Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Беларусы плацяць мноства падаткаў — а неўзабаве, магчыма, будуць аддаваць дзяржаве яшчэ больш. Паводле нашых падлікаў, калі вы атрымліваеце сярэдні заробак па краіне, то толькі за першыя дзевяць месяцаў гэтага года папоўнілі бюджэт на суму, блізкую да 8 тысяч рублёў. Акрамя таго, у Беларусі збіраюцца падняць стаўкі транспартнага падатку ў дзесяць разоў на некаторыя камфартабельныя аўто, увесці падатак на багацце, павялічыць зямельны падатак, падатак на першую кватэру і гэтак далей. Такое ўжо бывала: успамінаем, як у розныя гады ўлады знаходзілі незвычайныя спосабы забраць яшчэ больш грошай у беларусаў.

У гэтым тэксце мы раскажам пра незвычайныя падаткі, якія ў розныя гады збірала дзяржава ці «прыватнікі» пад яе кантролем. Мы адшукалі інфармацыю пра зборы, якія выбіваліся з шэрагу іншых сваім аб’ёмам ці сутнасцю.

ВКЛ: падатак за праход пад мостам і зборы на вайну ў мірны час

Аж да канца XVIII стагоддзя нашыя продкі жылі ў беларуска-літоўскай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім. Потым ВКЛ аб’ядналася з Польшчай у федэрацыю — Рэч Паспалітую.

Спярша, у XІV-XV стагоддзях, асноўнай формай збораў, якія выплачвала пераважна сялянскае насельніцтва ВКЛ, была прадуктовая рэнта (ці аброк), з ХVІ стагоддзя пачалі пераважаць паншчына (бясплатная праца сялян на землях памешчыка) і чынш (выплаты ад сялян памешчыку ў грашовай форме). Але акрамя гэтага існавалі дзясяткі іншых разнастайных падаткаў.

Сярод тых, што выклікалі нашае здзіўленне, вылучым наступныя:

  • Байдачнае — від мытнай пошліны, якая бралася падчас заходу рачных суднаў з таварамі ў нейкі населены пункт або падчас праходу пад мостам. Байдаком называлі драўлянае пласкадоннае судна з адной мачтай — адсюль і назва. Права на збор гэтага падатку давалася вялікім князем літоўскім. Калі хтосьці з землеўладальнікаў спаганяў яго самавольна, дзяржава магла канфіскаваць яго маёнтак.
  • Куніца — пад гэтым тэрмінам разумеюць адразу два падаткі. Першы — адзін з відаў чыншу за карыстанне ўзятай у арэнду зямлёй, вадаёмамі, пасекамі, паляўнічымі ўгоддзямі. Але пад гэтай жа назвай існаваў і іншы падатак — яго плацілі дзяўчаты-сялянкі, якія выходзілі замуж за чалавека з іншай воласці. Мог выплачвацца грашыма, збожжам, тканінай і іншымі таварамі.

Існавалі ў ВКЛ і падаткі для форс-мажорных сітуацый. Як пісаў гісторык Юрый Грузіцкі, падчас войнаў, якія вяла дзяржава, абкладанне звычайнымі падаткамі «падымалася да вышэйшых межаў. Піваварства, мёдаварэнне манапалізаваліся казной, знішчаліся прыватныя млыны, накладаўся падатак на памол. Да старых падаткаў на спіртныя напоі дадаваліся новыя. Спецыяльнымі акцызнымі зборамі абкладваліся корчмы».

Слуцкий пояс и Третий статут Великого Княжества Литовского. Фото: wikipedia.org
Слуцкі пояс і Трэці статут Вялікага Княства Літоўскага. Фота: wikipedia.org

У дадатак з 1473 года пачала збірацца серабшчына — надзвычайны ваенны падатак для вядзення баявых дзеянняў. Паводле Грузіцкага, ён перыядычна спаганяўся і ў мірны час. Гэтае пытанне нават падымалі на сейме 1549 года, чым выклікалі незадаволенасць вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста. Відаць, тады яго на пэўны час перасталі збіраць. У цэлым жа ад серабшчыны адмовіліся ў апошняй траціне XVI стагоддзя.

