У групе «Защита прав потребителей в Республике Беларусь» у «ВКонтакте» падпісчыца расказала гісторыю пра мульціварку, якую паставілі на газ, каб прыгатаваць ежу.
«Працавала прадстаўніком бытавой тэхнікі. Набылі мульціварку, прыносяць праз пару дзён і гарлапаняць, просяць матэрыяльную шкоду кампенсаваць. Паставілі, значыць, яны гэты электрапрыбор на пліту (прысутнасць электрашнура іх наогул, мабыць, не бянтэжыла і пластыкавы корпус таксама), паклалі прадукты, уключылі газ і пачалі гатаваць. Пачаўся пажар. Тушылі ўсю гэтую справу коўдрай, выклікалі пажарных», — напісала яна.
Са словаў падпісчыцы, людзі не пажылыя, гадоў 45. Пасля таго, што здарылася, яны прыйшлі ў краму і патрабавалі грошы за мульціварку і сапсаваную коўдру.
У каментарах да паведамлення карыстальнікі выказалі здагадку, што інцыдэнт адбыўся ў адной з крамаў «5 элемент».