2 лістапада прадстаўніца па фінансах і эканоміцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Таццяна Зарэцкая заявіла пра свой сыход з арганізацыі. Паводле яе словаў, за апошнія некалькі тыдняў яна сутыкнулася з велізарным ціскам на сябе, сваіх родных і бізнес-партнёраў. Зарэцкая не патлумачыла, хто менавіта аказваў гэты ціск, але расказала, што падала заяву ў паліцыю. Характэрна, што за некалькі тыдняў да гэтых рэзанансных заяваў у праўладных тэлеграм-каналах пачала распаўсюджвацца спасылка на тэкст (які там называюць «расследаваннем»), што ставіць пад сумнеў бізнес-поспехі Зарэцкай. Больш за тыдзень мы спрабавалі пагаварыць пра гэта з прадпрымальніцай і цяпер расказваем, чаму ў нас нічога не атрымалася.
Сумнеўны сайт з «расследаваннем»
Тэкст на англійскай мове, пра які мы гаварылі вышэй, з’явіўся на Justdiligence.com нібыта 14 верасня. Пры гэтым сам дамен быў зарэгістраваны 8 кастрычніка. У якасці кантактаў на сайце пазначаны Twitter (спасылка вядзе на галоўную старонку Justdiligence.com), Telegram (спасылка вядзе на прыватны акаўнт) і Linkedin (профіль там адсочваюць 12 чалавек).
Аўтары пазіцыянуюць сябе як эксперты ў «галіне фінансаў, інвестыцый, журналісцкіх расследаванняў, крыптавалют, барацьбы з адмываннем грошай і штучнага інтэлекту» і спецыялізуюцца на «праверцы інвестараў і партнёраў». Нам не ўдалося даведацца, хто менавіта стаіць за гэтым сайтам, як не ўдалося знайсці і якія-небудзь выразныя згадкі пра Justdiligence.com у экспертным асяроддзі (як і дзе-небудзь увогуле, зрэшты).
Акрамя матэрыялу пра Таццяну Зарэцкую на сайце былі апублікаваныя тэксты і пра іншых асобаў. Усе яны так ці інакш звязаныя з асобай Энтані Рытосы — арганізатара інвестыцыйнага саміту, на якім у 2021 годзе выступала Таццяна Зарэцкая. 19 кастрычніка Vanity Fair апублікаваў расследаванне пра мужчыну. Паводле матэрыялу выдання, Рытоса — «махляр, якога еўрапейскія ўлады неаднаразова адпраўлялі ў турму».
Нягледзячы на многія дзівацтвы, тэкст пра Таццяну Зарэцкую змяшчаў цікавыя дэталі, якія нашая рэдакцыя палічыла важнымі для вывучэння. Для пачатку нагадаем, якія бізнесы развівае прадпрымальніца.
Meliora — гэта пляцоўка для бізнесаў, якія хочуць кампенсаваць выкіды вугляроду ў атмасферу.
Laava Tech распрацоўвае разумныя сістэмы асвятлення цяпліцаў. Праграмнае забеспячэнне кантралюе святлодыёдныя ліхтары, каб забяспечыць раслінам лепшыя ўмовы вырошчвання. Разумныя сістэмы павышаюць ураджайнасць і дазваляюць знізіць спажыванне энергіі.
У інтэрв'ю Onliner Зарэцкая сцвярджала, што яе стартап дазваляе знізіць электраспажыванне да 90% у параўнанні з выкарыстаннем старых люмінесцэнтных лямпаў. У выпадку з LED — да 75%, «але ў сярэднім выходзіць 50% эканоміі на электрычнасці».
У матэрыяле выказваліся сумневы:
- у прыбытку стартапа Зарэцкай Laava Tech. У інтэрв'ю Forbes у 2020-м Таццяна сцвярджала, што абарот складае 280 тысяч даляраў за месяц. Аднак аўтары тэксту на Justdiligence прывялі справаздачу аб прыбытку і стратах кампаніі за 2020 год. У ім сума прыбытку складала 95 тысяч еўра за год. («Люстэрка» праверыла дакумент у адкрытым эстонскім рэгістры кампаній: ён сапраўдны);
- у тым, што стартап мае істотны прыбытак непасрэдна ад камерцыйных кліентаў. У тэксце згаданага «расследавання» гаварылася, што бізнес Зарэцкай «трымаецца на плаве толькі дзякуючы грантам Еўрасаюза»;
- у паспяховасці і эфектыўнасці стартапа. Сайт зноў спасылаецца на тэкст Forbes, у якім сцвярджаецца, што ўвосень 2020 года Laava Tech знаходзілася ў працэсе заключэння некалькіх стратэгічных партнёрстваў, якія могуць прыносіць ёй дадаткова 3−5 мільёнаў штогод. Аднак ніякіх пацверджанняў гэтых словаў Forbes не апублікаваў;
- у адпаведнасці стартапа навуковым прынцыпам (інфармацыя на сайце Laava Tech цяпер недаступная, аднак у тым жа тэксце Forbes гаварылася, што тэхналогія рэгулюе работу святлодыёдных лямпаў, скарачаючы спажыванне электраэнергіі да 75% і паляпшаючы ўраджайнасць на 20%).
