Гаспадары катоў і сабак разгубленыя: з крамаў знікаюць кармы, да якіх іх гадаванцы прывыклі, а калі патрэбны і знаходзіцца, то каштуе нашмат даражэй, чым раней. Супрацоўнік фірмы-пастаўшчыка тавараў для жывёл расказаў, чаму ўзнікла такая праблема і ці варта спадзявацца, што сітуацыя з кармамі палепшыцца найбліжэйшым часам.
«Жывёліне не патлумачыш, што ў нас санкцыі і цэны рэгулююць»
У Алены (імёны герояў тэксту змененыя) жыве пяцігадовая котка, яна есць корм прэміум-класа, натуральнай ежы не есць. Раней дзяўчына купляла корм у аптэцы «Доктар Вет», часцей за ўсё гэта быў паштэт Gourmet Gold французскай вытворчасці, але ён знік. У гандлёвым пункце сказалі, што гэты корм наўрад ці з’явіцца, як і большасць іншых еўрапейскіх.
— Улетку гэтыя кансервы каштавалі 1 рубель 20 капеек, потым яны падаражэлі прыкладна на 30 капеек, а потым яшчэ на 50 капеек. Перад тым як знікнуць, кансерва каштавала ўжо 2 рублі 15 капеек, — успамінае цэнавую «эвалюцыю» корму гаспадыня коткі.
Ад безвыходнасці Алена пачала купляць котцы паштэт Whiskas, аднак ад яго ў жывёліны пачаўся панос, з’явілася алергія, таму з рацыёну гэты корм давялося выключыць. Нядаўна ў аптэцы з’явіўся паштэт расійскай вытворчасці Perfect Fit па цане больш чым два рублі, котку перавялі на яго.
— Гэтым кормам я запаслася на некаторы час. Не ведаю, што буду рабіць, калі не стане і яго. Сухі корм Pro Plan, які я таксама выкарыстоўваю, у аптэках ёсць. Ну што ж, давядзецца ёй есці адну «сушку». Я буду шукаць корм у інтэрнэт-крамах, хоць там ён даражэйшы. Сітуацыя мне зусім не падабаецца, бо жывёліне не патлумачыш, што ў нас санкцыі і цэны «рэгулююць».
«Праблема ўзнікла пасля забаронаў»
Ала Іванаўна — пенсіянерка, якая працуе. У яе жывуць лабрадор і тры коткі. Жанчына кажа, што грошай на жывёл ніколі не шкадавала і матэрыяльныя выдаткі на іх не падлічвала, хоць прызнаецца: на адну пенсію ўтрымліваць гадаванцаў было б цяжка, ратуе праца. Сама яна харчуецца сціпла, да таго ж у Алы Іванаўны сын з інваліднасцю — гэта ўскладняе матэрыяльнае становішча.
Жанчына не мае магчымасці купляць сваім гадаванцам корм прэміум-класа: для котак яна бярэ Friskies, а сабаку варыць кашу з мяснымі костачкамі або курынымі спінкамі. Але цяпер нават з гэтым простым харчаваннем стала складана.
— Асартымент сухіх кармоў стаў вельмі бедны, а калі нешта ёсць, то цэны завоблачныя. Friskies і яшчэ адзін падобны корм я купляла ў інтэрнэт-краме Emall па 12 рублёў, але іх ужо няма. Учора купіла пакет такой самай вагі за 23 рублі.
Для сабакі жанчына набывала курыныя супавыя наборы або кілевую костку «па адэкватнай цане», але цяпер гэта зрабіць немагчыма — дорага, ды і знайсці гэтыя прадукты складана. Пенсіянерка прывяла цэны: курыныя наборы каштавалі 1,8 рубля, а цяпер — 2,9 рубля. Курыныя спінкі пачалі замочваць у марынадзе і прадаваць па чатыры рублі. Дарагімі сталі і «лысыя» вялікія косткі — сабака любіў іх грызці.
Суразмоўніца кажа, што праблема з супавымі наборамі з птушкі ўзнікла пасля забаронаў уладаў: спачатку крамам забаранілі разбіраць тушкі куранят, а потым забаранілі павышаць цэны.
