Беларусы, якія з’ехалі за мяжу і трапілі ў базу «дармаедаў», цяпер атрымліваюць «лісты шчасця». Іх папярэджваюць пра аплату жыллёва-камунальных паслуг па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Такія паведамленні атрымліваюць у тым ліку тыя, у каго няма ва ўласнасці жылля, а толькі рэгістрацыя ў кватэры. Тым часам некаторых беларусаў памылкова ўключаюць у базу «ўтрыманцаў», ім даводзіцца пацвярджаць занятасць.
Двое мінчукоў, якія зарэгістраваныя ў Маскоўскім раёне, але не маюць ва ўласнасці жылля, сёлета атрымалі «дармаедскія» лісты (адзін — у канцы студзеня, другі — у пачатку лютага). У абодвух выпадках людзі больш за год жывуць за мяжой. У лістах «дармаедская» камісія паведамляе, што адрасаты знаходзяцца ў базе «ўтрыманцаў», і папярэджвае пра плацяжы за спажытыя ЖКП паводле эканамічна абгрунтаваных тарыфаў. Камісія прапанавала пацвердзіць занятасць, гэта можна зрабіць праз e-mail, звычайную пошту або звярнуцца асабіста.
«Пакуль за жыллёва-камунальныя паслугі па поўных тарыфах не налічвалі. Што будзе далей — паглядзім. Але здзіўляе, што паведамленне прыйшло толькі цяпер, хоць за мяжой больш за год», — удакладніў адзін з атрымальнікаў «ліста шчасця».
Інфармацыю пра тое, што цяпер асаблівую ўвагу пачалі надаваць тым, хто з’ехаў за мяжу, таксама паведаміў чалец «дармаедскай» камісіі ў адным з абласных гарадоў. Не занятым у эканоміцы рассылаюць лісты пра ўключэнне ў базу і папярэджваюць пра аплату ЖКП поўнымі тарыфамі. Не выключана, што гэта можа быць звязана з чарговым абнаўленнем базы.
Нагадаем, з 1 сакавіка 2022 года беларусы, якія трапілі ў базу «дармаедаў» і з’ехалі з краіны больш чым на 30 дзён, праз месяц пасля ад’езду трапляюць у базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва. Выключэнне — выезд на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне.
З сакавіка мінулага года таксама праца ці навучанне за мяжой не лічацца падставамі, каб не быць уключаным у базу «дармаедаў» і не плаціць за ЖКП поўнымі тарыфамі. Але гэта не датычыць тых, хто працуе ці вучыцца ў краінах ЕАЭС — Расіі, Казахстане, Арменіі, Кыргызстане. Калі пацвердзіць сваю занятасць ці навучанне ў гэтых дзяржавах, «дармаедская» квітанцыя не пагражае.
Што кажуць у «дармаедскіх» камісіях
Журналіст «Люстэрка» як фізасоба патэлефанаваў у чатыры раённыя «дармаедскія» камісіі Мінска, у тым ліку Маскоўскага раёна. Спецыялісты растлумачылі, што адзін з асноўных момантаў — трапіў уласнік жылля ў базу не занятых у эканоміцы ці не.
«Калі ўласнік у базе не занятых у эканоміцы, то аплачваць спажытыя ЖКП па эканамічна абгрунтаваных тарыфах будзе не толькі ён, але і ўсе астатнія зарэгістраваныя ў жыллі, якія таксама трапілі ў базу. Яны ідуць „паравозікам“», — паведамілі ў адной з «дармаедскіх» камісій.
У камісіі прывялі для нагляднасці некалькі прыкладаў. У кватэры зарэгістраваныя пяць чалавек. Уласнік лічыцца занятым у эканоміцы, а ўся астатняя сям’я — не. У такім выпадку ўсе плацяць за ЖКП па льготных тарыфах. Але калі ўладальнік кватэры таксама трапляе ў «дармаеды», то па эканамічна абгрунтаваных тарыфах давядзецца разлічвацца ўсім не занятым у эканоміцы з гэтай сям'і.
