Банкі працягваюць укараняць новаўвядзенні для сваіх кліентаў. Да прыкладу, «Альфа-Банк» запусціў акцыю па абмене валют, а «Белаграпрамбанк» і «Банк ВТБ» паднялі працэнтныя стаўкі па ўкладах у расійскіх рублях. «Люстэрка» склала падборку банкаўскіх новаўвядзенняў.
«Альфа-Банк» 11 лістапада паведаміў, што прыпыніў верыфікацыю ў сваіх аддзяленнях ID-карт для ўваходу ў Міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі. Прычыны такога рашэння не ўдакладняюцца. «Мы паведамім, калі сэрвіс зноў стане даступны», — адзначаюць у фінустанове.
Да 24 лістапада ўключна ў «Альфа-банку» дзейнічае «чорная пятніца» па валютна-абменных аперацыях з далярам. Фінустанова прапануе ўсім новым кліентам абмяняць даляры па выгадным курсе. «У гэтыя дні аўтаматычна будзе ўсталяваны роўны курс куплі і продажу даляраў. Курс будзе дзейнічаць у мабільным банку INSNC кожны будні дзень з 10 да 24 лістапада з 11.00 да 16.00, — паведамляе фінустанова. — 24 лістапада мы зробім выгадны курс куплі USD, EUR, RUB, CNY для любога, хто звернецца па паслугу ў Альфу».
Таксама ў «Альфа-Банку» з 10 да 27 лістапада ўключна дзейнічае акцыя па р2р-пераводах з карткі гэтай фінустановы на «пластык» іншых беларускіх і замежных банкаў (па нумары карткі). Камісія па такіх грашовых адпраўленнях на час акцыі складае 1% ад сумы пераводу.
«Банк РРБ» паведаміў, што аднавіў міжнародныя аперацыі па картках Visa ў поўным аб’ёме. «Цяпер карткай Visa можна расплаціцца ў любой краіне свету, дзе дзейнічае плацежная сістэма Visa. Вы можаце аплачваць пакупкі на замежных маркетплэйсах і ў інтэрнэт-крамах», — удакладняе фінустанова.
«Белаграпрамбанк» з 14 лістапада павысіў працэнтныя стаўкі па тэрміновых укладах у расійскіх рублях. Да прыкладу, па дэпазіце «Плюс да стабільнасці» стаўкі вар’ююцца ад 5% (размяшчэнне тэрмінам да 35 дзён) да 10,75% гадавых (на 1110 дзён).
З 1 лістапада «Белаграпрамбанк» таксама ўвёў змены ў памеры камісіі, якую спаганяе за аказаныя паслугі. Да прыкладу, абанплата па картках «O-GO!» і «ПерекрестОК» цяпер складае 2,5 рубля за месяц. «Пры выпуску банкаўскай аплатнай карткі кліенту — нерэзідэнту Беларусі неабходна спаганяць плату ў памеры 100 рублёў», — расказалі журналісту «Люстэрка» як фізасобе ў кантакт-цэнтры банка.
«Банк ВТБ» запусціў віртуальную крэдытную картку «да зарплаты» «КСТАТИ». Яна прадугледжвае крэдытны ліміт у 500 рублёў. «Карта дазваляе здзяйсняць любыя пакупкі ў растэрміноўку ва ўсіх крамах тэрмінам да 55 дзён, — удакладняе банк. — Новая картка на базе аплатнай сістэмы „Мир“ даступная ў лічбавым фармаце».
Таксама «Банк ВТБ», як і «Белаграпрамбанк», падняў працэнтныя стаўкі па ўкладах у расійскіх рублях — у межах 0,8−1,9 працэнтнага пункта. «Максімальная даходнасць па новых укладах складзе 10,7% гадавых. Сёння доля дэпазітаў у расійскай валюце ў агульным партфелі зберажэнняў банка дасягае 14%», — паведамляе фінустанова.
З 3 лістапада павялічыў працэнтныя стаўкі па безадклікальных дэпазітах фізічных асоб у расійскіх рублях таксама «Сбер Банк». Стаўкі вар’ююцца ад 7,75 да 11% гадавых.
«Белгазпрамбанк» падключыўся да сістэмы імгненных плацяжоў (СІП), якая сярод іншага дазваляе рабіць пераводы грошай ад платніка атрымальніку кругласутачна без выхадных дзён у рэжыме, максімальна набліжаным да рэжыму рэальнага часу. Плацяжы мусяць праходзіць за лічаныя хвіліны, таму сэрвіс называецца сістэмай імгненных плацяжоў.
З іншых плюсаў — паскарэнне абарачальнасці грашовых сродкаў у эканоміцы, а таксама зніжэнне транзакцыйных выдаткаў у параўнанні з іншымі аплатнымі сістэмамі, тлумачылі раней у Нацбанку. Планавалася, што для фізічных асоб гэты сэрвіс стане даступны з 1 красавіка гэтага года. Аднак Нацбанк прыняў рашэнне перанесці запуск на пачатак 2024-га. Але асобныя банкі могуць падключацца да гэтай сістэмы, чым і скарысталіся некаторыя фінустановы.
Таксама «Белгазпрамбанк» з 20 лістапада ўвядзе змены ў правілы размяшчэння фізічнымі асобамі грошай на тэрміновыя ўклады. «Удакладнены парадак ідэнтыфікацыі ўкладчыка на падставе дакумента, які сведчыць асобу, — тлумачыць фінустанова. — Таксама ўдакладнены парадак вызначэння базавага паказчыка, які ўжываецца падчас разліку зменнай гадавой працэнтнай стаўкі».
«Тэхнабанк» паведаміў, што па картцы «ЗОЖ», якая прадугледжвае вяртанне money-back да 3% ад сумы пакупкі, з’явіліся новыя партнёры.
«Цэптэр Банк» абвясціў, што з 14 лістпада перагледзеў ліміты на зняцце грошай з картак. Аднак файл са зменамі, які быў прымацаваны да навіны на сайце фінустановы, не адкрываецца. Гэты банк таксама перагледзеў з 1 лістапада камісію па некаторых картках.
Аплатная сістэма «Белкарт» і рытэйлер «Суседзі» абвясцілі да канца лістапада акцыю. Так, падчас аплаты тавараў у гэтай сетцы крамаў праз мабільную праграму «Белкарт Pay» можна атрымаць на зніжкавую картку «Купілка» павышаную колькасць бонусных балаў — 10% ад сумы пакупкі. Але ёсць важная ўмова — паказаць «Купілку». Пра гэта паведамляюць «Сбер Банк», а таксама «БТА Банк».