Масіраваная атака Расіі па Украіне: у Кіеве пацярпела дзіцячая бальніца «Ахматдзет», ёсць ахвяры
8 лiпеня 2024 у 1720429260
«Зеркало»
Расія нанесла масіраваны ракетны ўдар па Украіне раніцай у панядзелак, 8 ліпеня. Прылёты зафіксаваныя ў Кіеве, Крывым Рогу, Дняпры. Кіеўскія ўлады паведамляюць папярэдне пра сем загінулых, у Крывым Рогу ахвярамі атакі стала не менш за дзесяць чалавек.
Удар быў нанесены каля 10 раніцы, як з боку акупаванага Крыма, так і з тэрыторыі РФ. У Кіеве выбухі прагрымелі ў Дзяснянскім, Святошынскім, Галасееўскім, Дняпроўскім, Саломенскім, Дарніцкім і Шаўчэнкаўскім раёнах.
Кіеўская гарадская вайсковая адміністрацыя паведамляе пра сем загінулых. Пацярпела не менш за 11 чалавек.
Падчас атакі пад удар трапіла знакамітая кіеўская дзіцячая бальніца «Ахматдзет», сур'ёзна пацярпеў адзін з будынкаў бальніцы. Пад заваламі могуць знаходзіцца людзі.
This browser does not support the video element.
Відэа знятае ўнутры пацярпелага корпуса дзіцячай бальніцы «Ахматдзет». Відэа: t.me/UaOnlii
Паводле звестак Дзяржслужбы па надзвычайных сітуацыях Украіны, ва ўкраінскай сталіцы таксама пашкоджаныя бізнес-цэнтр, жылыя дамы, гаражы, гараць аўтамабілі.
This browser does not support the video element.
Кіяўляне дапамагаюць разбіраць завалы аднаго з карпусоў бальніцы «Ахматдзет». Відэа: t.me/UaOnlii
«Дзіцячая бальніца "Ахматдзет" у Кіеве. Адна з самых важных не толькі ва Украіне, але і ў Еўропе выключна ДЗІЦЯЧАЯ БАЛЬНІЦА. "Ахматдзет" выратаваў і вярнуў здароўе тысячам дзяцей.
Цяпер бальніца пашкоджаная расійскім ударам, пад заваламі людзі, дакладная колькасць параненых і загінулых пакуль не вядомая. Цяпер усе дапамагаюць разбіраць завалы: дактары, звычайныя людзі.
Расія не можа не ведаць, куды ляцяць яе ракеты, і павінная цалкам адказаць за ўсе свае злачынствы: супраць людзей, супраць дзяцей, супраць чалавечнасці ў цэлым. Вельмі важна, каб свет цяпер не маўчаў пра гэта і кожны бачыў, што такое Расія, што яна робіць», - напісаў у сваім тэлеграм-канале прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што маленькіх пацыентаў цяпер эвакуююць у іншыя бальніцы горада.
Клічко таксама паведаміў, што ў Шаўчэнкаўскі раёне Кіева ў выніку атакі пашкоджаная жылая шматпавярхоўка, адзін пад'езд цалкам разбураны.
«Цяпер з-пад завалаў ратавальнікі спрабуюць дастаць людзей. Галасы іх чуюць», - расказаў Клічко.
Кіраўнік Рады абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул паведаміў, што ад ракетнага ўдару, паводле папярэдніх звестак, загінула 10 чалавек, 31 паранены, з іх 10 - цяжка.
«Некалькі траплянняў. Сярод іх - па адміністрацыйным будынку прамысловага прадпрыемства», - расказаў падрабязнасці Вілкул.
У Дняпры пашкоджаныя шматпавярхоўка, прадпрыемства і СТА. Ёсць параненыя, паведамілі ў Днепрапятроўскай вобласці.
Для ўдару па Украіне ўсяго Расія выкарыстала больш за 40 ракет розных тыпаў, заявіў Уладзімір Зяленскі.