Дзмітрый з Маладзечна купляе свайму кату сухі корм Kitekat або Friskies, але з крамаў горада яны зніклі, на паліцах застаўся корм Purina Felix. Па мерках мужчыны ён дарагі — ад шасці рублёў за пачак.
— Нятанна, улічваючы, што пачкі на 300 грамаў кату хапае на 4−5 дзён. Ды і да таго ж Felix ён не любіць, есць дрэнна, — кажа мужчына. — Прадаўцы кажуць, што паставак кармоў няма і невядома, калі яны будуць.
Дзмітрый знайшоў альтэрнатыву — ён часам ходзіць на рыбалку, і калі трапляецца дробная рыбка, то яна дастаецца кату. Мужчына кажа, што цяпер лавіць рыбу яму давядзецца часцей.
Яшчэ складаней, калі жывёліна — алергік
Хатні ўлюбёнец Дзяніса — кот абісінскай пароды. Гадаванец вельмі пераборлівы ў ежы, кармы беларускай і расійскай вытворчасці яму не падыходзяць — бывала, што пасля іх кот «труціўся». Цяпер для Дзяніса пытанне харчавання жывёліны — цэлая праблема.
— За год знікла шмат кармоў, праз тое, што яны пастаянна знікаюць, мы пераходзім з аднаго на іншы. Давалі кату ўкраінскія вільготныя кармы, спярша Brit, потым Optimeal. Потым перайшлі на аўстрыйскі Royal Canin, яго кот есць ахвотна, але і гэты корм знікае. Цяпер пачалі даваць італьянскі сухі корм Monge, — расказаў Дзяніс.
Паводле назіранняў Дзяніса, выбар сухога корму ў крамах большы, ёсць і еўрапейскія, толькі вось цэны на іх узляцелі.
— Я часам езджу ў Германію, вырашыў, што адтуль буду кармы вазіць, там яны да таго ж і таннейшыя, хоць і ненашмат.
Схільны да алергіі гадаванец жыве ў Іллі — гэта беласнежны японскі шпіц. Мужчына купляе яму дарагія кармы — усё для таго, каб у сабакі не было праблем. Каля чатырох месяцаў таму сабачку купілі корм Hill’s Prescription Diet z/d Mini вытворчасці Чэхіі, за пачак на паўтара кілаграма заплацілі каля 60 рублёў. Корм сабаку падышоў, але ў ліпені ён знік з крамаў.
— Падабралі альтэрнатыву — літоўскі корм Natures protection, але і ён пастаўляецца з перабоямі. Каб знайсці яго, даводзіцца абзвоньваць крамы. У адну з іх вось-вось мусяць прывезці два пачкі гэтага корму. А пакуль яго няма, кормім сабаку Royal Canin — ён ёсць усюды, праўда, расійскі.
«Стамілася бегаць па заакрамах»
Пра сітуацыю з кармамі для сваёй коткі Ірына расказала вельмі эмацыйна, бо стамілася ад таго, што пошук патрэбнага ператварыўся ў квэст.
— Да лютага Багіра харчавалася Josera. Цяпер у Беларусі ёсць толькі некалькі відаў гэтага корму. Гэты корм быў у сярэднім цэнавым сегменце і не выклікаў алергіі ў коткі. На Pro Plan і Royal Canin у коткі хвост трубой ніколі не стаяў, а ад апошняга наогул пачыналася жудасная алергія.
Дзяўчына кажа, што «шляхам спробаў і слёз» з сакавіка-красавіка перавяла котку на корм Brit з ласосем і курыцай для стэрылізаваных катоў, але ён то знікае, то зноў з’яўляецца. А падчас апошняй куплі 17 кастрычніка гаспадыня сутыкнулася з вельмі непрыемнай і незразумелай сітуацыяй: замест звыклых, амаль круглых, падушачак корму ў пачку ляжалі авальныя.
— Мая капрызная дама адмаўляецца іх есці. Даводзіцца змешваць з паштэтам або вадкім кормам.
Дзяўчына адзначыла, што цяпер стала складана трымаць котку праз яе алергію і капрызы ў ежы. Гаспадыня стамілася бегаць па заакрамах, таму пераарыентавалася на інтэрнэт-заказы.
