У Беларусі хочуць перагледзець выплату дапамог сем’ям з дзецьмі. Гэта прадугледжана планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2023 год. Але падрабязнасцяў пра магчымыя змены пакуль няшмат.
Змены сярод іншага хочуць унесці ў закон «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей». Пра некаторыя дэталі па зменах, якія збіраюцца прыняць, гаворыцца ў тлумачэнні да плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2023 год.
Так, улады хочуць увесці змены для сем’яў, у якіх некалькі дзяцей, прычым адно з якіх — з інваліднасцю. Так, цяпер калі адзін з бацькоў афіцыйна не працуе, а займаецца доглядам дзіцяці з інваліднасцю, то ён атрымлівае дапамогу і на астатніх дзяцей, старэйшых за тры гады. Але калі дзіцяці з інваліднасцю спаўняецца 18 гадоў, то выплата грошай на астатніх дзяцей спыняецца. Чыноўнікі хочуць ўвесці змены, згодна з якімі гэтыя дапамогі (на астатніх дзяцей, старэйшых за тры гады) працягнуць выдаваць і пасля дасягнення 18-годдзя дзіцем з інваліднасцю (і атрымання ім першай групы інваліднасці).
Чыноўнікі сярод іншага таксама хочуць адкарэктаваць «падыходы да ўстанаўлення памераў дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, і парадку іх перагляду». Што канкрэтна плануюць для гэтага зрабіць, не ўдакладняецца.
Нагадаем, цяпер многія дапамогі на дзяцей пераглядаюць адзін раз на квартал (у тым ліку выплаты, якія прызначаюць пасля нараджэнні дзіцяці), а дапамогі на дзяцей да трох гадоў — двойчы на год (у лютым і жніўні).
Улады таксама хочуць прапісаць, што на дзяцей-сірот і тых, што засталіся без апекі бацькоў і знаходзяцца на дзяржзабяспечанні ў апякунскіх сем’ях, могуць выплачваць усе віды дзярждапамог.
Таксама чыноўнікі хочуць «удасканаліць атрыманне дапамог асобнымі катэгорыямі атрымальнікаў», а таксама адкарэктаваць «парадак прызначэння дзяржаўных дапамог на дзяцей, якія знаходзяцца ва ўстановах адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання». Падрабязнасці не раскрываюцца.
Новаўвядзенні збіраюцца ўвесці «з улікам практыкі яго прымянення, узмацнення адраснасці ў забяспечанні дзяржаўнымі дапамогамі».