«Шчыра? Усю Украіну трэба забіраць». Пагаварылі з экс-вагнераўцам, які пасля мяцяжу Прыгожына жыў у Беларусі і вярнуўся на вайну
19 чэрвеня 2024 у 1718813400
«Зеркало»
У верасні мінулага года мы размаўлялі з наймітам ПВК Вагнера, які знаходзіўся ў вёсцы Цэль пад Асіповічамі. Яго разам з іншымі расійскімі наймітамі вывелі з зоны баявых дзеянняў і адправілі туды пасля мяцяжу Яўгена Прыгожына. На той момант Абрам расказваў, што ў «зону СВА» вернецца толькі ў складзе ПВК, якой калісьці кіраваў загінулы «кухар Пуціна». Тым не менш цяпер мужчына зноў на фронце і вяртацца да цывільнага жыцця не збіраецца. «Люстэрка» пагаварыла з ім пра тое, што цяпер адбываецца ў лагеры, чаму застаўся на вайне і што думае пра заявы Пуціна пра пачатак мірных перамоваў з Украінай.
Аўраму (мы змянілі пазыўны на просьбу байца) цяпер 38 гадоў, ён нарадзіўся ў Чачні, а пасля пераехаў у Маскву. Раней працаваў «у транспартнай і не транспартнай кампаніях», кур'ерам у «Яндэкс.Маркеце». У пачатку лета 2023 года падпісаў кантракт з ПВК Вагнера, бо да гэтай кампаніі «легла душа». Кажа, што на фронт пайшоў «ваяваць за сваю радзіму».
Да мяцяжу Прыгожына ў саміх баявых дзеяннях Аўрам паўдзельнічаць не паспеў: яго групу незадоўга да гэтага прывезлі з РФ у Луганскую вобласць. А пасля вывелі з акупаванай тэрыторыі Украіны і адправілі з іншымі падраздзяленнямі ў Беларусь. З 20 ліпеня Аўрам знаходзіўся ў лагеры ў Магілёўскай вобласці, праз тры тыдні, у жніўні, пакінуў нашую краіну і вярнуўся ў Расію.
Падчас нашай гутаркі суразмоўца выкарыстаў словы «Белоруссия», «Домбасс» і фразу «на Украіне». Мы змянілі іх у адпаведнасці з рэдакцыйнымі стандартамі.
«Калі падпісваеце кантракт на Афрыку, навучанне ў любым выпадку праводзіцца ў Беларусі»
У верасні 2023-га Аўрам расказваў, што застанецца «працягваць жыццё і працаваць» у Маскве, а ва Украіну вернецца толькі ў складзе ПВК Вагнера і «ні з кім больш». Калі мы днямі звязаліся з расіянінам яшчэ раз, высветлілася, што на вайну ён усё ж пайшоў зноў і застаецца наймітам, але ў іншай кампаніі.
Аўрам кажа, што да ПВК нябожчыка Яўгена Прыгожына больш не мае ніякага дачынення. А пра сітуацыю з лагерам вагнераўцаў пад Асіповічамі ён ведае толькі з чужых словаў.
- Большая частка людзей з'ехала адтуль у жніўні мінулага года, заставаліся ў асноўным інструктары. Мае калегі тут са мной на фронце, а з іншымі я не кантактую, таму не ведаю падрабязнасцяў, - расказвае найміт. - Але, па чутках, там застаецца лагер як база для тых, хто збіраецца ехаць на далёкі кірунак - у Афрыку. Наколькі я ведаю, усе, каго туды адпраўляюць, праходзяць праз Беларусь, бо, калі вы падпісваеце кантракт на Афрыку, навучанне ў любым выпадку праводзіцца там.
Аўрам кажа, што ў жніўні 2023-га ў інструктараў, якія праводзілі навучанне беларускіх вайскоўцаў, была такая ж зарплата, як і ў астатніх наймітаў, - 240 тысяч расійскіх рублёў (8651 беларускі рубель, тут і далей сума паводле курсу Нацбанка на 18 чэрвеня 2024 года. - Заўв. рэд.). Гэтая сума выплачвалася з бюджэту ПВК. Ці змянілася нешта цяпер і ці даплачвае Беларусь інструктарам, якія праводзяць заняткі з вайскоўцамі, ён не ведае.
