У гэтым сезоне ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ, які пачаўся 7 кастрычніка, выходзілі на лёд два беларусы: Ягор Шаранговіч і Аляксей Протас. Усяго ж у наймацнейшай хакейнай лізе свету на гэты момант паспелі засвяціцца 14 гульцоў з нашай краіны. Ніжэй успамінаем кожнага і адзначаем, як склалася кар’ера тых, хто ўжо завяршыў выступленні, і тых, хто яшчэ гуляе.
Гуляюць за акіянам
Такім чынам, у НХЛ у сезоне-2022/23 ужо згулялі два беларусы: Ягор Шаранговіч і Аляксей Протас. Першы — цвёрды гулец асновы «Нью-Джэрсі». У 7 матчах 24-гадовы форвард набраў 4 (2+2) ачкі, а яго каманда атрымала чатыры перамогі пры трох паразах. У першым сезоне ў НХЛ у Шаранговіча было 30 (16+14) ачкоў у 54 матчах, праз год — 46 (24+22) ачкоў у 76 гульнях. Пакуль з беларусам у складзе «Нью-Джэрсі» ні разу не трапіў у плэй-оф, таму цяперашні сезон можа быць ключавым у плане далейшых перспектываў Ягора за акіянам. Да таго ж у яго гэта апошні год двухгадовага кантракта на $ 4 млн.
21-гадовы Аляксей Протас — пакуль больш гулец ратацыі «Вашынгтона». Ён дэбютаваў у НХЛ летась і набраў 9 (3+6) ачкоў у 33 матчах. Але большую частку сезона правёў у АХЛ у форме «Хершы» — 24 (8+16) ачкі ў 42 сустрэчах. Гэты сезон пачаў у НХЛ і паспеў адзначыцца шайбай і галявой перадачай у 8 матчах. У «Вашынгтоне» ёсць траўмаваныя форварды, таму Протас напэўна яшчэ будзе атрымліваць шанцы. Цікава, што адзіную шайбу ён закінуў у браму «Нью-Джэрсі» Шаранговіча — «Вашынгтон» перамог (6:3).
Абаронца Уладзіслаў Калячонак — пакуль апошні з ліку беларусаў, хто дэбютаваў у НХЛ. Гэта таксама здарылася ў мінулым сезоне. Яго «Арызона» была адным з аўтсайдараў лігі. У такіх абставінах звычайна даюць магчымасць праявіць сябе маладым гульцам, якія стукаюцца ў аснову. 21-гадовы выхаванец дынамаўскай школы затрымаўся ў НХЛ на 32 матчы, запісаўшы на свой рахунак 3 (1+2) ачкі, 0 паводле сістэмы «плюс/мінус» і 6 хвілін штрафу. Перад пачаткам цяперашняга чэмпіянату Калячонка адправілі ў фарм-клуб. У АХЛ за «Туксан» згуляў 4 матчы.
Гуляюць у Беларусі і Расіі
З тых, хто яшчэ можа найбліжэйшым часам вярнуцца ў НХЛ, — 23-гадовы форвард Максім Сушко. У лютым 2021 года ён правёў два матчы за «Філадэльфію». Затым была траўма і доўгае аднаўленне. Мінулы сезон Сушко правёў цалкам у АХЛ, набраўшы 17 (10+7) ачкоў у 63 матчах за «Ліхай Вэлі».
У траўні 2022 года ў выніку абмену папоўніў шэрагі маскоўскага «Дынама». У 16 матчах у КХЛ за новую каманду Сушко адзначыўся чатырма закінутымі шайбамі (у паядынку з «Авангардам» быў хет-трык, на які беларусу спатрэбілася крыху больш за 10 хвілін) і такой жа колькасцю галявых перадач.
35-гадовы Сяргей Касціцын гэтым летам стаў гульцом жлобінскага «Металурга» — чэмпіёна Беларусі 2022 года. І не сказаць, што Сяргей пакуль феерыць — 9 (3+6) ачкоў у 13 матчах.
На рахунку хакеіста 393 паядынкі ў НХЛ з улікам Кубка Стэнлі за «Манрэаль» і «Нэшвіл». У іх Брат-2 набраў 191 (71+120) ачко. У апошнія два сезоны ў рэзюмэ Сяргея былі клубы, рангам значна ніжэйшыя: славацкая «Браціслава», румынская «Чыксерэду» і ўкраінскі «Сокал». Форвард, паводле нашай інфармацыі, паспеў скасаваць кантракт з «Сокалам» да пачатку вайны, таму з’ехаў з Кіева без вялікіх праблем. Але не захацеў, як і ўсе астатнія беларускія гульцы і трэнеры, якім Украіна ў мінулым сезоне дала працу, дзяліцца падрабязнасцямі і сваім стаўленнем да вайны.
