліся сілавікі.
- Мне сказалі, што нас з гэтага спісу будуць запрашаць у КДБ на гутарку. Там трэба будзе напісаць тлумачальную. Такое «прызнанне віны»: чаму было «фінансаванне» гэтай, экстрэмісцкай з іх пункту гледжання, дзейнасці, - расказвае Марына. - Ну і што трэба будзе кампенсаваць у дзесяціразовым памеры суму, якая была пералічаная. Я ўжо не памятаю, колькі тады данаціла. Можа, даляраў 30 ці 40. І ўжо не памятаю фонды, але дакладна пасля таго выпадку яшчэ кудысьці рабіла пераводы. Пры гэтым тут гаворка ішла менавіта пра BYSOL і пра жнівень 2020-га. Як яны гэта даведаліся - незразумела, у лісце не гаварылася.
Атрымліваецца, што айцішніцы цяпер трэба пералічыць кудысьці суму, эквівалентную як мінімум 300 або 400 далярам. Тэрміны, у якія гэта трэба зрабіць, не называліся, як і арганізацыі, куды пойдуць грошы.
- Канкрэтнай схемы не было. Але прапанова заключалася ў тым, што яны дадуць спіс арганізацый або нейкую канкрэтную, напрыклад, дабрачынны рахунак, куды трэба пералічыць. То-бок адрасата і прызначэнне плацяжу яны скажуць, А ты толькі пакрый гэтую суму, - тлумачыць Марына.
Паводле яе словаў, цяпер у супрацоўніка са спісу ёсць два варыянты: альбо пагадзіцца на ўмовы і пералічыць грошы, або пазбегнуць гэтага і з'ехаць.
- Інакш, наколькі я разумею, будзе адміністрацыйны або крымінальны пераслед, таму што гэта лічыцца фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці, - кажа Марына. - Але што там, па якім артыкуле - не было сказана. Хоць я разумею, што тады пералічваць грошы ў гэтыя фонды не было забаронена. Яны не былі абвешчаныя экстрэмісцкімі. Але я гэтак жа разумею, што, трапляючы ў рукі да сілавікоў, ты ўжо не можаш спрачацца з імі і з тым, як яны трактуюць свае ж законы. Яны не пакінуць гэтага проста так.
Я думаю, што гэта спроба выцягнуць грошы і, скажам, дробных «пратэстуноў», што засталіся, узяць на аловак, выціснуць з краіны. Наўрад ці яны хочуць усіх пасадзіць. Наўрад ці ў іх ёсць і ўмовы для гэтага. Яшчэ і айцішнікі - людзі плацежаздольныя, я гэта бачу як зручную нагоду выцягнуць грошы.
Паведамленне пра спіс і неабходнасць камунікаваць са спецслужбамі сталі для айцішніцы апошняй кропляй. Днямі яна з'ехала з краіны.
- У мяне ўжо былі трывожныя званочкі. Спачатку маю фатаграфію з пратэстаў паказалі на СТБ. Потым пачалі прэсаваць адукацыйныя структуры, а я яшчэ падзарабляю ў ЕГУ. Кожны раз я задумвалася пра ад'езд, але кожны раз усё было ціха, - тлумачыць Марына. - А тут пасля Новага года - гісторыя з данатамі. І я падумала: чаго яшчэ чакаць? Яшчэ была інфармацыя, што людзям з гэтага спісу, якія паспрабуюць з'ехаць, можа быць перакрыты выезд. Даведалася, што па мне ўсё чыста, і вырашыла дакладна ехаць, пакуль нешта не памянялася.
Дзяўчына працягвае працаваць у сваёй кампаніі, але цяпер з іншай краіны. Па яе словах, кіраўніцтва паставілася да сітуацыі з разуменнем, на супрацоўнікаў не цісне. Усім далі магчымасць зрабіць выбар, прапанавалі дапамогу з рэлакейтам, калі спатрэбіцца. Вяртацца ў Беларусь Марына пакуль не плануе. Але задумвалася пра тое, каб пералічыць суму, якую запатрабуюць сілавікі.
- Наогул, я хацела праз нейкі час даведацца, ці магу аддаць гэтыя грошы, каб ад мяне больш нічога не патрабавалі. Я, можа, і магла б іх пералічыць. Але гарантыі, што сілавікі супакояцца і не знойдуць, да чаго яшчэ прычапіцца, няма. Я ж ведаю, што рабіла тым летам, - смяецца Марына. - Але ці хачу я вяртацца ў Беларусь, каб зноў усё гэта перажыць? Дома я жыла ў страху - падыходзіла па некалькі разоў на дзень да акна, прыслухоўвалася да дзвярэй, гэтае пастаяннае чаканне, невядомасць. Або перасякаць мяжу без упэўненасці, што потым змагу зноў выехаць? Лепш буду прывыкаць да цяжкасцяў эмігранцкага жыцця, чым жыць у той няпэўнасці і страху.
Беларуска кажа, што ў краіну яна не вернецца, пакуль не зменіцца палітычная сітуацыя:
- Але я не шкадую ні пра што, што рабіла ў 2020 годзе. Хутчэй, шкадую, што раней гэтага не рабіла. І была б магчымасць - я б і больш заданаціла, мне гэтых грошай не шкада.