Інфляцыя ў Беларусі ў 2022 годзе склала 12,8% (дадзеныя снежань да снежня), паведамляе Белстат. Пры гэтым канкрэтна ў апошнім месяцы мінулага года рост цэн на тавары і платныя паслугі склаў 0,4%. Да гэтага два месяцы запар у краіне фіксавалі дэфляцыю — падзенне цэн.
Прыкметней за ўсё за 2022 год падаражэлі харчовыя тавары — на 13,8%. Нехарчовыя тавары дадалі ў цане за мінулы год на 13,7%, а платныя паслугі — на 10%.
У цэлым па выніках года інфляцыя склала 12,8%. Гэты паказчык мог быць прыкметна вышэйшы, калі б не ўвядзенне чыноўнікамі абмежаванняў на павышэнне цэн. Аднак гэтае рашэнне пагражае адкладзеным скокам цэн, а таксама іншымі праблемамі.
У снежні прадукты сталі даражэйшымі на 0,7%, а нехарчовыя патаннелі на 0,4%. Пры гэтым платныя паслугі за апошні месяц мінулага года падаражэлі на 1,1%.
Нагадаем, узровень інфляцыі на 2022 год чыноўнікі прагназавалі на ўзроўні 6%.