Валерый Цапкала стаў дарадцам Албанскай інвестыцыйнай карпарацыі. Пра гэта ён расказаў на сваім YouTube-канале, заўважыў Reform.news. У Беларусі Цапкала ўзначальваў Парк высокіх тэхналогій у 2005−2017 гадах.
«Я цяпер дарадца Албанскай інвестыцыйнай карпарацыі. Албанская інвестыцыйная карпарацыя — гэта структура, якая створаная для кіравання ўсімі дзяржаўнымі актывамі і якая ўвогуле ажыццяўляе інвестыцыйную дзейнасць як з прыцягненнем замежных інвестыцый, так і дзяржава ажыццяўляе інвестыцыйную дзейнасць праз яе», — расказаў Цапкала.
Паводле яго, карпарацыя створаная на ўзор аналагічных структур у Сінгапуры, ААЭ і Казахстане.
У карпарацыі пяцёра дарадцаў, адным з якіх і стаў былы дырэктар ПВТ.
Валерый Цапкала таксама падзяліўся, што апошнім часам удзельнічаў у актыўным абмеркаванні першай інвестыцыйнай угоды, якая прадугледжвае скіраванне сродкаў праз інвестыцыйную карпарацыю. Гаворка ідзе пра ўкладанні ў стартап Thinking Machine Lab, заснаваны ўраджэнкай Албаніі Мірай Мураці ў ЗША, звязаны са штучным інтэлектам.
Нагадаем, Валерый Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналогій. Для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ён сабраў ініцыятыўную групу, ездзіў па краіне. Аднак ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі праз тое, што сабраных подпісаў пасля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах, яго жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штаба Святланы Ціханоўскай.
Валерый Цапкала пакінуў краіну ў ліпені 2020 года, асцерагаючыся пераследу. 9 жніўня з Беларусі з’ехала і Вераніка. Паведамлялася, што сям’я Цапкалаў асела ў Латвіі.
На радзіме Валерыя Цапкалу завочна асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Чытайце таксама