Андрэй Касціцын яшчэ афіцыйна не завяршыў кар’еру, але, падобна, блізкі да гэтага. Кар’ера братоў складвалася падобным чынам: ніжэйшыя паўночнаамерыканскія лігі — НХЛ — КХЛ — захад. Пасля КХЛ Брат-1 засвяціўся ў чэшскім клубе «Пардубіцэ», а ў мінулым сезоне правёў 15 матчаў у нарвежскім «Манглерудзе». Цяпер Андрэй наогул гуляе сярод аматараў. Так, 22 кастрычніка ён дэбютаваў за каманду Аляксандра Лукашэнкі ў матчы з хакеістамі Віцебскай вобласці. У адрозненне ад Лукашэнкі-старэйшага, Касціцын-старэйшы не сышоў з ільда без галоў.
У рэгулярных чэмпіянатах НХЛ Андрэй правёў 398 гульняў і набраў 222 (103+119) ачкі. Яшчэ 49 паядынкаў былі ў плэй-оф, у якіх форвард здабыў 23 (14+9) выніковыя ачкі. Не лічачы 19 матчаў за «Нэшвіл», Брат-1 выступаў у НХЛ за «Манрэаль».
33-гадовы абаронца Дзмітрый Корабаў другі год запар гуляе за мінскае «Дынама». У 19 матчах цяперашняга сезону ў яго няма рэзультатыўных ачкоў. Паказчык карыснасці — -2. У мінулым сезоне было 5 (3+2) ачкоў у 45 сустрэчах рэгулярнага чэмпіянату, 26 хвілін штрафу і 0 па сістэме «плюс/мінус». А за акіянам Корабаў выступаў 10 гадоў таму. Сезон-2012/13 цалкам правёў у АХЛ, а праз год атрымаў шанец у «Тампе». Дзмітрый выходзіў на лёд у трох матчах і нават паспеў адзначыцца галявой перадачай. Але замацавацца ў НХЛ не ўдалося, і па заканчэнні сезона беларус вярнуўся ў КХЛ, дзе і выступае з тых часоў.
Без клуба
Яшчэ адзін габарытны абаронца — 30-гадовы Раман Грабарэнка — доўга пракладаў дарогу ў наймацнейшую лігу свету. Яшчэ ў 2009 годзе з’ехаў за акіян. Прабіваўся праз Усходнюю юніёрскую лігу, лігу Квебека і АХЛ. Як і Корабаў, не быў задрафтаваны. Толькі ў красавіку 2015 года беларус дэбютаваў у НХЛ у форме «Нью-Джэрсі». Гэта быў матч з «Тампай». Той сустрэчай усё і абмежавалася. Рамана зноў адправілі ў АХЛ, пасля чаго ён вырашыў гуляць у Еўропе. Але і тут не вылучаўся, хоць былі спробы ўразіць трэнераў у КХЛ і чэмпіянаце Чэхіі. Апошні клуб Грабарэнкі — «Арлан» з Казахстана, дзе беларус завяршаў мінулы сезон.
Сталі трэнерамі
У кар’еры Аляксандра Андрыеўскага быў таксама адзін матч у НХЛ — у форме «Чыкага». Гэта здарылася ў канцы снежня 1992 года ў паядынку з «Дэтройтам». Андрыеўскі стаў першым беларусам, які згуляў у НХЛ.
Форвард пачынаў кар’еру ў мінскім «Дынама» і ў гэтым жа клубе скончыў. Чэмпіён СССР і СНД у складзе маскоўскага «Дынама». Доўга выступаў і за мяжой: акрамя лігі IHL выходзіў на лёд у Фінляндыі, Італіі і Германіі. Быў капітанам зборнай Беларусі. Узяў удзел у дзвюх Алімпіядах.
Трэнерскую кар’еру таксама пачаў у мінскім «Дынама». Пасля шматгадовай працы ў Расіі 26 кастрычніка 2022 года 54-гадовы Андрыеўскі зноў вярнуўся ў «Дынама».
Абаронца Алег Мікульчык у сезонах-1993/94 і 1994/95 правёў 29 матчаў за «Вініпег», а ў сезоне-1995/96 былі восем гульняў за «Анахайм». У актыве беларуса за 37 паядынкаў тры рэзультатыўныя перадачы. Сумарна ён набраў у НХЛ 33 хвіліны штрафу пры паказчыку карыснасці +6.
Чэмпіён свету ў складзе моладзевай зборнай СССР. Удзельнік Алімпіяды-2002. Двухразовы чэмпіён СССР у шэрагах маскоўскага «Дынама», чэмпіён Расіі і двухразовы пераможца Еўралігі ў складзе магнітагорскага «Металурга». Дагульваў Мікульчык у чэмпіянаце Беларусі, завяршыўшы кар’еру ў паважаным па хакейных мерках узросце — 42 гады. Адразу перайшоў на трэнерскі масток. У асноўным працаваў асістэнтам. Вайну ва Украіне сустрэў у ролі галоўнага трэнера «Сокала», а апошнім месцам працы 58-гадовага Мікульчыка быў омскі «Авангард», адкуль яго звольнілі 6 кастрычніка гэтага года.
