Вулічнага музыку, які праспяваў «Воины света», адправілі на «суткі». Раней на яго скардзілася прапагандыстка
10 студзеня 2023 у 1673357460
«Зеркало»
Вулічнага музыку, які праспяваў у пераходзе ў Мінску «Воины света», адправілі на «суткі». Пра гэта расказаў былы вязень, які сядзеў разам з хлопцам, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
«Вулічнага музыку дзесьці чысла 30 [снежня] нам закінулі. Ён у Мінску "Воины света" гурта "Ляпіс Трубяцкой" спяваў. Сказаў, што нейкая дзяўчына яго зняла і ў міліцыю відэа адправіла», - расказаў ён.
Прозвішча вулічнага музыкі, а таксама артыкул, па якім яго судзілі, пакуль не вядомыя.
Варта адзначыць, што 29 снежня прапагандыстка Людміла Гладкая распаўсюдзіла ў сваім тэлеграм-канале відэа, на якім хлопец у пераходзе спявае «Воины света».
«Заплутавший одинокий воЕн светы. Переход метро Могилевская, выход к ТЦ Момо», - падпісала яна пост (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя. - Заўв. рэд.).
Нагадаем, раней у Мінску пасля выканання песні на ўкраінскай мове ў бары «Банки-Бутылки» затрымалі спявачку Мэрыем Герасіменка. Дзяўчыну асудзілі спачатку на 15 сутак, потым яшчэ раз на такі ж тэрмін, але на волю яна так і не выйшла.
Ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама растлумачылі, што тое, што адбылося ў бары «Банки-Бутылки», не звязанае з песняй, якую выканала Мэрыем Герасіменка. Прычына ў тым, што «дадзенае мерапрыемства не было санкцыянаванае ні з адным органам дзяржкіравання».
Пазней адзін з тэлеграм-каналаў сілавікоў апублікаваў «пакаяльнае» відэа з дзяўчынай і расказаў, якія прэтэнзіі да спявачкі маюць беларускія ўлады.