«Марскі бой» у адны вароты: расказваем пра расійскія вялікія дэсантныя караблі польскай пабудовы, якія адзін за адным топяць УСУ
16 лютага 2024 у 1708064220
«Зеркало»
14 лютага УСУ паведамілі пра знішчэнне ў Чорным моры яшчэ аднаго буйнога расійскага ваеннага карабля «Цэзар Кунікаў». Гэта ўжо чацвёрты вялікі дэсантны карабель праекта 775, які ўкраінцы знішчылі з пачатку расійскага поўнамаштабнага ўварвання. Што гэта за караблі, якія СССР у свой час закупляў у Польшчы, і як іх страта паўплывала на магчымасці расійскага Чарнаморскага флоту? Разбіраемся.
Польскія «рапухі» для савецкага флоту
Яшчэ з другой паловы 60-х гадоў мінулага стагоддзя польская верф Stocznia Północna ў Гданьску пастаўляла савецкаму ваенна-марскому флоту сярэднія дэсантныя караблі праектаў 770/771/773. На фоне суднаў савецкай вытворчасці яны вылучаліся нядрэннымі характарыстыкамі і высокай якасцю вырабу. Таму калі СССР спатрэбілася замена для састарэлых савецкіх вялікіх дэсантных караблёў (ВДК) праекта 1171, новыя таксама замовілі ў палякаў.
Карабелы Польскай Народнай Рэспублікі прынялі замову і спраектавалі новы дэсантны карабель праекта 775. У кадыфікацыі NATO ён атрымаў назву Ropucha (у перакладзе з польскай - «рапуха»).
Судна атрымалася вельмі някепскім для свайго часу. З поўным водазмяшчэннем на 4400 тон, яно абсталёўвалася двума дызельнымі рухавікамі «Згода-Зульцэр» магутнасцю па 9600 конскіх сіл, якія выпускаліся ў Польшчы па швейцарскай ліцэнзіі. Яны разганялі ВДК да 17,5 вузла (32 кіламетры за гадзіну). Поўны экіпаж складаецца з 98 чалавек, уключаючы 17 афіцэраў.
Польскія «рапухі» будаваліся толькі для СССР, які замовіў і атрымаў 28 такіх караблёў (у 1974 годзе - першы). Адзін з іх у 1979 годзе Масква перадала сяброўскай Народнай Дэмакратычнай Рэспубліцы Емен. Астатнія 27 шчасна даслужылі ў савецкім флоце да развалу СССР.
На што здольныя «рапухі»?
Пры даўжыні 112,5 метра ВДК праекта 775 маюць вялікі танкавы трум (95 метраў), які дазваляе ім перавозіць цэлую танкавую роту (да дзесяці машын) або іншую баявую тэхніку і грузы агульнай масай да 480 тон. Пры гэтым у кубрыках можна размясціць 340 чалавек дэсанту - то-бок яшчэ прыкладна батальён марской пяхоты.
Ropucha можа не толькі перавезці бранятэхніку і марпехаў з порта А на пляж высадкі Б. Для карабля свайго тыпу яна ўзброеная да зубоў. Дзве спараныя 57-мм артылерыйскія ўстаноўкі з боекамплектам на 2200 стрэлаў абараняюць ВДК ад атак з паветра і мора. Акрамя таго, ад паветраных атак карабель абараняюць дзве пускавыя ўстаноўкі зенітна-ракетных комплексаў «Страла» (па чатыры трубы з ракетамі на кожнай). А дзве 40-ствольныя ўстаноўкі рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град» прызначаныя для абстрэлу берагавых цэляў у раёне высадкі.
Дзве грузавыя апарэлі на носе і на карме карабля дазваляюць яму ажыццяўляць дэсантаванне амфібійнай тэхнікі (напрыклад, плывучых бронетранспарцёраў) пры хваляванні мора да 4 балаў - хвалі ў такім выпадку дасягаюць 1,5 метра.
З далёкасцю плавання без дазапраўкі да 6500 кіламетраў хуткім ходам і да 7500 - эканомным, ВДК праекта 755 дазвалялі СССР і, пазней, Расіі выконваць разнастайныя задачы ў вельмі аддаленых раёнах. Так, у 1986 годзе такія караблі бралі ўдзел у эвакуацыі грамадзян СССР з Адэна ў сувязі з грамадзянскай вайной у Паўднёвым Емене. У 1991 годзе БДК эвакуявалі савецкіх грамадзян з Эфіопіі, а ў 1999 годзе пяць караблёў гэтага праекта даставілі і высадзілі ў грэцкі горад Салонікі некалькі падраздзяленняў расійскага міратворчага кантынгенту для Югаславіі. З 2015 года «рапухі» Чарнаморскага флоту займаліся забяспечаннем расійскай групоўкі ў Сірыі.
Колькі ВДК праекта 775 Расія ўжо страціла - і колькі такіх караблёў у яе засталося?
«Ліхія 90-я» перажылі 16 савецкіх «рапух» з 27. Па чатыры з іх уваходзілі ў склад Балтыйскага, Паўночнага і Чарнаморскага флатоў РФ, а тры служылі ў Ціхаакіянскім. Гэтыя караблі складалі аснову расійскага дэсантнага флоту. Яшчэ адзін ВДК праекта 775, «Канстанцін Альшанскі», пасля падзелу савецкага флоту дастаўся ваенна-марскім сілам Украіны. У 2014 годзе расіяне захапілі яго падчас ваеннай аперацыі па анексіі Крыма. У 2021 годзе ўкраінскія СМІ паведамлялі, што Расія ўвяла яго ў склад свайго Чарнаморскага флоту, але самі расіяне гэта адмаўлялі. Мяркуючы з усяго, увесці яго ў строй усё ж не ўдалося.