У 2019 годзе Міхаіл Грабоўскі з падачы Дзмітрыя Баскава атрымаў запрашэнне ў мінскае «Дынама». Сумяшчаў пасаду асістэнта Крэйга Вудкрафта з пасадай спартыўнага дырэктара «зуброў». Каманда спачатку заняла апошняе месца ў лізе, а праз год выйшла ў плэй-оф. А ў лістападзе 2021-га Грабоўскі быў прызначаны генеральным менеджарам зборнай Беларусі і пакінуў «Дынама». Цяпер Міхаілу 38 гадоў.
У рэгулярных чэмпіянатах НХЛ ён правёў 534 матчы, у якіх набраў 296 (125+171) ачкоў. У плэй-оф — 10 гульняў і 2 (0+2) ачкі. Выступаў за акіянам за «Манрэаль», «Таронта», «Вашынгтон» і «Айлендэрс». Грабоўскі — самы рэзультатыўны беларус у наймацнейшай хакейнай лізе свету. Яго кар’еру падкасілі страсенні мозгу. Апошні раз выходзіў на лёд у сакавіку 2016 года. Не раз спрабаваў потым вярнуцца, але так і не пачаў зноў гуляць у афіцыйных матчах.
41-гадовы Канстанцін Кальцоў сёння — памочнік галоўнага трэнера ва ўфімскім «Салаваце Юлаеве». Як і Грабоўскі, гуляў за каманду Лукашэнкі. Але ў яго кар’еры былі і больш значныя матчы.
У 1999 годзе форварда абраў «Пітсбург» у першым раўндзе драфта пад 18-м нумарам. Усяго ў НХЛ правёў 144 матчы, у якіх набраў 38 (12+26) ачкоў. Усё ў тым жа «Салаваце Юлаеве» стаў чэмпіёнам Расіі і ўладальнікам Кубка Гагарына. За зборную Беларусі згуляў на дзвюх Алімпіядах.
Завяршыў выступленні ў 2016-м у складзе мінскага «Дынама». Затым кансультаваў будаўнічую кампанію, якая ўзводзіла дзве арэны ў комплексе «Алімпік парк». Трэнерскую кар’еру пачаў у «Дынама» ў ролі асістэнта. Потым былі самастойная праца ў «Брэсце» і «Дынама-Маладзечна». Апошні сезон правёў у ролі памочніка галоўнага трэнера ў маскоўскім «Спартаку».
Кальцоў — бойфрэнд найлепшай беларускай тэнісісткі Арыны Сабаленка, якая маладзейшая за былога хакеіста на 17 гадоў. Дзеля Арыны Канстанцін пакінуў сям’ю з трыма дзецьмі.
Памерлі
Руслану Салею самай драбніцы не хапіла да выбітнай адзнакі ў 1000 матчаў у НХЛ. Беларускі абаронца на драфце ў 1996 годзе быў абраны пад агульным 9-м нумарам «Анахаймам». У гэтым клубе і правёў большую частку заакіянскай кар’еры. У 2003 годзе дабраўся да фіналу Кубка Стэнлі. Таксама гуляў за «Флорыду», «Каларада» і «Дэтройт». Удзельнік трох Алімпіяд у складзе зборнай Беларусі.
У рэгулярных чэмпіянатах НХЛ правёў 916 матчаў, у якіх набраў 204 (45+159) ачкі, 1065 хвілін штрафу і -25 па сістэме «плюс/мінус». У розыгрышы Кубка Стэнлі — 62 гульні, 16 (7+9) ачкоў, 52 хвіліны штрафу, +15 каэфіцыент карыснасці.
Трагічна загінуў ва ўзросце 36 гадоў. Самалёт Як-42, на якім каманда яраслаўскага «Лакаматыва» (Салей перабраўся ў гэты клуб з «Дэтройта») ляцела на дэбютную гульню сезона ў Мінск, не змог набраць вышыню і сутыкнуўся з антэнай радыёмаяка каля аэрапорта Туношна.
Уладзіміру Цыплакову таксама яшчэ б жыць і жыць. У НХЛ выступаў за «Лос-Анджэлес» і «Бафала». У 331 матчы ў рэгулярных чэмпіянатах запісаў на свой рахунак 170 (69+101) ачкоў, у плэй-оф — 3 (1+2) ачкі ў 18 сустрэчах.
Чэмпіён свету сярод моладзевых каманд у зборнай СССР. За Беларусь выступаў на дзвюх Алімпіядах. Што да трэнерскай працы, то ў асноўным быў асістэнтам, у тым ліку ў моладзевай і нацыянальнай зборнай Беларусі і мінскім «Дынама». У сезоне-2017/18 кіраваў салігорскім «Шахцёрам».
Памёр у снежні 2019 года ва ўзросце 50 гадоў. Пра прычыну смерці не паведамлялася. Паводле неафіцыйнай версіі, Цыплакоў скончыў жыццё самагубствам.
Чытайце таксама


