«Новая Беларусь» запусціла дадатак з лайфхакамі для беларусаў, якія рызыкуюць застацца без пашпарта
2 кастрычнiка 2023 у 1696249440
«Зеркало»
«Новая Беларусь» у партнёрстве з «Народнымі амбасадамі» запусціла новы праект «Усё будзе легальна». У ім беларусы будуць дзяліцца сваім досведам легалізацыі ў розных краінах. Пра гэта «Люстэрку» паведамілі ў прэс-службе праекта.
«Новая Беларусь» і «Народныяі амбасады» пачалі збіраць у адным месцы ўсе «лайфхакі, сакрэцікі, асабістыя гісторыі» і карысную інфармацыю пра тое, як беларусам цяпер можна легалізавацца ў розных краінах.
- Мы наважыліся зрабіць жывую вікіпедыю беларускага эмігранта, пабудаваную на асабістым досведзе легалізацыі беларусаў і беларусак у розных краінах. Бо на практыцы тэарэтычныя рашэнні часам працуюць з нюансамі. Ці ўвогуле не працуюць. Ці так схаваныя, што трэба пашукаць. Ці іх няма, але разам можна нешта прыдумаць, - кажуць у «Новай Беларусі» і дадаюць, што калі ў раздзеле не будзе гатовых рашэнняў па тэме, то плануецца разам іх распрацоўваць.
Плануецца, што праз пэўны час пачне працаваць чат для кансультацый з экспертамі.
Як гэта будзе працаваць?
Праект існуе ў фармаце суполак у аплікацыі «Новая Беларусь». На першым этапе стваральнікі запусцілі суполкі па сямі краінах: Польшчы, Літвы, Грузіі, Чэхіі, Германіі, Нідэрландах і Партугаліі. Паступова спіс будзе пашырацца.
У суполках можна расказваць пра свой асабісты досвед легалізацыі, чытаць і дапаўняць такія гайды. Таксама можна прапаноўваць супольнасці свае ідэі наконт таго, як паўплываць на вырашэнне праблем, і дамаўляцца пра іх рэалізацыю.
Каб далучыцца, можна спампаваць альбо абнавіць аплікацыю «Новая Беларусь», патрэбны дадатак для пэўнай краіны можна знайсці ў раздзеле суполак. Альбо перайсці да гэтага раздзела з сайта праекта.