Празмернае павелічэнне падаткаў часта прыводзіла да адваротных вынікаў. Літоўскі гісторык Антанас Ціла цытаваў у сваёй кнізе ліст, дасланы ў другой палове XVI — сярэдзіне XVII стагоддзя жамойцкім старастам (Жамойція — вобласць на тэрыторыі сучаснай Літвы) канцлеру ВКЛ Сапегу — ён сцвярджаў, што «пра новыя падаткі не можа быць і гаворкі, бо бедныя сяляне іх не ў стане заплаціць».

Расійская імперыя: палова даходаў бюджэту — з віна і гарэлкі

У канцы XVIII стагоддзя тэрыторыю Беларусі захапіла Расія. Падданымі гэтай імперыі нашыя продкі заставаліся аж да 1917 года. У ёй ужо існавалі многія знаёмыя нам падаткі: падушны, падатак на нерухомасць, пазямельны падатак і гэтак далей. Але адна з формаў атрымання грошай дзяржавай выглядае вельмі цікавай. Гаворка пра піцейныя падаткі, якія збіраліся праз так званыя вінныя водкупы — папярэднікі сучасных акцызаў.

Пра гэтую сістэму, якая з’явілася ў Расіі яшчэ на мяжы XVI-XVII стагоддзяў (то-бок да захопу беларускіх земляў), у сваім артыкуле падрабязна пісаў даследчык Міхаіл Гаўлін. Паводле яго, «права гандляваць гарэлкай і віном на пэўны тэрмін здавалася дзяржавай, якая мела вінную манаполію, з таргоў. Хто больш даваў на таргах за права гандлю ў пэўнай мясцовасці, той і станавіўся адкупшчыкам. Ён плаціў у казну ў якасці піцейнага падатку або збору вызначаную суму і за гэта меў права адкрываць піцейныя ўстановы, весці гандаль віном з тым разлікам, каб атрымаць даход».

Механізм заробку быў наступны. Прадажная цана алкаголю (3 рублі за вядро ў цэнах 1770-х гадоў) складалася з яго закупачнага кошту (85 капеек за вядро) і дзяржаўнай нацэнкі (2,15 рубля за вядро). Адкупшчык быў абавязаны здаваць у казну апошнюю частку сумы — то-бок больш чым дзве траціны ад цаны. Але шэраг нюансаў (напрыклад, пасля таго, як прадаваўся фіксаваны аб’ём, закупшчык мог прадаваць алкаголь ужо па сваёй цане) даваў яму магчымасць добра зарабляць. Дадамо, што такія людзі атрымлівалі прэстыжны статус у грамадстве: падобна да дваран, насілі шпагі, іх дамы вызваляліся ад пастою салдат. У той жа час дзяржава дзякуючы вінакурам атрымлівала велізарныя грошы фактычна з паветра, карыстаючыся прыхільнасцю людзей да алкагольных напояў.

Карта Российской империи в 1914 году. Фото: 1-е Государственное картографическое заведение бывш. А.Ильина via commons.wikimedia.org
Карта Расійскай імперыі ў 1914 годзе. Фота: 1-е Дзяржаўная картаграфічная ўстанова, былая А. Ільіна via commons.wikimedia.org

У навучальна-метадычных матэрыялах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, знойдзеных намі ў сеціве, расказваецца пра імёны канкрэтных людзей, якія атрымлівалі піцейныя водкупы на тэрыторыі Беларусі. Гэта былі мінскі купец Марголін і навагрудскі купец Чорны ў Мінску (1843−1848), мясцовы купец Енкель у Слуцку (1835−1839), гродзенскія купцы Коўфман і Кустаў у Беластоку (1843−1847), мясцовы купец Карэнблюм у Брэсце (1826−1833). Іх бізнес быў настолькі выгадным, што яны разам з фіксаваным падаткам плацілі ўладам дадатковыя сумы — фактычна хабар, каб захаваць права на водкупы за сабой.

Каб атрымаць звышпрыбыткі, адкупшчыкі нярэдка разводзілі віно, дадаючы туды фарбавальнікі. Гэта выявілі ў 1851−1855 гадах у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях.

Паводле падлікаў Гаўліна, пачынаючы з 1840-х гадоў піцейныя зборы выйшлі на першае месца ў агульным аб’ёме падатковых паступленняў у дзяржаўны бюджэт Расіі. Да моманту ліквідацыі адкупной сістэмы яны забяспечвалі да 46% усіх паступленняў у бюджэт. Дастаткова сказаць, што ў Англіі аналагічныя даходы дзяржавы не перавышалі 24%, У Францыі — 9%, у Прусіі — 6%.

