У пятніцу, 22 сакавіка, расіяне ўдарылі па дамбе ДнепраГЭС, ракета трапіла ў пасажырскі тралейбус, у якім ехалі людзі, паведаміў дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка.
«Расійская ракета трапіла ў тралейбус, які ехаў праз дамбу. У тралейбусе былі людзі. Звычайныя цывільныя людзі, якія ехалі на/з працы. Калі цяпер Расія ганарыцца сабой і спрабуе супрацьпаставіць свой тэрарызм ударам па Белгарадзе — вось ён, сапраўдны тэрарызм», — паведаміў Андрушчанка.
Праз расійскую атаку на ДнепраГЭС разгарэўся пажар. Паводле звестак «Укргідраэнерга», пагрозы прарыву дамбы няма, сітуацыя на плаціне станцыі кантраляваная. Удары таксама наносіліся па цеплаэлектрастанцыях у розных рэгіёнах Украіны.
У ноч на пятніцу, 22 сакавіка, Расія масіравана атакавала Украіну «Шахедамі», крылатымі і балістычнымі ракетамі — пад удар трапілі Запарожжа, Хмяльніцкая і Адэская вобласці, Днепрапятроўшчына, Палтаўшчына, Мікалаеўшчына, Вінніцкая, Львоўская і Івана-Франкоўская вобласці.
Як паведамляе МУС Украіны, станам на гэты момант вядома пра двух загінулых і прынамсі восем параненых у Хмяльніцкім.
У Запарожжы шэсць траўмаваных, тры чалавекі лічацца зніклымі без вестак.
Камандаванне Паветраных сіл УСУ паведаміла, што для ўдару праціўнік выкарыстаў 63 ударныя БПЛА тыпу «Shahed-136/131», 12 балістычных ракет «Іскандэр-М» і сем аэрабалістычных ракет Х-47М2 «Кінжал», 40 крылатых ракет Х-101/Х-555, 5 крылатых ракет Х-22, дзве кіравальныя авіяцыйныя ракеты Х-59 і 22 зенітныя кіравальныя ракеты С-300/С-400.
Сілы ўкраінскай СПА знішчылі 92 паветраныя цэлі.
Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка пацвердзіў, што гэта была «самая маштабная атака на ўкраінскую энергетыку за апошні час». Ва Укрэнерга яе назвалі найбуйнейшай з пачатку ўварвання.
Найбуйнейшая ў Еўропе Запарожская АЭС у выніку расійскай атакі аказалася на мяжы блэкаўта, заявілі ў Энергаатаме.
«Сёння, 22 сакавіка 2024, падчас маштабнай ракетнай атакі на Украіну ў 5:10 раніцы адключылася вонкавая паветраная лінія ПЛ-750кВ «Дняпроўская», якая злучае часова акупаваную Запарожскую АЭС з аб’яднанай энергасістэмай Украіны. У цяперашні час найбуйнейшая ў Еўропе атамная электрастанцыя злучаная з украінскай энергасістэмай толькі па лініі электраперадачы ВЛ-330кВ «Запарожская ТЭС — Ферасплаўная», — паведамілі ў ведамстве.
Калі адключыцца апошняя лінія сувязі з айчыннай энергасеткай, ЗАЭС акажацца ў чарговым блэкаўце, падкрэсліў кіраўнік Энергаатама Пётр Коцін.