Ва ўсёй гісторыі Justdiligence.com многія рэчы сведчылі пра тое, што з’яўленне матэрыялу пра Зарэцкую на нікому не вядомым сайце ў тым ліку і ў беларускіх праўладных тэлеграм-каналах — спланаваная атака на прадпрымальніцу.
З PR-крызісамі блізкія да Кабінета людзі сутыкаліся і раней: у прадстаўніка арганізацыі па абароне і нацбяспецы Валерыя Сахашчыка знайшоўся расійскі пашпарт, а праз некалькі тыдняў — нібыта ўзнагарода ад КДБ за 2016 год; дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка аказаўся заснавальнікам грамадскай арганізацыі Infopoint Network, у склад якой, апроч іншага, уваходзяць kyky.org і the-village.me — і, са словаў нашай крыніцы, палітык браў удзел у планёрках рэдакцый і даваў указанні наконт асвятлення тых ці іншых падзей.
Ва ўсіх гэтых выпадках прадстаўнікі дэмсілаў адкрыта камунікавалі з журналістамі: Сахашчык адказваў на пытанні пра свой пашпарт, і яго каманда нават зняла і аддала медыя відэа з тым, як прадстаўнік Кабінета запускае працэдуру адмовы ад расійскага грамадзянства. Таксама чалец Кабінета без праблем пагаварыў з намі пра сваю нібыта ўзнагароду ад КДБ і абверг факт яе існавання. Франак Вячорка раздаў мноства інтэрв'ю, дзе падрабязна і ў дэталях адказваў на пытанні журналістаў пра свой уплыў на медыя.
Калі мы пачыналі займацца матэрыялам пра Таццяну Зарэцкую і абвінавачаннях у яе адрас, то шчыра лічылі, што адбудзецца нешта падобнае: мы задамо пытанні, палітык на іх адкажа. Аднак усё абярнулася зусім інакш.
Пагрозы, NDA, адмова ад інтэрв'ю і сыход з Кабінета
26 кастрычніка мы напісалі тады яшчэ прадстаўніцы Кабінета з просьбай пагаварыць з намі пра ціск, які на яе аказваецца, а таксама адказаць на пытанні пра бізнес. Зарэцкая пагадзілася.
Рыхтуючыся да інтэрв'ю, мы пагаварылі з незалежнымі эканамістамі і бізнес-экспертамі. Азнаёміўшыся з публічна даступнай інфармацыяй пра бізнесы Зарэцкай, яны выказалі сумнеў у паспяховасці яе стартапаў. На падставе іх пытанняў і было пабудаванае нашае інтэрв'ю.
Перад размовай Таццяна Зарэцкая спытала, пра што менавіта будзе інтэрв'ю, і мы пісьмова адказалі ёй: «Пытанні будуць з нагоды пагрозаў вам, справаздачнасці кампаніі, форуму Ritossa і працы Laava Tech».
Падчас гутаркі Таццяна Зарэцкая падрабязна і пад запіс адказала толькі на самае першае пытанне — пра тое, якія пагрозы паступаюць ёй, яе сям'і і супрацоўнікам. Аднак як толькі журналістка прапанавала перайсці да абмеркавання матэрыялу Justdiligence.com, прадпрымальніца пачала пагражаць падаць у суд на «Люстэрка», калі мы апублікуем на яго спасылку. Запіс гэтай размовы ёсць у распараджэнні рэдакцыі.
Нягледзячы на гэта, мы працягнулі пытаць Зарэцкую пра прыбытак, кліентаў і паспяховасць яе бізнесу. Амаль на ўсе пытанні па гэтай тэме наша суразмоўніца адказвала з заўвагай, што яна паведамляе інфармацыю не для публікацыі. Пад канец гутаркі стала ясна: мы практычна нічога не зможам расказаць чытачам пра бізнесы Таццяны, бо амаль усю інфармацыю яна забараніла публікаваць без яе ўзгадненняў. Паводле законаў краіны, у юрысдыкцыі якой знаходзіцца рэдакцыя «Люстэрка», яна мела на гэта права.
Каб атрымаць хоць нейкія каментары, мы пагадзіліся на пісьмовае інтэрв'ю з Зарэцкай.
Вось якія пытанні атрымала прадпрымальніца:
- 8 кастрычніка быў зарэгістраваны дамен Justdilidence.com. Аўтары праекта пазіцыянуюць сябе «даследчыкамі для інвестараў і стартапаў». Justdilidence.com нібыта правярае тых ці іншых людзей на запыт. Там ёсць тэкст і пра вас. У ім фігуруе выпіска з эстонскага рэестра па вашай кампаніі Laava Tech за 2020 год і стаіць сума прыбытку — каля 95 тысяч еўра за год. Мы праверылі — выпіска сапраўдная. У інтэрв'ю выданню «Форбс» у 2020 годзе вы сказалі, што абарот кампаніі Laava Tech складае 280 тысяч даляраў за месяц. Чаму лічбы такія розныя?
