У Беларусі з 2023 года ўвялі новы падатак — збор на прафесійны даход. Гэта прадугледжана зменамі ў Падатковы кодэкс. Расказваем асноўныя моманты па новым зборы.
Хто зможа перайсці на новы падатак
Урад у першай палове снежня мінулага года вызначыў, хто зможа перайсці на падатак на прафесійны даход. Гэтыя віды дзейнасці прапісаныя ў пастанове Саўміна № 851.
Да прыкладу, падатак на прафесійны даход распаўсюджваецца ў тым ліку на рамеснікаў і тых, хто займаецца аграэкатурызмам. Перайсці на гэты збор змогуць таксама фізічныя асобы, якія займаюцца продажам на гандлёвых месцах прадукцыі кветкагадоўлі, дэкаратыўных раслін, іх насення і расады, жывёл (выключэнне — кацяняты і шчанюкі), уласных хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, гатовай кулінарнай прадукцыі. Кацянят і шчанюкоў можна прадаваць, працуючы на падатку на прафесійны даход, пры ўмове, што ў прадаўца ёсць хатнія жывёлы (сабакі, каты).
У спісе таксама аказаліся многія будаўнічыя паслугі. Сярод іх — тынкавыя, малярныя, шкляныя працы, працы па пакрыцці падлогі і абліцоўванні сцен, абклейванне сцен шпалерамі, кладка (рамонт) печаў і камінаў, ачыстка і афарбоўка даху, афарбоўка агароджаў і гаспадарчых пабудоваў, устаноўка дзвярных палотнаў і каробак, вокнаў і аконных каробак, рамаў з розных матэрыялаў.
Пад новы збор трапілі таксама многія паслугі. Падрабязны спіс можна паглядзець па спасылцы.
Якія віды дзейнасці не трапілі пад новы падатак
У пералік не трапіла дзейнасць актораў, танцораў, музыкаў, а таксама выканаўцаў размоўнага жанру, якія выступаюць індывідуальна. Няма ў гэтым пераліку таксама паслуг тамады, музычна-забаўляльнага абслугоўвання вяселляў, юбілеяў і іншых урачыстых мерапрыемстваў. «Пры аказанні фізічнымі асобамі такіх паслуг спажыўцам гэтыя фізічныя асобы, як і раней, ажыццяўляюць выплату адзінага падатку», — удакладняюць у МНС.
Дзейнасць псіхолагаў таксама не трапіла пад новы падатак. Таксама не ўключылі ў гэты пералік інжынерныя паслугі, дзейнасць па перавозцы пасажыраў аўтамабілямі таксі, паслугі студый гуказапісу, рамонт і абслугоўванне вокнаў і дзвярэй, а таксама паслугі па чыстцы і ўборцы нежылых памяшканняў.
У пералік паслуг, якімі можна займацца на падатку на прафесійны даход, таксама не ўключылі паслугі па ахове здароўя і адукацыі.
У спісе таксама няма тых, хто займаецца распрацоўкай праграмнага забяспечання.
Не трапілі ў гэты пералік і тыя, хто аказвае паслугі па тэхабслугоўванні і рамонце аўтамабіляў і матацыклаў.
Якія стаўкі падатку
Для тых, хто працуе з фізічнымі асобамі, падатак складзе 10%. Такая ж стаўка для тых, хто працуе з юрасобамі, але да пэўнага памеру выручкі (60 тысяч рублёў), а пасля гэтага парога падатковы збор будзе ў два разы вышэйшы — 20%. Павышаны падатак пачне дзейнічаць з сумы перавышэння, то-бок з таго, што больш за 60 тысяч рублёў.
Якія плацяжы замяняе падатак на прафесійны даход
Выплата новага збору замяняе:
- падаходны падатак з фізасобаў;
- збор для рамеснікаў;
- адзіны падатак з ІП і іншых фізічных асобаў;
- абавязковыя страхавыя ўнёскі ў бюджэт ФСАН.
Хто можа атрымаць льготы па падатку
Першыя 2000 рублёў, якія паступяць ад прафесійнага даходу, не будуць абкладацца падаткам.
«Для платніка, які з’яўляецца атрымальнікам пенсіі, стаўка падатку з 10% (20%) фактычна памяншаецца да 4% (8%) за кошт вызвалення ад выплаты абавязковых страхавых унёскаў у бюджэт ФСАН», — тлумачаць падаткавікі.
Што трэба зрабіць, каб перайсці на новы падатак
Самазаняты будзе падаваць звесткі праз спецыяльную праграму «Падатак на прафесійны даход». «Фізічная асоба, якая выказала жаданне перайсці на прымяненне падатку на прафесійны даход, абавязаная да пачатку ажыццяўлення дзейнасці ўсталяваць на свой смартфон або камп’ютар праграму „Падатак на прафесійны даход“. Праінфармаваць падатковы орган праз праграму „Падатак на прафесійны даход“ аб прымяненні падатку на прафесійны даход», — удакладняюць у МПЗ.
Мабільная праграма «Прафдаход» даступная для спампавання з 1 студзеня.
Ці трэба самому разлічваць падатак
Самастойна разлічваць падатак на прафесійны даход не трэба. «Прымяненне падатковага вылічэння, памер стаўкі і іншыя асаблівасці разліку цалкам аўтаматызаваныя. Таксама не патрабуецца падаванне падатковых дэкларацый, — тлумачаць у МПЗ. — Для таго каб даведацца суму падатку да выплаты, ад платніка патрабуецца толькі фармаванне ў праграме „Падатак на прафесійны даход“ чэка па кожныі даходзе, атрыманым ад ажыццяўлення дзейнасці з прымяненнем падатку на прафесійны даход».
У якія тэрміны трэба выплачваць падатак
Падаткавікі будуць кожны месяц выстаўляць збор — да 10 чысла наступнага месяца, які ідзе за прамінулым. Сума будзе адлюстроўвацца ў праграме «Падатак на прафесійны даход». Аплаціць збор трэба будзе да 22 чысла.