У Дзяржпамежкамітэце заявілі, што сваім рашэннем спыніць узаемадзеянне з мытным і памежным ведамствамі Беларусі Літва дыскрэдытавала сябе як надзейнага партнёра.
У беларускім памежным ведамстве ўпэўненыя, што Літва зацікаўленая ў стварэнні чэргаў на мяжы.
— У рамках гэтага пагаднення супрацоўнікі беларускіх і літоўскіх службаў інфармавалі адно аднаго пра неабходнасць узмацнення зменаў, пераразмеркавання сіл на больш загружаныя напрамкі і рашэння няштатных сітуацый. Усё гэта забяспечвала бесперабойнае перасячэнне мяжы, — заявілі ў Дзяржпамежкамітэце.
Цяпер там асцерагаюцца, што чэргі на мяжы вырастуць яшчэ больш, узнікнуць праблемы з рытмічнасцю перасячэння мяжы. Зрэшты, у Дзяржаўным памежным камітэце заяўляюць, што «яшчэ да анулявання дамовы літоўскі бок перастаў выконваць свае абавязанні».
— Разарваўшы пагадненне ў афіцыйным парадку, Літва ўзяла на сябе адказнасць за стварэнне чэргаў на мяжы з Беларуссю. Пазіцыя літоўскіх уладаў звялася да стварэння праблем для тых, хто перасякае мяжу. Акрамя таго, гэты крок мае пэўныя мэты, звязаныя з пагаршэннем эканамічных сувязяў паміж нашымі краінамі. Такім чынам, літоўскі бок дыскрэдытаваў сябе як надзейнага партнёра, у тым ліку ў сферы транспамежнага супрацоўніцтва.
Нагадаем, каментуючы прынятае рашэнне пра «спыненне забяспечання бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу», у Дзяржаўнай памежнай службе Літвы «Люстэрку» паведамілі, што памежныя пасты на літоўска-беларускай мяжы працуюць у штатным рэжыме, пакуль ні пра якае закрыццё межаў гаворкі не ідзе.
— Гэта не звязана з перасячэннем і закрыццём гэтых пастоў, — расказалі ў памежнай службе Літвы. — Хто ездзіў месяц таму, той і да сёння ездзіць. Нічога не змянілася.
Нагадаем, нядаўна літоўскі бок закрыў чыгуначны пункт пропуску «Стасілас». Цяпер грузавыя цягнікі будуць перасякаць мяжу толькі ў пункце «Кяна».
З 10 лютага перастаў працаваць і пункт пропуску «Баброўнікі» на польскай мяжы. Як патлумачыў польскі бок, рашэнне прынятае «ў інтарэсах дзяржаўнай бяспекі».
Прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна ў каментары «Еўрарадыё» паведаміў пра магчымае закрыццё дарожнага і чыгуначнага памежнага пераходу «Брэст — Тэрэспаль». Разам з тым ён падкрэсліў, што канчатковае рашэнне не прынятае.
Размаўляючы сёння з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка назваў закрыццё пунктаў пропуску «эканамічнай правакацыяй» і прыгразіў мерамі ў адказ.