- Грошы выплачвае не Расія - у кампаніі Прыгожына ёсць уласны бюджэт, - удакладніў Аўрам. - Хутчэй за ўсё, грошы, якія атрымліваюць з кірунку ў Афрыцы, ідуць на людзей, якія да сёння знаходзяцца ў Вагнеры і лагеры ў Беларусі.
Сам расіянін з некалькімі былымі калегамі ў снежні 2023-га падпісаў кантракт з іншай ПВК - «Рэдут» і цяпер служыць у штурмавым батальёне «Крым». «Рэдут» і іншыя расійскія прыватныя кампаніі, якія назвалі «добраахвотніцкімі атрадамі», пасля мяцяжу падпісалі кантракт з Мінабароны.
- Міністэрства абароны тут нібы па дакументах, але гэта ПВК «Рэдут». Як кажуць тут пацаны (я сам не ведаю), гэта «дачка» Вагнера (паводле інфармацыі розных крыніц, кампанія звязаная з набліжаным да Пуціна мільярдэрам Генадзем Цімчанкам. - Заўв. рэд.). Я сюды перайшоў, бо тут былі знаёмыя пацаны, - тлумачыць Абрам і расказвае, чаму наогул вярнуўся на вайну. - А на грамадзянцы рабіць няма чаго. Звычайнае жыццё мяне больш не задавальняе - пасля Вагнера ўсё зусім не тое.
- Што вас там так зачапіла, што вы вырашылі працягваць ваяваць?
- Доўг Радзіме. Матывацыя, - запэўнівае Аўрам.
Ён тлумачыць, што яго жонка такому рашэнню была не радая, «але змірылася, бо адгаворваць дарэмна». Як і бацькі. Тыя былі супраць яго вяртання на фронт, «відаць, таму, што адзіны сын у сям'і», але цяпер з бацькам і маці гэтыя тэмы Абрам не абмяркоўвае. Толькі кажа, што яны падтрымліваюць «СВА» (так у Расіі называюць агрэсіўную вайну супраць Украіны).
«Маё меркаванне, што ўсю Украіну трэба забіраць»
У «Рэдуце» ў байцоў ёсць сувязь і не забіраюць тэлефоны, у адрозненне ад ПВК Вагнера. Найміт кажа, што ў цэлым у гэтай структуры «ўсё нядрэнна - свабодна, спакойна, але не настолькі дысцыплінавана».
- Жорсткасць, кіраўніцтва, трэніроўкі - усё ў Вагнеры было на найвышэйшым узроўні. А ў «Рэдуце» такога няма, - тлумачыць ён. - Баявая дысцыпліна была жорсткай, сам Вагнер (гэта пазыўны камандзіра ПВК Вагнера Дзмітрыя Уткіна. - Заўв. рэд.) вельмі жорстка ваяваў, таму і праславіўся, і браў усё [прасоўваўся на фронце]. Там не было такога, што можна адступаць на перагрупоўку. У Вагнеры толькі наперад.
- Так жа можна страціць шмат асабовага складу.
- Калі асабовы склад неспрактыкаваны, то так, - пацвярджае Аўрам. - Кожны, хто прыходзіў у Вагнер, праходзіў навучанне цягам 21 дня. Інструктары ўкладвалі максімальна, вучылі выбуховай справе, штурмавой, вядзенню бою ў горадзе, былі заняткі па медыцыне. 21 дзень - гэтага дастаткова, каб навучыць байца.
Цяпер Аўрам знаходзіцца ў акупаванай частцы Запарожскай вобласці Украіны. Калі мы стэлефаноўваліся, у яго быў выходны. У гэты час найміт і калегі з яго батальёна знаходзяцца ў размяшчэнні ў невялікім мястэчку Васільеўка, на левым беразе Дняпра, менш чым за 20 км ад вёскі Каменскае Васільеўскага раёна Запарожскай вобласці, дзе праходзіць лінія судакранання.
- Тыдзень мы знаходзімся на першай лініі абароны, бліжэй да Запарожжа. Адна група заходзіць, працуе, потым яе мяняе іншая, а пасля выязджаем на адпачынак, - апісвае ён. - Тут спакойна. Вось, дарэчы, у Вагнеры не было так, каб паехалі, адпачылі, вярнуліся.
Аўрам расказвае, што яго ПВК забяспечвае Мінабароны, таксама паступае «гуманітарная дапамога» - «машыны для перамяшчэння, дроны». Плацяць у «Рэдуце» на дзесяць тысяч расійскіх рублёў менш, чым было ў кампаніі Прыгожына, - 230 тысяч (8250 беларускіх).
