«Парытэтбанк» і правайдар плацяжоў bePaid запусцілі сэрвіс па аплаце ў АРІП карткамі замежных банкаў. Паслуга называецца «АРІП без межаў».
«Гэты сэрвіс у першую чаргу забяспечвае зручнасць у аплаце замежным гасцям, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, а таксама беларусам, якія працуюць за мяжой, — паведамляе „Парытэтбанк“. — У сэрвісе даступныя разлікі за камунальныя плацяжы, інтэрнэт і мабільную сувязь з любога пункту свету з картак VISA, Mastercard, „Мир“. Акрамя таго, з замежных картак магчымая аплата падаткаў, дзяржпошлін, штрафаў і іншых паслуг, за выключэннем фінансавых, а таксама плацяжоў на карысць анлайн-казіно і букмекерскіх кантор».
Для аплаты трэба зайсці на старонку сэрвісу на сайце «Парытэтбанка», выбраць паслугу, запоўніць неабходную інфармацыю і націснуць кнопку «Аплаціць». Камісія складае 5% з кожнай аперацыі.
У банку ўдакладняюць, што сума ў АРІП выстаўляецца ў беларускіх рублях. «Разам з тым аплата можа ажыццяўляцца з картак у любой валюце па курсе банка — эмітэнта карткі. Максімальная сума плацяжу вызначаецца пастаўшчыком паслугі, але не больш за 36 900 беларускіх рублёў за адны суткі», — тлумачыць фінустанова.
Нагадаем, у ліпені гэтага года паведамлялася, што Нацбанк збіраецца даць замежным банкам доступ да сістэмы разлікаў АРІП, каб людзі, што жывуць за мяжой, маглі аплачваць камуналку, штрафы, дзяржпошліны ў Беларусі.
Чытайце таксама