- Тэкст на Justdilidence.com датаваны 14 верасня, а дамен быў зарэгістраваны толькі 8 кастрычніка. Чаму, па-вашаму, гэты матэрыял з’явіўся? Ён звязаны з людзьмі, якія вам пагражаюць?
- У прамежкавай справазачы па гранце ЕС, які атрымала ваша кампанія, не заяўлена істотных вынікаў за год працы. Тым не менш вы сцвярджаеце, што ваша тэхналогія здольная скараціць энергаспажыванне на 75%. Ці існуе ўжо працоўны прататып? На колькі працэнтаў ён скарачае спажыванне энергіі?
- Калі ўзяць 100-працэнтны абарот кампаніі, колькі працэнтаў складаюць гранты, грошы ад інвестараў і вашая камерцыйная дзейнасць?
- У інтэрв'ю Forbes вы казалі, што да канца 2020 года не можаце раскрываць назвы фондаў і імёны бізнес-анёлаў. Цяпер вы можаце расказаць, з кім і на якіх умовах працуеце?
- Цяпер сайт Laava Tech нават не адкрываецца. Чаму?
- Вы гаварылі, што вас запрашалі на саміт Ritossa спікерам. Нядаўна Vanity Fair апублікаваў расследаванне пра гэтае мерапрыемства: там гаворыцца, што яго арганізатар Энтані Рытоса — ашуканец, якога «еўрапейскія ўлады шмат разоў адпраўлялі ў турму». Вы ведалі пра гэта?
- Таксама Vanity Fair сцвярджае, што людзі плацілі, каб стаць удзельнікамі гэтага мерапрыемства. Вы плацілі за ўдзел у ім?
- Вы не пашкадавалі, што ўвязаліся ў палітыку?
- Ці няма ў вас жадання сысці з палітыкі?
Таццяна Зарэцкая выслала нам пісьмовыя адказы, змяніўшы пры гэтым фармулёўкі некаторых нашых пытанняў. Ні канкрэтных лічбаў, ні імёнаў інвестараў у тэксце не было. Затое некаторыя часткі тэксту былі вылучаныя — іх прадпрымальніца гатовая была прыбраць, калі мы не будзем згадваць назву сайта Justdiligence.com і даваць спасылку на матэрыял, які і паслужыў трыгерам для размовы.
Пры гэтым прадпрымальніца пагадзілася паказаць рэдакцыі патрэбныя дакументы, калі намі будзе падпісанае NDA (пагадненне аб невыдаванні). Мы ўбачылі мала канкрэтыкі ў адказах Зарэцкай, але пагадзіліся на ўмовы прадпрымальніцы і адправілі ёй спіс дакументаў, з якімі хацелі азнаёміцца. Мы папрасілі Таццяну Зарэцкую паказаць любую прэзентацыю для інвестараў з фінансавымі паказчыкамі, спіс юрыдычных асобаў, якімі валодае прадпрымальніца, і справаздачнасць па іх.
Аднак да падпісання NDA справа не дайшла. На наступны дзень, за гадзіну да таго, як Зарэцкая абвясціла пра сыход з Кабінета, яна звязалася з нашай рэдакцыяй і напісала, што ёй «давядзецца адмовіцца» ад любога тэксту, «у якім будуць прысутнічаць спасылкі (гіперспасылкі) на сумнеўныя альбо кампраметавальныя матэрыялы».
Паводле нашай інфармацыі, пытанні да бізнесу Зарэцкай паўсталі і ў Кабінета: яшчэ раней у арганізацыі пачалі ўнутранае расследаванне. Прадстаўнік сілавога блока Аляксандр Азараў адказаў нам, што гэта «няпраўда».
Інтэрв'ю, ад якога адмовіліся ўжо мы
Учора мы анансавалі тэкст пра тое, як мы спрабавалі пагаварыць з Таццянай Зарэцкай пра яе бізнес. Пасля гэтага прадпрымальніца звязалася з рэдакцыяй і заявіла, што «не давала забароны» на публікацыю яе пісьмовых адказаў (што наўпрост супярэчыць сказанаму ёй раней). Паводле словаў Зарэцкай, «рада дырэктараў супраць прадстаўлення дакументаў кампаніі трэцім асобам», але замест гэтага яна гатовая выслаць нам прэзентацыю (імаверна, гаворка пра дакумент для партнёраў, у якім ёсць фінансавая справаздачнасць) пры ўмове падпісання пагаднення аб невыдаванні. Мы вырашылі не згаджацца: папераў з фінансавай справаздачнасцю мы б не атрымалі, а падпісанае NDA, хутчэй за ўсё, не дазволі ла б нам звярнуцца для праверкі прэзентацыі да незалежных экспертаў.
Падчас працы над гэтым матэрыялам нашыя калегі выпусцілі свой тэкст пра Зарэцкую. Яе адказы шмат у чым супадаюць з тымі, што яна адправіла нам.