Апошнім часам аўтобусы МАЗ мільгаюць у зводках сумных здарэнняў — у іх раз-пораз адбываецца ўзгаранне. Тым не менш вытворца збіраецца заваёўваць рынкі краін Цэнтральнай Амерыкі і Азіі. Пра гэта ў пятніцу, 25 кастрычніка, на прэс-канферэнцыі расказаў намеснік галоўнага канструктара МАЗа Мікалай Лакотка.
Паводле Мікалая Лакоткі, частку сваёй тэхнікі МАЗ пастаўляе ў Расію, а цяпер прадпрыемства развівае новыя кірункі.
— Казахстан, таксама мы асвойваем рынак Цэнтральнай Амерыкі — Нікарагуа, азіяцкі рэгіён — В’етнам, Лаос, — пералічыў ён краіны, з якімі збіраецца працаваць вытворца.
Акрамя таго, Мікалай Лакотка выказаўся пра ўзгаранні аўтобусаў МАЗ, што нярэдка адбываюцца апошнім часам. Ён адзначыў, што такія інцыдэнты могуць быць, напрыклад, калі парушаюцца правілы эксплуатацыі, тым больш што «тэхніка сур’ёзная і складаная, яна цяжкая і энерганасычаная, і патрабаванні да яе адпаведныя».
— Вядома, магчымыя праблемы і з боку вытворцы. Але ў нас ёсць жорсткі кантроль за вырабам і зборкай, парадку 5−6 ступеняў праверкі, у тым ліку прабегавыя выпрабаванні, дзе вызначаюцца тыя ці іншыя праблемы. Плюс ёсць абавязковыя тэлеметрычныя сістэмы маніторынгу за эксплуатацыяй. Мы ведаем праблемы, якія ёсць, яны на слыху, разбіраемся. Нашыя спецыялісты выязджаюць, глядзяць, даюць рэкамендацыі.
Чытайце таксама