Поўнамаштабная вайна, якую Расія пачала супраць Украіны год таму, дала беларусам некалькі важных урокаў — і пра свет, у якім мы жывём, і пра нас саміх. Гэта калонка Юрыя Дракахруста.
Урок першы — пра Расію
Расія — небяспечная краіна. Калі яна лічыць, што закранутыя яе інтарэсы, яна іх адстойвае любой цаной, не лічачыся ні з якімі выдаткамі. Падчас вызначэння сваіх інтарэсаў інтарэсы суседніх і далёкіх краін і народаў яна пад увагу не бярэ.
Зрэшты, поўнай нечаканасцю для беларусаў гэта не стала. У 2020 годзе Крэмль усебакова падтрымаў Аляксандра Лукашэнку ў яго супрацьстаянні пратэстам, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сфармаваў тады сілавы рэзерв для дапамогі беларускаму рэжыму на выпадак сур’ёзнейшага абароту падзей.
Дарэчы, у чэрвені мінулага года, у разгар вайны, кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што ў 2020 годзе Масква у Беларусі не спынілася б ні перад чым. Паводле яго словаў, у 2020-м годзе «Расія неадкладна аказала палітычную і маральную падтрымку і была гатовая аказаць любую іншую падтрымку для недапушчэння дзяржаўнага перавароту».
Гэтую акалічнасць варта ўлічваць і ў рэтраспектыўных ацэнках магчымых вынікаў пратэстаў 2020 года, і на будучыню. Больш рашучы пратэст тады выклікаў бы ўзброенае ўмяшанне Расіі — тое, што яна здзейсніла ў лютым 2022 года адносна Украіны, здарылася б адносна Беларусі ў 2020 годзе. Магчыма, у народным разуменні гэтага — адно з тлумачэнняў выключна мірнага характару тых беларускіх пратэстаў. Беларусы пратэставалі з кветкамі і здымаючы абутак, становячыся на лавачкі, акрамя ўсяго іншага і таму, што адчувалі: у адказ на іншыя дзеянні прыйдуць рускія і будуць у іх страляць.
Гэта ўрок і на будучыню. Калі толькі палітычная воля Расіі падчас вайны не будзе аслабленая дашчэнту, яна ў выпадку паўтарэння ў Беларусі падзей 2020 года будзе дзейнічаць гэтак жа, як гатовая была дзейнічаць тады і як дзейнічае ва Украіне цяпер.
Урок другі — пра «чужую вайну»
Як паказваюць шматлікія апытанні грамадскай думкі (Chatham House, Андрэя Вардамацкага, Філіпа Біканава), стаўленне беларусаў да розных аспектаў вайны сфармавалася практычна адразу пасля яе пачатку і істотна не мянялася цягам усяго года. Для расіян пытанні пра ўдзел іх краіны ў вайне і пра ацэнку пазіцыі Расіі ў ёй — гэта адно і тое ж пытанне, іх краіна яе пачала і вядзе. Для беларусаў гэта розныя пытанні, і адказы на іх істотна розныя. З самага пачатку поўнамаштабных баявых дзеянняў беларускае грамадскае меркаванне пераважнай большасцю было катэгарычна супраць удзелу Беларусі ў гэтай вайне сваімі ўзброенымі сіламі. Можна выказаць здагадку, што гэты кансэнсус, які аб’ядноўвае беларусаў з рознымі палітычнымі поглядамі, быў прынамсі адным з фактараў, дзякуючы якім беларускае войска не паслалі ў бой. Пра гэтыя даміноўныя настроі ведалі і іх адчувалі і Лукашэнка, і Пуцін.
Аднак наконт ролі Расіі ў гэтай вайне і стаўлення да яе ніякага кансэнсусу не сфармавалася. Хоць адносная большасць ацэньвала пазіцыю Масквы адмоўна, значная, супастаўная з гэтай большасцю, частка грамадства ўхваляла гэтую расійскую вайну.
Пры гэтым уварванне практычна не паўплывала на стаўленне да самой Расіі — яностаноўчае прыкладна ў 70% рэспандэнтаў. І прыкладна столькі ж — каля дзвюх трацін — заяўлялі пра станоўчае стаўленне да Украіны.
Такое на першы погляд супярэчлівае стаўленне можна растлумачыць формулай «гэта не нашая вайна». Безумоўна, частка беларусаў горача падтрымала і падтрымлівае Украіну. Але большасць, якая катэгарычна супраць удзелу беларускага войска ў вайне, сфармаванае менавіта адэптамі формулы пра «чужую вайну».
Вайна — чужая. А Расія — не. Як і Украіна.
На першы погляд, гэты ўрок супярэчыць уроку «Расія — небяспечная краіна». Для кагосьці і супярэчыць. А для большасці гэта спалучаецца — небяспечная, але не чужая.