На частцы тэрыторыі Літвы, Украіны і Беларусі (канкрэтна ў Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай губернях) ад вінных водкупаў адмовіліся ў 1859-м. У цэлым жа па імперыі — у 1863-м. Пасля гэтага была ўведзеная знаёмая нам акцызная сістэма, якая ў той момант прадугледжвала абкладанне спіртных напояў ускоснымі падаткамі непасрэдна на заводах.

СССР: «падатак на яйцы»

Пасля рэвалюцыі 1917 года ўладу ў Расіі захапілі камуністы, якія падпарадкавалі сабе Беларусь і ўключылі нашую краіну ў склад СССР. Натуральна, у гэтай дзяржаве з часам з’явіліся свае надзвычайныя падаткі. Адной з прычын іх увядзення стала Другая сусветная вайна.

У лістападзе 1941-га, калі Чырвоная армія цярпела паразу ад нямецкага вермахта і на патрэбы ваеннай прамысловасці патрабаваліся мільёны рублёў, з’явіўся падатак, які распаўсюджваўся на ўсіх мужчын ад 20 да 50 гадоў і ўсіх жанчын ад 20 да 45 гадоў, якія не мелі дзяцей. Ад яго выплаты вызваляліся вайскоўцы і іх жонкі, навучэнцы і студэнты (мужчыны ва ўзросце да 25, жанчыны — да 23 гадоў), а таксама тыя, хто не мог мець дзяцей па медыцынскіх паказаннях.

Документ, связанный с выплатой "Налога на холостяков". Фото: ural56.ru
Дапаможнік па збіранні падатку на халасцякоў, 1947 год. Фота: ural56.ru

У 1944-м катэгорыі людзей, якія маглі не плаціць збор, пачалі вызначаць па-іншаму. Цяпер падатак давялося плаціць і людзям, якія мелі дзяцей. Ад яго, як і раней, вызваляліся вайскоўцы і іх жонкі, а таксама навучэнцы школ і ВНУ (цяпер адзіны ўзрост адтэрміноўкі складаў 25 гадоў). Але з пераліку, што асабліва цынічна, зніклі асобы, якія не маглі мець дзяцей па медыцынскіх паказаннях. Затое дадаліся тры новыя катэгорыі ільготнікаў:

  • жанчыны, якія атрымлівалі дапамогу ці пенсію ад дзяржавы на ўтрыманне дзяцей (то-бок тыя, што засталіся ўдовамі);
  • грамадзяне, у якіх дзеці загінулі ці без вестак зніклі на франтах падчас вайны;
  • інваліды I і II групы.

Другая сусветная вайна завяршылася перамогай саюзнікаў у 1945-м. Як пісаў гісторык Алег Хляўнюк, «выдаткі на ваенныя патрэбы трохі скараціліся, але адначасова зменшыліся паступленні з „мабілізацыйных“ крыніц — адлічэнні ў фонд абароны, ад пазык і латарэй (апошнія ўлады практыкавалі добраахвотна-прымусова для папаўнення бюджэту. — Заўв. рэд.)». Таму падатак для бяздзетных не адмянілі.

Ішлі гады, эканоміка СССР паступова аднаўлялася. А пра адмену дзіўнага падатку гаварыць ніхто не спяшаўся. Толькі ў снежні 1957-га ў дакумент унеслі змены. Тады збор перасталі плаціць людзі, якія мелі дзяцей, а таксама адзінокія бяздзетныя жанчыны. Менавіта тады ўзнікла дыскрымінацыя: мужчыны-халасцякі былі ўсё яшчэ вымушаныя плаціць за адсутнасць дзяцей, а вось незамужнія жанчыны — ужо не. Менавіта таму падатак у народзе іранічна назвалі «падаткам на яйцы».

