«Ты багацейшы — лімузін замовіў, прыехаў твой малы ў школу». Лукашэнка абурыўся выпускнымі і запатрабаваў «не дапускаць расслаення»
апублікавана: 30 красавiка 2024 в 12.52
абноўлена: 30 красавiка 2024 в 15.10
«Зеркало»
Падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць Аляксандр Лукашэнка традыцыйна прайшоўся па шырокім коле пытанняў - пачынаючы ад індывідуальных прадпрымальнікаў, заканчваючы удзелам беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе. Выказаўся ён і пра выпускныя вечары ў школах, паведамляе яго прэс-служба.
У Лукашэнкі пацікавіліся яго меркаваннем наконт выпускных у школах з паездкамі на лімузінах і святкаваннем у рэстаранах.
«Да таго, пра што вы сказалі, стаўлюся вельмі негатыўна, - адказаў ён. - Гэта мусіць быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, - калектывам. Паскачуць, світанак сустрэнуць».
Ён заявіў, што «нельга дапускаць расслаення», а ўлады робяць усё для таго, «каб стварыць для навучання ў школе роўныя магчымасці».
«Гэтага трэба прытрымлівацца, і нельга пасля заканчэння агульнаадукацыйнай сярэдняй школы рабіць тое, што вы кажаце. Нейкі там "круцяк" табе дапамог ці ты багацейшы - ты лімузін замовіў, прыехаў твой малы ў школу. А як іншыя глядзяць? А як бацькі глядзяць? Гэта няправільна. Я публічна кажу: нам нельга гэта культываваць, нельга нам гэта падтрымліваць. Гэта кепска», - дадаў ён.
Лукашэнка таксама даручыў узяць пытанне правядзення выпускных на кантроль.
«Не трэба. Душа павінная быць. Мы - душэўныя людзі. Школа, калектыў, бацькі - яны павінныя збірацца, вызначыцца. Прыгожа (каб было. - Заўв. рэд.). Лепш з бацькамі - хаця б першая частка. Потым бацькоў ужо дадому адправяць. У сярэдзіне гэтай урачыстай часткі (выпускнікі. - Заўв. рэд.) пабудуць самі. І сустрэнуць світанак», - выклаў ён рэцэпт ідэальнага, на яго думку, выпускнога.
Нагадаем, выпускныя вечары ў школах Беларусі пройдуць 14 чэрвеня.