Дзяржаўная авіякампанія ААЭ Flydubai адмяніла рэйсы з расійскіх Сочы і Мінеральных Вод у Дубай з 28 снежня да 5 студзеня. Як паведамілі ў Асацыяцыі тураператараў РФ, перавозчык спаслаўся на форс-мажор і пагрозу бяспецы палётаў.
«Тураператары ў цяперашні момант імкнуцца мінімізаваць негатыўныя наступствы для турыстаў ад раптоўнай адмены рэйсаў Flydubai», — расказалі ў арганізацыі.
Нагадаем, раней пра прыпыненне рэйсаў у напрамку расійскіх гарадоў паведамілі казахстанская авіякампанія Qazaq Air, ізраільская El Al, азербайджанская Azerbaijan Airlines, чый самалёт разбіўся ў казахстанскім Актау.
Авіякатастрофа адбылася 25 снежня. Самалёт Embraer 190AR «Азербайджанскіх авіяліній» выконваў рэйс Баку — Грозны. Яго перанакіравалі ў Махачкалу нібыта праз туман, а адтуль лайнер вылецеў у казахстанскі горад Актау з прычыны няштатнай сітуацыі. На борце было 67 чалавек, у тым ліку 16 расіян. З іх сямёра загінулі, агульная колькасць ахвяр — 38.
Выжылыя пасажыры расказалі, што на борце было некалькі выбухаў. Хваставая частка лайнера мела мноства адтулін, іх прычына пакуль не высветленая, але эксперты дапускаюць, што гэта можа быць абстрэл расійскай СПА над Чачнёй.