Урок трэці — пра рашучасць
Вайна нарадзіла ў частцы беларускага грамадства гатоўнасць да рашучых дзеянняў, прынамсі, большую, чым у 2020 годзе. Аднак варта адзначыць, што ў дзеянні гэтая гатоўнасць увасаблялася толькі ў сітуацыях, наўпрост звязаных з вайной і падтрымкай Украіны ў ёй. Жахлівай жорсткасцю рэпрэсій можна было б растлумачыць поўную адсутнасць дзеянняў — рашучых або не. Але, скажам, байцы палка Каліноўскага ахвяруюць сваімі жыццямі на полі бою ва Украіне. Але не ў Беларусі. «Рэйкавыя партызаны» спынялі эшалоны з расійскай тэхнікай і жывой сілай. І пагроза рэпрэсіяў іх не спыняла. Але ні яны, ні хтосьці іншы не ажыццяўлялі рашучых дзеянняў, скажам, адносна беларускіх сілавікоў або іншых прадстаўнікоў улады.
Цяпер часта гучаць заявы пра тое, што мірны пратэст 2020 года быў неадэкватнай тактыкай, што наступным разам усё не абмяжуецца «кветачкамі» і «здыманнем абутку перад лавачкамі». Але пакуль гэтыя абяцанні і намеры калі і ператвараюцца ў практыку, то толькі ў сувязі з Украінай і ў падтрымку Украіны.
Урок чацвёрты — пра нянавісць
Мы можам быць нялюбым і нават ненавісным народам. Вельмі нязвыклы стан. Амерыканцы, рускія, кітайцы — яны прывыклі да таго, што іх шмат дзе і шмат хто не любіць, гэта адваротны бок глабальнай ролі іх краін. А беларусаў жа любілі ўсе. Часам гледзячы трошкі пагардліва, як на мілых хобітаў. Але сімпатызавалі ўсе — і блізкія народы, і далёкія. І тут раптам масавая і моцная нелюбоў з боку ўкраінцаў. Нам гэта падаецца несправядлівым. І таму, што ў беларусаў ніхто не пытаў, калі уцягваў іх у гэтую вайну, і таму, што беларуская армія ўсё ж не забівае ўкраінцаў, і з мноства іншых прычын. Але тое, што беларусы — другі пасля рускіх нелюбімы ўкраінцамі народ — гэта бясспрэчны факт украінскай грамадскай свядомасці. Зводзіць гэта толькі да ўздзеяння мясцовай прапаганды беспадстаўна. Такой імклівай і істотнай змены стаўлення да суседняга народа не можа выклікаць ніякая прапаганда. А вось ракеты, якія ляцяць з беларускай зямлі на ўкраінскія гарады, могуць быць нашмат больш пераканаўчымі.
Урок пяты — пра Realpolitik
Нежаданне ўкраінскага кіраўніцтва сустракацца з беларускай дэмакратычнай лідаркай Святланай Ціханоўскай тлумачыцца тым, што палітыка Украіны ў дачыненні да Беларусі мае па сутнасці толькі адну мэту — знізіць рызыкі ўступлення ў вайну беларускага войска. Наколькі сустрэча Уладзіміра Зяленскага з Ціханоўскай гэтыя рызыкі рэальна павысіла б — пытанне спрэчнае. Але ў Кіеве лічаць, што павысіла б і што ўжо дакладна не знізіла б. Некаторыя абвінавачваюць украінскія ўлады за гэта ў падвойных стандартах, маўляў, Захад заклікаюць падтрымліваць Украіну ў імя каштоўнасцяў і прынцыпаў, а ў дачыненні да Беларусі практыкуюць брутальную Realpolitik.
Аднак насамрэч каштоўнасная матывацыя Захаду падтрымліваць Украіну — як мінімум не адзіная. Рэч у тым, што параза Украіны прывяла б да катастрафічнай дэмаралізацыі Захаду. Так, за заходняй мяжой Украіны — NATO з пятым артыкулам статута наконт калектыўнай абароны, там краіны з сучаснымі войскамі, сучаснай зброяй, якую Захад з рыпеннем дае Украіне. Але досвед цяперашняй вайны паказвае, што галоўнае ў бітве — гэта дух. Украінскае грамадства, украінская армія дэманструюць, які ў іх дух. Якім будзе маральны дух краін NATO, калі наступіць іх чарга пасля заваявання Расіяй Украіны, калі маральны дух Еўропы будзе падарваны гэтым заваяваннем? І нават калі Крэмль цяпер не збіраецца працягваць захопніцкую палітыку пасля планаванага заваявання Украіны, то, як той казаў, апетыт прыходзіць падчас ежы. Эйфарыя, драйв перамогі разам з дэмаралізацыяй Захаду народзіць жаданне працягваць, нават калі яго няма цяпер.
Так што, падтрымліваючы Украіну, Захад, акрамя ўсяго іншага, калі не ў першую чаргу, трымаецца ўсё той жа старой добрай Realpolitik. На вайне і побач з вайной усе ў выніку кіруюцца сваімі інтарэсамі.
Урокі неабавязкова ўтрымліваюць гатовыя адказы. Часта гэта проста разуменне, якое дапамагае знайсці іх.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.