Документ, связанный с выплатой "Налога на холостяков". Фото: ural56.ru
Плацежнае паведамленне пра выплату падатку на халасцякоў, 1949 год. Фота: ural56.ru

У цэлым у пасляваенны час сумы вылічваліся так. Грамадзяне, якія зараблялі больш за 91 рубель у месяц, плацілі 6% ад даходу. Тыя, хто зарабляў 70−90 рублёў, плацілі меншую суму. Калі чалавек зарабляў да 70 рублёў, падатак не спаганяўся. У спіс ільготнікаў уваходзілі Героі Савецкага Саюза і поўныя кавалеры Ордэна Славы. Таксама ў іх лік вярнулі тых, хто не мог мець дзіця па стане здароўя. Для разумення лічбаў адзначым, што сярэдні заробак у 1961 годзе складаў 80 рублёў.

Калі ў сям'і нараджалася дзіця ці бацькі бралі яго на выхаванне з прытулку, яны пераставалі плаціць. Але — яшчэ адзін прыклад цынізму — калі адзінае дзіця ў сям'і памірала, падатак пачыналі спаганяць зноў.

У розныя гады ў спіс выключэнняў таксама дадавалі манахаў, якія далі зарок бясшлюбнасці, псіхічна хворых людзей, а ў канцы 1980-х — і маладых цягам аднаго года пасля вяселля.

Што да тэхнічнага боку пытання, то сума збору спаганялася разам з падаходным падаткам з заробку. Рамеснікі і грамадзяне, якія займаліся прыватнай практыкай, плацілі яго цягам года чатырма порцыямі ў роўных долях.

Адмена падатку стала рэальнай толькі падчас перабудовы. У красавіку 1990 года дэпутаты прынялі складаны шматступенны закон, які прадугледжваў паступовую адмену падатку на халасцякоў да 1 студзеня 1993 года. Але жыццё ўнесла свае карэктывы. Пасля распаду СССР закон сам па сабе адышоў у нябыт.

"Налог на холостяков". Фото: ural56.ru
Указ пра змяненне падатку на халасцякоў. Фота: ural56.ru

Нават у гады вайны прызнавалі, што падатак на бяздзетнасць забяспечыў усяго 0,7% даходаў бюджэту. Але тады стаяла пытанне выжывальнасці сталінскага рэжыму, таму ўсе сродкі былі добрыя. Пасля вайны, калі колькасць паступленняў у бюджэт павялічылася, ён ператварыўся проста ў легальны дадатковы спосаб адбірання грошай у насельніцтва (асабліва калі ўлічваць, што нейкі час падатак плацілі нават людзі, якія мелі двух дзяцей).

СССР: выплаты з кожнага вулля і пладовага дрэва

«Падатак на яйцы» аказаўся не адзіным, уведзеным у сталінскі час. Яўген Сіўкоў, аўтар кнігі «Сучаснае падаткаабкладанне за мяжой і сусветная гісторыя падаткаў», расказваў і пра іншыя ініцыятывы крамлёўскага дыктатара. Напрыклад, яшчэ да вайны ў СССР з’явіўся падатак з будынкаў, які збіралі раз на год. Ён «складаў 1% ад першапачатковага кошту [будынка], то-бок спаганяўся без уліку амартызацыі. Для разумення маштабу гэтага падатку: пры такой сістэме ўладальнік кепскай панэльнай аднапакаёвай кватэры ў сучаснай Маскве быў бы вымушаны плаціць такі падатак у памеры каля 2 тысяч даляраў!» — адзначаў Сіўкоў у 2016-м.

Але самым жорсткім аказаўся сельскагаспадарчы падатак, закон пра ўвядзенне якога быў прыняты 1 верасня 1939 года, у дзень пачатку Другой сусветнай вайны. На калгаснікаў цяпер распаўсюджваліся прынцыпы падаткаабкладання, што да гэтага ўжываліся ў дачыненні да аднаасобнікаў (людзей, якія адмовіліся ўступіць у калгас). Сума падатку з асабістых гаспадарак чальцоў калгаса цяпер залежала ад узроўню іх гадавога даходу і вылічвалася па прагрэсіўнай шкале.