- Раз ужо я падпісваў кантракт, прыйшоў ваяваць, адпаведна, мая сям'я засталася без карміцеля. За гэтыя грошы кармлю, атрымліваецца, сваю сям'ю. Таму, лічу, гэта ўзнагарода за тое, што я тут знаходжуся, - адказвае Аўрам на пытанне, наколькі для яго ў «абароне Радзімы» важны заробак.
- Што вы думаеце пра нядаўнюю заяву Пуціна пра спыненне агню, калі Украіна выведзе войскі з Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей?
- Шчыра? Маё меркаванне, што ўсю Украіну трэба забіраць, бо Амерыка не дасць спакою. Вы мінулым разам мяне пыталі - я вам і цяпер скажу тое самае. Расія з кім ваюе? Калі б мы ваявалі з самой Украінай, мы б яе за некалькі дзён сцерлі з твару зямлі. Уся Еўропа ваюе супраць Расіі. Адкуль ва Украіны знішчальнікі F-16 (УСУ пакуль не атрымалі ніводнага самалёта. - Заўв. рэд.)? Адкуль «Хаймерсы», танкі «Леапарды»? Украіна ж не вырабляе гэтага…
У 2014 годзе пасля падзей на Майдане ў Кіеве на ўсходзе Украіны пачаліся прарасійскія мітынгі, у якіх удзельнічалі ў тым ліку і грамадзяне РФ. Увесну мітынгоўцы захапілі будынкі СБУ і абладміністрацыі ў Луганску, Данецку і іншых гарадах ва ўсходніх рэгіёнах, у іх рукі трапілі арсеналы са зброяй. Тады там пачалі гучаць патрабаванні правесці «рэферэндум пра самавызначэнне» - пасля в. а. прэзідэнта Аляксандр Турчынаў абвясціў на ўсходзе правядзенне антытэрарыстычнай аперацыі (АТА) з прыцягненнем УСУ.
Існуе мноства пацверджанняў таму, што Расія ўзбройвала сепаратыстаў на Данбасе. Таксама яна падтрымлівала эканоміку самаабвешчаных ДНР і ЛНР і фактычна наўпрост кіравала імі.
24 лютага 2022 года Расія напала на Украіну, уварваўшыся на яе тэрыторыю і пачаўшы абстрэльваць аб'екты ў розных абласцях. Пачалася поўнамаштабная вайна.
ЗША і краіны Захаду даюць фінансавую і вайсковую дапамогу Украіне (у тым ліку перадаюць розную тэхніку, сярод іншага РСЗА HIMARS, танкі Leopard). Некаторыя краіны таксама вучаць украінскіх вайскоўцаў на сваёй тэрыторыі, але ніводная дзяржава не ўступала ў вайну на баку Украіны.
- І на яе не нападалі - напала сама Украіна, калі на Данбасе вось гэта ўсё… І гэтая Цімашэнка, калі людзей спальвалі, я памятаю гэтую гісторыю, паказвалі (відаць, гаворка пра сюжэты пра пажар у Адэсе ў 2014-м на расійскім дзяржТБ. - Заўв. рэд.), - кажа суразмоўца.
Юлія Цімашэнка - народная дэпутатка, былы віцэ-прэм'ер Украіны (2007−2010), у 2014-м удзельнічала ў выбарах прэзідэнта Украіны і прапаноўвала правесці рэферэндум пра ўступленне ў NATO, называла Пуціна «ворагам Украіны № 1».
Цімашэнка не мае дачынення да пажару ў Доме прафсаюзаў у Адэсе 2 траўня 2014 года. Паводле звестак Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, завадатарамі тых сутыкненняў былі прарасійскія актывісты: яны напалі на мірны марш прыхільнікаў тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і пачалі закідваць камянямі і кактэйлямі Молатава. Атрымаўшы адпор, схаваліся ў адэскім Доме прафсаюзаў. У будынку пачаўся пажар, загінула больш за 40 чалавек, але няма доказаў, што яго падпалілі ўкраінскія ўлады ці прыхільнікі адзінства Украіны. Больш за тое, існуюць сведчанні, што пажар пачаўся знутры будынка. Што выглядае цалкам магчымым, калі ўлічыць, што прарасійскія актывісты самі выкарыстоўвалі кактэйлі Молатава. Таксама трагедыя не выглядае як наўмыснае спальванне сваіх палітычных апанентаў: большую частку грамадзян, якія хаваліся там (330 чалавек), выратавалі і эвакуявалі пажарныя разам з прыхільнікамі ўкраінскага адзінства.