У гісторыі з «лістамі шчасця», якія цяпер атрымліваюць людзі, што з’ехалі за мяжу, застаецца незразумелым, чаму гэтыя апавяшчэнні дасылаюць менавіта цяпер. Бо прыведзеныя ў тэксце гісторыі падпадаюць пад леташнія сакавіцкія змены. У камісіях гэта растлумачыць не змаглі.
Пры гэтым у некаторых іншых гарадах па-свойму інтэрпрэтуюць «дармаедскае» заканадаўства. Да прыкладу, у Светлагорскім раёне ў службе «адно акно» райвыканкама ў лістападзе мінулага года, калі тлумачылі змены для тых, хто з’ехаў за мяжу больш чым на 30 дзён, адзначалі ў інтэрв'ю для «Светлагорскiх навiн»: «Аплачваць поўны кошт паслуг ЖКГ не трэба, калі такі грамадзянін не з’яўляецца ўласнікам жылля. Калі ж ён уласнік, але пражывае не адзін, то плаціць па поўным кошце будзе толькі за сваю долю».
Сёння, 15 лютага, у «адным акне» наогул заявілі, што калі ўладальнік жылля трапіў у базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва, то за ўсе ЖКП трэба плаціць поўнымі тарыфамі. Нават калі ўсе астатнія зарэгістраваныя ў кватэры не знаходзяцца ў базе.
У камісіі Бабруйскага гарвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раней, у красавіку 2022 года, заяўлялі, што ўсіх зарэгістраваных жыльцоў уключаюць у базу не занятага насельніцтва, калі ўласнік працуе ў Польшчы (мелася на ўвазе, відаць, што ў любой краіне, акрамя ЕАЭС).
— Аплата камунальных паслуг разлічваецца ў залежнасці ад таго, як працуе ўласнік жылля. Калі ўласнік працуе ў Беларусі ці ЕЭАС — усё ў парадку. Калі ўласнік працуе ў Польшчы — усе працаздольныя члены сям'і, якія пражываюць з ім, трапляюць у спіс незанятых. Каб член сям'і не трапіў у спіс, ён мусіць прадставіць доказ, што працуе ў Беларусі або ЕАЭС, тады на яго будзе зроблены пераразлік, — адзначалі ў камісіі Бабруйскага гарвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.
Удакладнім, што такой нормы ў заканадаўстве мы не знайшлі, але расказваем пра гэта, каб паказаць, як на месцах інтэрпрэтуюць «дармаедскія» дакументы.
Чаму магла ўзнікнуць блытаніна па «дармаедскіх» жыроўках
Калі ў пачатку 2018 года замест падатку на «дармаедства» ўвялі плацяжы па павышаных тарыфах за ЖКП, то чыноўнікі тлумачылі, што навіна датычыць тых, у каго ёсць ва ўласнасці жыллё. Платнікамі жыллёва-камунальныя паслуг па поўных тарыфах лічыліся ўласнікі, наймальнікі і арандатары жылых памяшканняў, якія трапілі ў базу. Як тлумачылі чыноўнікі, зарэгістраваных у жыллі членаў сям'і гэтае патрабаванне не датычыла.
Аднак у красавіку 2018 года ўлады прапісалі ў дакументах па налічэнні і аплаце сумаў за ЖКП, што «дармаеды», якія зарэгістраваныя ў кватэры, уладальнік якой — таксама «ўтрыманец», таксама мусяць аплачваць сваю частку жыроўкі па эканамічна абгрунтаваных тарыфах.
Тым не менш у Мінжылкамгасе ў траўні 2018 года па-ранейшаму заяўлялі, што поўная аплата ЖКП «фактычна закране толькі тых грамадзян, якія маюць ва ўласнасці кватэры, на якіх аформленая дамова арэнды і гэтак далей». Шмат у чым праз гэта цяпер, відаць, і ўзнікаюць пытанні, хто мусіць аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі па поўных тарыфах.
Якая сітуацыя з тымі, хто наймае жыллё? Ці важна, што ўласнік лічыцца «дармаедам»?
А вось для тых, хто афіцыйна арандуе жыллё, не мае значэння, «дармаед» уласнік нерухомасці ці не. Тут арандатару трэба арыентавацца на сябе: калі ён аказаўся ў базе, то будзе аплачваць сваю частку спажытых ЖКП поўнымі тарыфамі.
