З 4 чэрвеня вывезці набыты ў ЕС аўтамабіль з тэрыторыі Літвы ў Беларусь зможа толькі яго ўладальнік. Пра гэта паведамляе прэс-служба літоўскай мытні.
З аўторка падчас афармлення экспарту, рээкспарту і транзітнай перавозкі аўтамабіляў, не старэйшых за пяць гадоў, літоўскі бок у абавязковым парадку будзе патрабаваць дадатковыя дакументы, якія пацвярджаюць непарушнасць абмежаванняў міжнародных санкцый.
«Акрамя таго, з 4 чэрвеня гэтага года падчас экспарту, рээкспарту ці транзіту легкавога аўтамабіля, набытага фізічнай асобай, у Беларусь вывезці аўтамабіль зможа толькі ўладальнік», — гаворыцца ў паведамленні.
У літоўскім ведамстве адзначылі, што даверанасці, выдадзеныя ўладальнікам аўтамабіля, напрыклад блізкаму сваяку, прымацца пад увагу не будуць.
У мытні Літвы адзначылі, што правілы вывазу ўзмацняюцца ў рамках падпісанага ў Вільнюсе 9 траўня гэтага года Пяцібаковага еўрапейскага мытнага пагаднення пра прымяненне адзіных кантрольных мер па рэалізацыі санкцый.
Нагадаем, з 3 чэрвеня ўрад Літвы таксама ўвёў новы пералік тавараў, якія забароненыя для імпарту з Беларусі і Расіі. Людзі паведамляюць, што ў літоўскіх пунктах пропуску ім прапануюць выкідваць прадукты, напоі, цыгарэты і іншыя тавары (нават тыя, якіх няма ў абмежавальным спісе).