- Нават калі ў Чачні вайна была, не было такога бязмежжа, - працягваў разважаць прапагандысцкімі наратывамі Аўрам. - Нам ніхто не казаў размаўляць на чачэнскай мове, - усім было пофіг. А ва Украіне цяпер як? Раз па-руску гаварылі, значыць, здраднікі. Калі гэта не так, значыць, самі х**лы (я называць іх людзьмі не буду, як казаў «х**лы», так і далей буду) скідваюць у свае ж телеграм-каналы дэзінфармацыю. Гэта бандэры спрабавалі рускамоўных людзей проста вынішчыць. Што, Расіі трэба было пакінуць вось гэтых мірных жыхароў рускамоўных, каб іх бамбілі?
Ва Украіне з 2012 да 2018 года руская мова лічылася афіцыйнай рэгіянальнай мовай на поўдні і ўсходзе краіны. У 2019-м Вярхоўная рада прыняла закон, які замацаваў статус украінскай мовы як адзінай дзяржаўнай, у тым ліку некаторыя катэгорыі грамадзян абавязалі валодаць ёю і выкарыстоўваць, выконваючы свае службовыя абавязкі (напрыклад, чыноўнікаў, педагогаў, сферу абслугоўвання). Распаўсюджанасць рускай мовы на тэрыторыі краіны пачала змяншацца акурат пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі.
- То-бок калі Пуцін у нейкі момант вырашыць вывесці войскі, вы будзеце супраць?
- Калі ён так вырашыць - значыць, ён ведае лепш.
«Бандэрамі» Абрам называе ўсіх украінцаў, якія падтрымліваюць сваё войска і асуджаюць вайну, развязаную Расіяй. У тое, што УСУ на тэрыторыі краіны падтрымлівае большасць, найміт не верыць, як і ў тое, што Украіна - незалежная дзяржава.
- Хай сыходзяць у Польшчу, кудысьці яшчэ сыходзяць альбо жывуць мірна і не чапаюць людзей, якія радуюцца таму, што Расія прыйшла, - параіў ён украінцам на выпадак, калі РФ будзе захопліваць усю краіну. - Падтрымка УСУ - гэта артыкул, за гэта будуць судзіць ужо паводле закона Расійскай Федэрацыі. Натуральна, і тут у Васільеўцы, ёсць людзі, якія, мы ведаем, за сваіх. Іх тут, калі не схлусіць, 60% дакладна. Яны чакаюць УСУ - мы такіх называем пачакунамі. Няхай жывуць, калі ласка, мы іх не чапаем. Мне яны да чорта наогул не патрэбныя - мяне цывільнае насельніцтва не цікавіць. Толькі вось украінская ўлада сюды ўжо не вернецца! Гэта залежная ад Еўропы дзяржава, ад Амерыкі. Гэтую дзяржаву мы, дай бог, у хуткім часе знясём да чортавай маці (прабачце, што я так выказваюся) - і да Амерыкі дойдзем, калі трэба будзе!
«Навошта ён мне патрэбны, калі ён ужо маіх пацаноў паклаў?»
Пакуль падраздзяленне Аўрама стаіць у раёне Каменскага. Найміт прызнаецца, што за паўгода яны не прасунуліся. Сітуацыю на тым участку фронту ён сам ацэньвае як «сярэднюю» - не наступае ні яго падраздзяленне, ні УСУ. Бакі абменьваюцца ўзаемнымі абстрэламі. Расіянін лічыць, што размяшчэнне яго і іншых расійскіх вайскоўцаў у населеным пункце не нясе небяспекі цывільным.
- Калі мы прыязджаем, ходзім у цывільным: звычайныя красоўкі, спартыўныя штаны, футболачка. Каб цывільнае насельніцтва не бамбілі, каб дроны не бачылі, што ходзяць людзі ў вайсковай форме. А калі УСУ не будзе бамбіць, тут усё спакойна: мясцовыя працуюць, рынкі адкрытыя, піцэрыі, банкі. Усё нармальна! - апісвае Абрам. - Вось чаму людзі не з'язджаюць, раз яны так любяць сваю радзіму? Раз ужо сюды зайшла расійская ўлада. Кажуць, мы акупанты. А чаму гэтыя акупанты робяць дарогі, нейкія прамысловыя заводы?
