Аляксандр Лукашэнка зноў загаварыў пра тое, што жанчына не можа быць прэзідэнтам Беларусі, перадае яго прэс-служба.
«У Беларусі не дай бог жанчыну абяруць. У прэзідэнта ЗША не тыя паўнамоцтвы, а тут трэба ўнікаць ва ўсё. У Беларусі прэзідэнт — галоўнакамандуючы. І потым, гэта найцяжэйшая праца. Не трэба так грузіць жанчыну, гэта не цырыманіяльная пасада. Можа, з часам мы падыдзем да такога стылю. Але пакуль ён іншы», — заявіў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што такім чынам «зусім не прыніжае» ролю жанчын і наогул — «схіляецца перад імі».
У Беларусі, магчыма, ужо ёсць жанчына-прэзідэнт
Нагадаем, шостыя ў гісторыі Беларусі прэзідэнцкія выбары адбыліся 9 жніўня 2020 года. На думку праваабаронцаў і міжнароднай супольнасці, выбарчы працэс прайшоў са шматлікімі парушэннямі і быў цалкам непразрыстым.
Паводле афіцыйных вынікаў, Лукашэнка набраў 80,1% галасоў, а Святлана Ціханоўская — 10,12%. Між тым эксперты незалежнай платформы «Голас» прааналізавалі звесткі пратаколаў выбарчых участкаў і звесткі, дасланыя карыстальнікамі платформы, і прыйшлі да высновы, што за Ціханоўскую прагаласавала не менш за тры мільёны чалавек, або 56% выбаршчыкаў з улікам рэальнай яўкі.
На ўзроўні Еўрасаюза, як і ў ЗША, Святлану Ціханоўскую называюць «лідаркай беларускай дэмакратычнай апазіцыі».
Відавочныя парушэнні і фальсіфікацыі вынікаў на карысць Аляксандра Лукашэнкі, а таксама дзеянні сілавікоў выклікалі самыя маштабныя ў гісторыі краіны пратэсты, за якімі пачаліся самыя маштабныя за ўвесь перыяд яго кіравання рэпрэсіі, што доўжацца дагэтуль.
Чытайце таксама