— Калі патрэбнага корму ў наяўнасці няма, то я стаўлю тавар у рэзерв — як толькі ён з’яўляецца, мне прыходзіць апавяшчэнне. Бягу адразу заказваць, купляю з запасам. Цэны падраслі, але ратуюць прамакоды — з імі атрымліваецца танней. Калі бачу ў гіпермаркетах акцыі на пакуначкі корму, то набіраю іх шмат, на будучыню. Хто ж ведаў, што з лютага трэба будзе закупляцца не толькі макаронамі, грэчкай і тушонкай, але яшчэ і кормам для жывёл!
Таксама дзяўчына паведаміла, што знік з продажу напаўняльнік для кацінага туалета, да якога яны прывыклі.
— Ён быў зручны — пасля «справаў» коткі ўтвараліся камячкі без паху, іх можна было адразу выкідваць у туалет і змываць. Я купляла яго ў велізарным мяшку, а ў траўні купіла той самы напаўняльнік, а калі пачалі яго выкарыстоўваць, то зразумела, што ён ужо не той! Смурод ад прыбіральні стаіць жудасны, камякі дзіўныя. Можа, нейкі кампанент напаўняльніка скончыўся, і яго перасталі дадаваць? Давялося перайсці на сілікагелевы напаўняльнік.
«Кармы будуць, але з перабоямі»
Супрацоўнік фірмы — пастаўшчыка тавараў для жывёл Уладзімір расказаў, што ўкраінскія кармы наогул перасталі вазіць у Беларусь. Паводле яго словаў, у цэлым з продажу знікла каля 80% імпартных кармоў з тых, што былі на рынку нашай краіны. Некаторыя прадукты яшчэ трапляюць да нас з Германіі, Італіі, Турцыі, але гэта толькі дзякуючы пасярэднікам, якія арганізуюць перачэпкі грузаў. Аднак цэны на імпарт пастаянна растуць, толькі ў жніўні яны падняліся на 10−15%. Узніклі таксама праблемы з кармамі, што вырабляюцца ў Расіі: Whiskas, Kitekat, Friskies.
— Friskies цяпер наогул не адгружаецца, таму што няма патрэбных кампанентаў для яго вытворчасці. Whiskas і Kitekat пасля пастановы аб рэгуляванні цэн нявыгадна прадаваць. У таварна-транспартнай накладной — нацэнка 15−17% (яна ідзе пастаўшчыку-перакупу, бо не ўсе кампаніі працуюць наўпрост з вытворцамі), яшчэ 5% бярэ банк. Крамам нецікава прадаваць гэты тавар, бо надбаўка з яго атрымліваецца 8−10%, яна не пакрывае выдаткаў на рэалізацыю, — расказаў Уладзімір.
Мужчына паведаміў, што заводы ў Расіі паступова перастаюць працаваць з перакупамі, а беларускія кампаніі шукаюць замену брэндам, дамаўляюцца з вытворцамі на нулявую надбаўку. Паводле чутак, пастаўкі з нулявой надбаўкай могуць быць ужо ў гэтым снежні. Паводле інфармацыі Уладзіміра, з крамаў могуць цалкам знікнуць кармы Friskies, Cat Chow і Dog Chow.
— Акрамя таго, расійскія вытворцы кармоў для жывёл пачынаюць ўводзіць квоты на адгрузку тавару, бо на іх вельмі высокі попыт. Праз гэтыя квоты нашы склады запоўненыя Royal Canin толькі на 15%.
Уладзімір лічыць, што найбліжэйшым часам варта чакаць звужэння асартыменту кармоў і павышэння цэн на іх. Ён кажа, што ўжо цяпер вельмі «балюча» людзям, у якіх каты і сабакі алергікі — спецыяльны корм для катоў каштуе ад 22 рублёў за кілаграм, для сабак — ад 19 рублёў.
— Адгрузкі ў крамы ёсць, але кармоў не хапае рэгіёнам, усё забірае Мінск. Думаю, што яны будуць паступаць, але з перабоямі, таму гаспадарам лепш браць іх з запасам. А яшчэ варыянт — пераходзіць на натуральны корм: каша і субпрадукты.