Сітуацыя, у якой удзельнікі баявых дзеянняў не выкарыстоўваюць вайсковай формы і знакаў адрознення, - гэта прамое парушэнне законаў і звычаяў вайны. Людзі без адметных знакаў, якія выконваюць ваенныя задачы, лічацца незаконнымі камбатантамі і злачынцамі, на іх не распаўсюджваюцца правы законных удзельнікаў баявых дзеянняў і, напрыклад, ваеннапалонных. Акрамя таго, маскіруючыся пад цывільных, яны падвяргаюць небяспецы мірнае насельніцтва.
Акупацыйныя ўлады Запарожскай вобласці абмяркоўвалі з Беларуссю вытворчасць трактароў і адкрыццё філіяла Аршанскага мясакансервавага камбіната. Пра будаўніцтва прадпрыемстваў гаворкі не ідзе. У разбураным Марыупалі РФ будуе шматпавярховыя дамы, але пра заводы інфармацыі няма.
Пры гэтым журналісты «Новой газеты Европа» выявілі на акупаванай частцы Украіны 1150 кампаній, з якіх 80% РФ перавяла пад сваю юрысдыкцыю пасля захопу тэрыторый. Сярод іх аграхолдынгі, хлебакамбінаты, горназдабыўныя кампаніі, заводы, прадпрыемствы харчовай прамысловасці, рынкі, сеткі аптэк, гандлёвыя цэнтры і многае іншае.
Аўрам сцвярджае, што многія ўкраінцы на фронце здаюцца ў палон. Пры гэтым найміт прызнаўся, што ён і іншыя байцы яго батальёна палонных не бяруць:
- Ідзе бой або штурм. Візуальны кантакт ёсць, ты крычыш: «Здавайцеся. Будзеце жыць». Не здаюцца, страляюць да апошняга патрона! З твайго аддзялення забіваюць раз-два-тры-чатыры чалавекі, умоўна. Пакуль у яго ёсць баявы камплект, ён вядзе бой. А калі ўсё заканчваецца, яму рабіць няма чаго, ён выходзіць і здаецца. А навошта ён мне патрэбны, калі ён ужо маіх пацаноў паклаў? Пакуль усё было нармальна, не было забойства ні з таго боку, ні з майго, калі я крычаў «здавайся», - так. Але чалавек не захацеў, а потым, калі патронаў не засталося, вырашыў здацца, - не! Ён мне такі не патрэбны, калі ўжо мае пацаны палеглі.
- Вы забіваеце гэтых украінскіх вайскоўцаў?
- Не, у космас адпраўляем! А што з імі яшчэ рабіць?!
Паводле Жэнеўскіх канвенцый, любое фізічнае ўздзеянне на ваеннапалонных забароненае. Пры гэтым не мае значэння, ці адстрэльваліся яны раней да апошняга патрона.
- Як мінімум абодва бакі бяруць палонных, каб потым абменьваць на сваіх. Вам не трэба сваіх вяртаць?
- Сваіх мы і так забіраем. І забяром, - адказвае Абрам. - Украінцы здзекуюцца з нашых пацаноў - адразаюць вушы, вырываюць пазногці. Засоўваюць у анальную адтуліну (прабачце, калі ласка, што я так выказваюся) калючы дрот. Мы асабіста выцягвалі такіх хлопцаў з перадка (перадавой. - Заўв. рэд.) і бачылі, што з гэтым целам, што з ім тварылі. У жывых пасля такога ніхто не застаецца.
У сакавіку 2023-га Маніторынгавая місія ААН заяўляла пра забойствы 25 расійскіх і 15 украінскіх ваеннапалонных. Удзельнікі місіі апыталі больш за 400 ваеннапалонных, па 200 чалавек з кожнага боку. Але адзначылі, што Расія не дала доступу да месцаў зняволення ваеннапалонных, у адрозненне ад Украіны. Між тым у сеціве ёсць некалькі відэа катаванняў над украінскімі вайскоўцамі (тут і тут).
- І я бачыў, якімі з палону вяртаюцца нашыя, - працягвае суразмоўца. - Я скажу, што зрабіў бы наадварот, бо ўкраінцаў абменьваюць - яны сытыя, апранутыя, абутыя, чыстыя, вымытыя і да таго падобнае. А расійскі - збіты і ў паўжывым стане, які ледзь ногі за сабой цягне.
- Гэта вы дзе бачылі?
