У Мастах скончыў жыццё самагубствам намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Жук. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў арганізацыі былых беларускіх сілавікоў BELPOL.
51-гадовы Міхаіл Жук на пасадзе намесніка старшыні Мастоўскага райвыканкама курыраваў пытанні будаўніцтва, ЖКГ, транспарту і сувязі.
Пра самагубства чыноўніка спачатку паведаміў тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область». Паводле звестак канала, інцыдэнт адбыўся ўвечары 12 ліпеня.
У BELPOL пацвердзілі гэтую інфармацыю. У арганізацыі расказалі, што суіцыд адбыўся ўвечары. Цела Міхаіла Жука з агнястрэльным раненнем галавы было знойдзенае на зарослым хмызняком участку паміж праспектам Міру і вуліцай Станцыйнай у Мастах.
На месцы здарэння знайшлі паляўнічую гладкаствольную стрэльбу ІЖ-43, якая належала загінуламу. Менавіта з яе, паводле інфармацыі BELPOL, быў зроблены стрэл. Пры гэтым ніякіх слядоў і прадметаў, якія сведчаць пра злачынства ў дачыненні да Жука, не выявілі. Асноўная версія — суіцыд, расказалі ў арганізацыі.
У загінулага засталіся жонка і двое дзяцей — 27-гадовы сын і 13-гадовая дачка.
З сайта райвыканкама зніклі імя і прозвішча намесніка старшыні.
Журналістцы «Люстэрка» ў райвыканкаме адмовіліся даць каментар наконт інцыдэнту, «бо няма афіцыйнай інфармацыі».
«Радыё Свабода» паведамляе, што іх крыніцы ў Мастах пацвердзілі самагубства чыноўніка.