Иосиф Сталин. Фото: German Federal Archive
Іосіф Сталін. Фота: German Federal Archive

Да выключэнняў адносілася некалькі груп людзей:

  • сем'і, у якіх адсутнічалі аб’екты абкладання (то-бок у літаральным сэнсе ні хаты ні лапаты);
  • гаспадаркі сялян, непрацаздольных праз сталы ўзрост (для мужчын — 60 гадоў і больш, для жанчын — 55 гадоў і больш), у складзе якіх адсутнічалі іншыя працаздольныя, «што ўдзельнічаюць асабістай працай у гаспадарцы»;
  • сем'і, сын або галава якіх служылі па прызыве, а ў сям'і не заставалася іншых працаздольных членаў, акрамя яго жонкі з дзецьмі ва ўзросце да 8 гадоў (калі дзеці былі старэйшыя, льгота не прымянялася);
  • настаўнікі, дактары, фельчары, акушэркі, спецыялісты сельскай гаспадаркі, а таксама кіраўнікі раённых партыйных, савецкіх і гаспадарчых органаў, колькасць жывёлы ў якіх не перавышала нормаў, акрэсленых дакументамі таго часу;
  • сялянскія двары, у якіх жылі інваліды вайны і працы 1 або 2 групы інваліднасці, пры ўмове адсутнасці ў іх іншых працаздольных сямейнікаў.

Як адзначаў гісторык Алег Марыскін, сельскагаспадарчы падатак пачаў расці ўжо ў ліпені 1941 года, неўзабаве пасля нападу немцаў на СССР. Але бесперапынна павялічваўся і пасля заканчэння Другой сусветнай. Дастаткова сказаць, што з 1939 да 1952 года памер сельскагаспадарчага падатку павялічыўся прыкладна ў пяць разоў (а ў 1952-м — яшчэ на 15,6%). Ім абкладалася абсалютна ўсё: ад быдла да дрэва.

Існаваў яшчэ адзін нюанс, пра які пісаў Марыскін. У 1947 годзе ў СССР правялі грашовую рэформу ў выглядзе дэнамінацыі, якая па сутнасці была канфіскацыяй грошай у насельніцтва. Старыя рублі абменьвалі на новыя ў суадносінах 10:1. Пры гэтым цэны амаль не зніжаліся (адпаведна, усе тавары ўмомант даражэлі ў разы). Уклады, якія захоўваліся ў ашчадных касах, пераацэньваліся па намінале толькі калі іх памер не перавышаў 3000 рублёў. Калі ж грошай было больш, то чым большай была сума ўкладу ў старых грашах, тым менш каштаваў кожны новы рубель у дачыненні да новага.

У выніку ўлады маглі сабе дазволіць у некалькі разоў знізіць дзяржаўныя рознічныя цэны на харчовыя і прамысловыя тавары, якія былі завоблачнымі. У выніку зніжаліся і цэны на калгасных рынках. Такім чынам, даходы калгаснікаў ад продажу прадуктаў уласнай гаспадаркі на калгасным рынку скарачаліся, а вось нормы даходнасці, на падставе якіх вылічваўся сельскагаспадарчы падатак, засталіся ранейшымі. Гэта дабівала і без таго бедных сялян.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Натуральна, ніякай зацікаўленасці ў вядзенні асабістай гаспадаркі ў жыхароў вёсак не заставалася. Як пісаў Марыскін, «з'яўленне кожнай новай авечкі ці свінні, кожнага новага вулля пчол або пладовага дрэва цягнула за сабой павелічэнне (прагрэсіўнае) падатку. Таму некаторыя гаспадаркі, каб зменшыць памер падатку, прадавалі ці забівалі на мяса кароў, скарачалі пагалоўе авечак і свінняў, якія былі ў іх асабістай уласнасці. <…> У шэрагу месцаў калгаснікі высякалі пладовыя дрэвы і сады, якія не прыносілі пастаяннага даходу, каб зменшыць памер сельгаспадатку».

Як толькі Сталін памёр (гэта адбылося ў сакавіку 1953-га), ад ранейшай практыкі аператыўна адмовіліся. У жніўні таго ж года з’явіўся прынцыпова новы закон пра сельскагаспадарчы падатак, у адпаведнасці з якім апошні пачаў вылічвацца па цвёрдай стаўцы з плошчы прысядзібнай зямлі, якая знаходзіцца ў асабістай уласнасці, незалежна ад памеру агульнай сумы даходаў вясковых сем’яў, што атрымліваюцца імі ад асабістай гаспадаркі. Пры гэтым стаўка была першапачаткова невысокай і ў далейшым не змянялася.

Чытайце таксама