У Беларусі з 22 траўня ўвядуць змяненні для банкаўскіх картак. Гэта прадугледжвае пастанова Нацбанка.
Рэгулятар абавязаў банкі выпускаць фізічныя карткі толькі з чыпам стандарту EMV (ён служыць дадатковай абаронай ад махляроў), а таксама прадугледзець шматфактарную аўтэнтыфікацыю для «пластыку» падчас анлайн-плацяжоў.
Таксама фінустановы павінныя атрымліваць згоду кліентаў на тое, каб дасылаць ім паведамленні пра аперацыі па картках. За такія паведамленні банк можа як спаганяць камісію, так і рабіць гэта бясплатна.
Рэгулятар таксама абавязаў банкі паведамляць кліентам пра абмежаванні пераліку, сумаў і колькасці аперацый па картках. Таксама фінустановы павінныя папярэджваць, калі ўносяць змяненні ў спіс краін і рэгіёнаў, у якіх ўводзяць абмежаванні па выкарыстанні «пластыку». Цяпер такія паведамленні банкі рассылаюць добраахвотна.
З’явіцца яшчэ адно новаўвядзенне — да заключэння дамовы папярэджваць кліента пра крымінальную адказнасць за распаўсюд рэквізітаў картак.
Таксама Нацбанк удакладніў, якія аперацыі з карткамі лічацца неаўтарызаванымі, а таксама схему, па якой банкі блакуюць «пластык».
«Унесеныя змяненні ўлічваюць прапановы грамадзян і банкаў і будуць спрыяць павышэнню бяспекі аперацый з выкарыстаннем банкаўскіх аплатных картак, а таксама паляпшэнню якасці аказання аплатных паслуг у цэлым», — удакладняюць у Нацбанку.
Банкі ўжо адрэагавалі на новаўвядзенні
З 22 траўня «Белгазпрамбанк» удакладніць правілы выпуску дадатковых картак для трэцяй асобы. Як растлумачылі ў кантакт-цэнтры банка, з’явіцца ўмова — уладальнік рахунку мусіць даць банку пісьмовую згоду на эмісію дадатковай карткі на імя трэцяй асобы.
«Банк РРБ» з 22 траўня ўвядзе новыя правілы карыстання аплатнымі карткамі. «Па тарыфах і кошце для кліентаў змяненняў няма, — растлумачылі ў кантакт-цэнтры банка. — Адбылося змяненне пунктаў па бяспецы выкарыстання картак, асаблівасцяў ажыццяўлення валютна-абменных аперацый падчас іх выкарыстання, па парадку анулявання і канфіскацыі, размеркавання адказнасці паміж банкам і кліентам».
«Банк ВТБ» з 22 траўня ўнясе змяненні ў дамовы пра выкарыстанне картак. «Змяненні закрануць выкарыстанне тэхналогіі радыёчастотнай ідэнтыфікацыі падчас абслугоўвання фізічнай карткі банка, а таксама правы банка ўносіць змяненні ў пералік сумаў, колькасць аперацый, якія здзяйсняюцца з выкарыстаннем карткі і ўдакладненні пераліку краін для выкарыстання карткі», — удакладняе фінустанова.
Чытайце таксама