- У Рабоціне (пасёлак у Запарожскай вобласці, які ў жніўні 2023-га з боем вызвалілі УСУ. Увесь гэты час за населены пункт і ў яго ваколіцах ішлі баявыя дзеянні. У сярэдзіне траўня РФ заяўляла пра паўторнае поўнае ўзяцце Рабоціна, але Генштаб УСУ не пацвярджаў гэтага. - Заўв. рэд.).
- Там абмен быў?
- Так.
Абмены ваеннапалоннымі, як правіла, праводзяцца ў памежнай зоне ці на самай мяжы. Гэта можна ўбачыць на фота і відэа, якія публікуюць афіцыйныя асобы. Аднак вайскоўцы могуць не адпраўляць салдат, якіх узялі ў палон, у лагер, і дамаўляцца з супрацьлеглым бокам пра абмен самастойна на лініі фронту (напрыклад, так рабіла ПВК Вагнера ў Салядары, гэта пацвярджалі і ўлады РФ). Такі абмен сапраўды мог праходзіць у Рабоціне. Але, мяркуючы з усяго, суразмоўца мае на ўвазе менавіта цэнтралізаваныя абмены, узгодненыя ўладамі. Малаімаверна, што ў зоне баявых дзеянняў хтосьці будзе сачыць за тым, каб палонны быў «апрануты, абуты, чысты і вымыты».
- Там з усіх бакоў ідуць баявыя дзеянні.
- Там нічога не ідзе - Рабоціна ўжо забралі месяцы два як (нагадваем, што Украіна не пацвердзіла гэтай інфармацыі. - Заўв. рэд.). Не наш батальён, але падраздзяленні Мінабароны, - запэўніў Аўрам. - Вось першы раз яго забралі ўкраінскія вайскоўцы, Цяпер - нашыя, і туды ўжо заязджае мірнае насельніцтва.
- Хіба там нешта засталося ад дамоў? Вёска ж разбураная.
- Вядома! Вядома, засталося. Цывільныя заязджаюць, мы бачым дарогу, якая туды ідзе, машыны, якія едуць. Гэта ўсё на кантролі.
Рабоціна цалкам разбуранае - вось так вёска выглядала ў сярэдзіне красавіка 2024 года:
This browser does not support the video element.
«Калі пойдуць х**лы, палякі, то мы пойдзем і за Беларусь ваяваць»
Аўрам расказвае, што разам з ім у штурмавым батальёне «Крым» шмат прадстаўнікоў малых карэнных народаў РФ. Але дадае, што «працаваць на кантракт» прыехалі і людзі з Пецярбурга і Масквы. Чаму яны ідуць на вайну, ён не ведае:
- Мы тут пра такое не пытаем. У кожнага свая прычына можа быць.
Менш чым праз дзесяць дзён Аўрам на два тыдні паедзе ў Расію ў адпачынак, убачыцца з жонкай і бацькамі, а пасля вернецца на фронт. Ён па-ранейшаму кажа, што не баіцца памерці на вайне.
- Я мусульманін. Мы да гэтага спакойна ставімся. Рана ці позна чалавек памрэ - тады, калі надыдзе яго час. Якая розніца, дзе гэта адбудзецца? - разважае ён.
У канцы гаворым пра Беларусь, куды Аўрам, калі б не працаваў у ПВК Вагнера, магчыма, ніколі і не прыехаў бы. Ці лічыць ён, што Беларусь трэба будзе падпарадкаваць, калі нашая краіна вырашыць разарваць блізкія адносіны з Расіяй і пачаць развіваць з Захадам?
- А навошта? Беларусь - нашая брацкая краіна. Калі на Беларусь пойдуць х**лы, палякі, то мы пойдзем і за Беларусь ваяваць, - адказвае Аўрам. - Гэта незалежная краіна, толькі не настолькі развітая ў плане ваеннай прамысловасці, каб ваяваць, як гэта робіць Расія. Няма такой ваеннай моцы, мы гэта выдатна разумеем.
- А калі беларусы будуць супраць расійскай дапамогі?
- Не будуць, - упэўнены ён.
- Калі нашая краіна пачне развіваць адносіны з Захадам, як вы лічыце, вашая дзяржава пачне яе захопліваць?
- Я не ведаю, што ў маёй дзяржавы ў галаве. Я кажу вам сваё меркаванне: мне ў прынцыпе без розніцы. Для гэтага ёсць кіраўніцтва, міністэрствы абароны - яны паміж сабой вырашаць.
Чытайце таксама