Да прыкладу, у кватэры зарэгістраваныя двое — уласнік і арандатар. Уладальнік жылля можа дазволіць сабе нідзе не працаваць і пры гэтым не трапіць у базу «дармаедаў», калі выплачвае падатак за здаванне ў арэнду. Пры гэтым арандатар будзе плаціць сваю частку спажытых ЖКП па поўных тарыфах, калі трапіць у базу.
Як памылкова ўключаюць у базу «дармаедаў»
Тым часам па-ранейшаму не абыходзіцца без памылковага ўключэння ў «дармаедскую» базу. Як паведамляе праект «Хризантема», вядомыя выпадкі, калі людзі, якія знаходзяцца ў творчых саюзах і выплачваюць унёскі, усё роўна траплялі ў лік «утрыманцаў» і атрымлівалі жыроўкі па поўных тарыфах.
«У канцы мінулага года ўключылі ў базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва. Прычым даведацца пра гэта давялося пасля таго, як прыйшла жыроўка з поўнымі тарыфамі за ацяпленне і падагрэў вады. Гэта выклікала здзіўленне, бо да гэтага пытанняў не было, удзельнікаў творчых саюзаў не ўключалі ў базу. Калі выплачваюцца сяброўскія ўнёскі. А ў мяне якраз яны выплачаныя, — расказаў сябра аднаго з творчых саюзаў. — Пасля звароту ў камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва пытанне вырашылася, з базы выключылі».
У творчых саюзах могуць сярод іншага быць мастакі, пісьменнікі, журналісты.
Раней у базу памылкова ўключалі памерлых, а таксама студэнтаў і салдат тэрміновай службы.
Як у Беларусі развівалася сітуацыя з пошукам «дармаедаў»
У 2015 годзе ў Беларусі ўжо ўводзілі падатак на «дармаедства». Тым, хто цягам каляндарнага года працаваў менш за 183 дні, трэба было заплаціць фіксаваны збор у памеры 20 базавых (на той момант гэта было 360 рублёў у пераводзе на дэнамінаваныя рублі). Некаторых ад гэтага збору вызвалілі: напрыклад, студэнтаў дзённых аддзяленняў, салдат тэрміновай службы, маці дзяцей да 7 гадоў, тых, хто жыве за мяжой, і гэтак далей.
За два гады дзеяння дэкрэта падаткавікі паспелі разаслаць 470 тысяч «лістоў шчасця». У пачатку 2017 года па ўсёй Беларусі праходзілі масавыя «Маршы недармаедаў», іх удзельнікаў затрымлівалі і судзілі. Пасля гэтага ў сакавіку 2017-га спагнанне «дармаедскага» збору спынілі на год, а Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць дэкрэт.
У пачатку 2018 года падатак на «дармаедства» скасавалі. Чыноўнікі прынялі замест яго новы дакумент — «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». У ім для «дармаедаў» увялі новы «штраф «- стопрацэнтную аплату некаторых камунальных паслуг. Прычым плаціць яго мусяць не ўсе тыя, хто не працуе, а толькі ўласнікі кватэр. З 1 студзеня 2019 года «дармаеды» сапраўды пачалі аплачваць поўны кошт гарачай вады, пазней да яе далучыліся ацяпленне і газ.
З 2023 года фактычна ўвялі новы падатак для «дармаедаў». Падаткавікі пачалі па-новаму праводзіць праверкі адпаведнасці расходаў даходам фізічных асоб, якія афіцыйна не працавалі больш за пяць гадоў і былі ў базе «дармаедаў». Для іх падчас праверкі іх даходаў і расходаў не будуць уключаць у даходы падораныя сродкі, атрыманыя пазыкі, а таксама перададзеныя на захоўванне грошы. Выключэнне зрабілі для такіх даходаў ад сваякоў, але агульная сума такіх грашовых паступленняў не мусіць перавышаць 100 базавых велічынь (на сёння гэта 3700 рублёў) цягам года, у адваротным выпадку давядзецца заплаціць падаходны падатак у 10%. Гэты збор будуць браць з сумы перавышэння.
Тым часам па ўсёй краіне працягваюць праводзіць паседжанні «дармаедскіх» камісій.