Маштабная ракетная атака на Украіну: выбухі ў Кіеве, Львове, Адэсе і іншых гарадах, сярод пацярпелых — 14-гадовая дзяўчынка
29 снежня 2022 у 1672299000
«Зеркало»
Расія зладзіла масіраваную ракетную атаку на Украіну. Паведамляюць пра выбухі ў Харкаве, Кіеве, Львове. Частку ракет паспяхова збіла ўкраінская СПА.
Раніцай 29 снежня па ўсёй Украіне была абвешчаная паветраная трывога. Кіраўнік Мікалаеўскай вобласці Віталь Кім паведаміў пра пускі ракет з караблёў і самалётаў. Першыя ракеты, паводле яго звестак, паляцелі ў бок горада Сумы.
Прадстаўнік Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што па краіне напярэдадні Новага года РФ выпусціла больш за 120 ракет.
Выбухі пацвердзілі ў Харкаве, Адэсе, Кіеве, Львове.
- У Кіеве могуць быць перабоі са святлом. Зарадзіце тэлефоны і іншыя прылады. Зрабіце запас вады, - папярэдзіў гараджан мэр Кіева Віталь Клічко.
Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што папярэдне прылёты зафіксаваныя ў Слабодскім раёне: «Па якіх аб'ектах білі і ці ёсць пацярпелыя - інфармацыя пакуль удакладняецца».
У Кіеве абломкі збітай ракеты пашкодзілі два прыватныя дамы ў Дарніцкім раёне, у Галасееўскім раёне пашкоджанае прамысловае прадпрыемства, у Пячэрскім - дзіцячая пляцоўка, паведаміла Кіеўская гарадская ваенная адміністрацыя.
This browser does not support the video element.
Пралёт расійскай ракеты над Кіеўшчынай. Відэа апублікаваў кіраўнік Кіеўскай абласной паліцыі Андрэй Небітаў
Неўзабаве Віталь Клічко паведаміў, што ратавальнікі дасталі з пашкоджанага прыватнага дома двух чалавек. Яны шпіталізаваныя. Пошукава-выратавальныя працы працягваюцца.
Таксама на адной з цэнтральных вуліц Кіева абломкі ракеты пашкодзілі аўтамабіль.
У Адэскай вобласці абломкі крылатай ракеты трапілі ў жылы дом, наступствы ўдакладняюцца, напісаў у сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Кірыл Цімашэнка.
«90% горада - без святла. Чакаем дадатковай інфармацыі ад энергетыкаў. Трамваі і тралейбусы па горадзе не курсуюць. Магчымыя перабоі з водазабяспечаннем. Пераходзім да працы дызель-генератараў на аб'ектах крытычнай інфраструктуры. Заставайцеся ў сховішчах», - напісаў мэр Львова Андрэй Садовы.
Кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што папярэдне пацверджаныя чатыры прылёты: «Імаверна, С-300, у Немышлянскім і Аснавянскім раёнах. Пад прыцэлам - крытычная інфраструктура. На месцы працуюць ратавальнікі. Інфармацыя пра разбурэнні і пацярпелых удакладняецца».
Віталь Кім папярэджвае і пра атаку дронамі - паводле яго, яны ляцяць з поўначы.
Між тым колькасць пацярпелых у Кіеве павялічылася да трох - раненні таксама атрымала 14-гадовая дзяўчынка, яна ў бальніцы.
«Падраздзяленнямі супрацьпаветранай абароны над вобласцю была збітая 21 ракета!!! Абломкі адной з варожых ракет трапілі ў жылы дом, на шчасце, пацярпелых няма. На жаль, з прычыны траплянняў ёсць пашкоджанне энергетычнай інфраструктуры, таму па вобласці адбываюцца экстранныя адключэнні электраэнергіі. Усе службы на месцах і працуюць», - паведаміў кіраўнік Адэскай вобласці Максім Марчанка.
Міністэрства абароны РФ падчас удару па Украіне размясціла ў сваім тэлеграм-канале вось такую карцінку.
Віталь Клічко са спасылкай на СПА паведаміў, што над Кіевам знішчаныя 16 ракет.
Фота: t.me/tymoshenko_kyrylo
Каля адзінаццатай раніцы па Украіне пачалі абвяшчаць адбой паветранай трывогі.