Перад пачаткам поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расія перагнала ў Чорнае мора не менш за дзве «рапухі» з Паўночнага флоту і не менш за адну - з Балтыйскага. Такім чынам, у пачатку ўварвання ў Чорным моры ў Расіі было як мінімум сем БДК праекта 775 (без уліку захопленага ва Украіны «Канстанціна Альшанскага»).
Усе гэтыя караблі бралі ўдзел у агрэсіі супраць Украіны.
- Яшчэ ў самым пачатку вайны, у сакавіку 2022 года, два з іх («Новачаркаск» і «Цэзар Кунікаў») трапілі пад украінскі ракетны ўдар у порце акупаванага Бярдзянска. У жніўні 2022 года пашкоджаныя караблі, імаверна, сталі «закладнікамі» свайго польскага паходжання. Для рамонту іх рухавікоў спатрэбіліся фарсункі, і расіяне нават, здаецца, загадзя закупілі ў Польшчы запасныя (яшчэ ў 2019 годзе). Але ў 2022-м, як паведамлялі расійскія крыніцы, выявілася, што дэталі бракаваныя - а закупіць новыя Расія ўжо не магла праз накладзеныя на яе санкцыі. Як бы там ні было, рамонт караблёў моцна зацягнуўся. Але пазней «Цэзар Кунікаў», і «Новачаркаск» усё ж дабраліся да Крыма.
- У жніўні 2023 года ўкраінскі надводны дрон моцна пашкодзіў у Новарасійску перакінуты ў Чорнае мора з Паўночнага флоту ВДК «Аленягорскі гарняк».
- У верасні 2023 года УСУ ракетным ударам па суднарамонтным заводзе ў Севастопалі знішчылі ВДК «Мінск».
- У снежні 2023 года яшчэ адным ракетным ударам украінцы пусцілі на дно ВДК «Новачаркаск» у порце Феадосіі ў акупаваным Крыме.
- Нарэшце, 14 лютага 2024 года ўкраінскія беспілотныя марскія ўдарныя дроны Magura V5 нанеслі ўдары па ВДК «Цэзар Кунікаў» - і, паводле ўкраінскіх звестак, знішчылі і яго. У момант паражэння карабель знаходзіўся ў тэрытарыяльных водах Украіны ў раёне Алупкі (курортны пасёлак у Крыме на паўднёвы захад ад Ялты).
Што змянілася на Чорным моры пасля знішчэння «Цэзара Кунікава» і яго субратоў
Знішчыўшы больш чым палову чарнаморскіх «рапух», Украіна вельмі моцна зрэзала дэсантныя і транспартныя магчымасці расійскага флоту ў рэгіёне. У ранейшай сваёй колькасці (не менш за сем караблёў) адны толькі ВДК 775-га праекта ў адзін заход маглі перавезці да 2380 марскіх пяхотнікаў і каля 70 адзінак бранятэхнікі.
Марскі дэсант такога памеру дзе-небудзь пад Адэсай мог бы стаць сур'ёзнай праблемай для УСУ. ВДК праекта 775, што засталіся ў страі, не змогуць узяць на борт нават палову ад такой колькасці людзей. Ды і выкарыстоўваць іх для гэтай задачы пасля таго, як УСУ прадэманстравалі свае здольнасці знішчаць такія караблі ракетамі і марскімі дронамі, было б проста неразважліва. Хутчэй за ўсё, яны пойдуць на дно разам з дэсантам і танкамі задоўга да таго, як наблізяцца да ўкраінскага берага.
Другая праблема - гэта лагістыка. Расія выкарыстоўвае свае ВДК не толькі па прамым прызначэнні, але і як «вайсковыя сухагрузы» - як рабіла гэта для забяспечання кантынгенту ў Сірыі. З кожным патопленым ВДК лагістычныя магчымасці расійскага флоту змяншаюцца.
Ці зможа Масква кампенсаваць гэтыя страты вялікіх дэсантных караблёў? У агляднай будучыні - наўрад. З 2019 года ў пабудове на Прыбалтыйскім суднабудаўнічым заводзе «Янтарь» у Калінінградзе знаходзяцца два вялікія дэсантныя караблі праекта 11 711. Гэта не нейкія звышсучасныя машыны, а мадэрнізаваныя версіі састарэлага праекта 1171 - таго самага, які яшчэ ў 1970-я замянілі польскімі «рапухамі». Чакалася, што першы з іх ваенна-марскі флот Расіі атрымае ў 2023 годзе, а другі - у 2024-м. Аднак у лістападзе 2023 года тэрмін здачы першага з іх быў перанесены на 2024-ы - нібыта праз карэктаванне тэхнічнага праекта. Цалкам магчыма, што гэты перанос тэрміну здачы - не апошні.
А наступную пару «сваіх» ВДК Расія плануе толькі пачаць будаваць у 2025 годзе. Калі яны будуць будавацца з той жа хуткасцю, што і папярэдняя пара, флот іх убачыць у найлепшым выпадку ў 2030-м.
Чытайце таксама