Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. На рынку нерухомасці ў Мінску чакаюцца перамены — экспертка расказала, што можа змяніцца і што на ім адбываецца цяпер
  2. «Аперацыі могуць быць прыпыненыя». Адзін з банкаў папярэдзіў кліентаў, што лепш паведамляць пра паездкі за мяжу
  3. У траўні будзе тры выходныя дні запар. Што пра гэта важна ведаць работнікам і наймальнікам
  4. Россия требует полной капитуляции Украины и отклоняет мирные инициативы — ISW
  5. В Офисе президента Украины пояснили, что имел ввиду Зеленский, когда сказал, что Россия «что-то готовит в Беларуси этим летом»
  6. Пока другие отрасли в убытках, нашелся новый драйвер экономики: у всех его топ-предприятий — рекордная прибыль
  7. Помнік пратэсту ў цэнтры Мінска. Успамінаем, як увесь горад выйшаў на вуліцы патрабаваць вызвалення палітвязняў — і трапіў пад агонь
  8. Наталья Эйсмонт прокомментировала освобождение Юрия Зенковича — фигуранта дела «о попытке госпереворота»
  9. Тихановская и Лукашенко сделали заявления ко Дню труда. Они звучат словно из разных вселенных
  10. Кочанова пояснила, что будет с пенсиями и зарплатами. Есть над чем задуматься, если учесть ожидаемый дефицит казны и прогнозы экономистов
  11. Для кіроўцаў з'явілася змяненне, пра якое лепш ведаць на выпадак ДТЗ
  12. Один из иностранных банков ввел новые ограничения для беларусов. Они оказались масштабнее, чем сообщалось ранее
  13. BYSOL: У силовиков новая тактика для людей с «протестным бэкграундом», которые возвращаются в Беларусь
  14. КГК и прокуратура пожаловались Лукашенко на растраты в важной для него сфере. «Зеркало» получило закрытые документы — что в них
  15. Ёсць праблема з пенсіямі, пра якую кажуць нават афіцыйныя прафсаюзы. Паглядзелі, якая з ёй сітуацыя
  16. МЗС Літвы адказала на прапанову Беларусі аднавіць рух пасажырскіх цягнікоў паміж краінамі
Читать по-русски


Ліка Юр’ева, ініцыятыва Maldzis

«А хлопцы спяшаліся ў Прагу, не былі гэта Францішкі Скарыны, але верылася, што след іх жыцця і навукі не міне бясследна для дарагой нашай і пакутнай Айчыны», — пісала паэтка Ларыса Геніюш у сваёй «Споведзі». Прага — горад, які часта станавіўся часовым прытулкам для беларускіх дзеячаў. Сярод іх нямала было і літаратараў — пра гэта гаворка ў артыкуле пра звязаныя з нашымі пісьменнікамі месцы чэшскай сталіцы, прэзентаваным ініцыятывай Maldzis.

Фото: pixabay.com
Карлаў мост у Празе, Чэхія. Фота: pixabay.com

Maldzis — новы беларускі праект у галіне культурнай дыпламатыі, які бачыць сваю місію ў папулярызацыі культурнай спадчыны, аб’яднанні вакол яе беларусаў і ўмацаванні вобразу Беларусі як еўрапейскай краіны.

Пражская аўтабіяграфія

У беларускага празаіка Віктара Вальтара быў цяжкі лёс. Ён заўчасна памёр у 29 гадоў ад сухотаў, паўтарыўшы лёс Максіма Багдановіча, але не яго зорную папулярнасць. Ён быў уцекачом, шмат пераязджаў, але больш за ўсё пражыў у міжваеннай Латвіі, дзе настаўнічаў і нават быў дырэктарам беларускай школы ў Рызе.

Ён таксама стаў стыпендыятам чэшскага ўрада і ў 1922 годзе трапіў у Прагу — вучыўся на каморніцкім факультэце Чэшскага вышэйшага тэхнікума (цяпер Чэшскі тэхнічны ўніверсітэт). Пасля трох гадоў навучання захварэў на сухоты. Не даўшы рады хваробе, вярнуўся на радзіму. Прага ў яго памяці засталася назаўсёды: у зборнік выбраных твораў Вальтара, які выйшаў у 2009 годзе, увайшлі нават архіўныя малюнкі і фотаздымкі адтуль.

На жаль, яго імя стала вядомае праз дзесяцігоддзі пасля смерці: у 1992 годзе быў апублікаваны раман «Роджаныя пад Сатурнам». У ім Вальтар акурат і апісвае беларускую Прагу пачатку 1920-х гадоў, беларускіх студэнтаў, эмігрантаў і дзеячаў БНР, якія жылі там. Галоўны герой — студэнт філасофскага факультэта Пражскага ўніверсітэта, таму твор можна лічыць аўтабіяграфічным.

Старамесцкая плошча ў Праўе ў 1920-я. Фота: loc.gov
Старамесцкая плошча ў Празе ў 1920-я. Фота: loc.gov

У Празе тады перабываў урад БНР. Там жылі і вучыліся маладыя літаратары, навукоўцы і палітыкі. Мовазнаўца Янка Станкевіч і палітык Тамаш Грыб сталі персанажамі «Роджаных пад Сатурнам». Апісвае Вальтар і характары колішняга старшыні Рады БНР Пётры Крэчэўскага, а таксама Міколы Вяршыніна, дыпламатычнага прадстаўніка БНР у Празе.

«Справа ў тым, што ў Прагу наехала шмат новых нашых эмігрантаў — зялёнай моладзі, і нашыя старэйшыя грамадзяне — былыя міністры ўрада БНР — узяліся іх улаштоўваць на ўкраінскую і часткова чэшскую стыпендыю», — пісаў аўтар.

У гэтым жа творы Вальтар пісаў, што беларускіх гасцей часта прымалі ў залах гатэля «Барандаў» недалёка ад рынку.

«Без мовы няма нацыі»

Пётра Крэчэўскі — палітычны дзеяч, гісторык, паэт і драматург, чые жыццё і смерць аказаліся звязаныя з Прагай. Трэці старшыня Рады БНР, які прысутнічаў падчас абвяшчэння рэспублікі, ён заставаўся на гэтай пасадзе да канца жыцця.

Крэчэўскі пакінуў вялікую спадчыну. Яшчэ да пераезду ў (на той час) Чэхаславакію ён дабіваўся ад урада краіны стыпендыяў для беларускіх студэнтаў і стварыў Беларускі архіў у Празе, арганізаваў прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў дыпламатычную дзейнасць і інфармаваў заходнееўрапейскія краіны пра становішча ў БССР і Заходняй Беларусі.

Народный секретариат БНР в 1918 году. Фото: commons.wikimedia.org
Народны сакратарыят БНР у 1918 годзе. Пётра Крэчэўскі (тады народны сакратар фінансаў) стаіць другі злева. Фота: commons.wikimedia.org

У 1923 годзе ён пераехаў у Прагу. Тут у 1926-м выдаў навукова-палітычны альманах «Замежная Беларусь». Доўгі час ён пражыў у доме № 1 на вуліцы Брусэльскай.

Якая сувязь дзеяча БНР з літаратурай? Рэч у тым, што Крэчэўскі напісаў вершаваную паэму «Рагнеда», перакладаў вершы на беларускую мову з чэшскай і ўкраінскай. Таксама ён пісаў нарысы пра мінулае і сучаснасць Беларусі, гісторыю беларускай кнігі, БНР і Скарыну. У адным са сваіх эсэ, якое мела назву «Скарына і незалежнасць», прэзідэнт БНР напісаў словы, актуальнасць якіх непадуладная часу: «Без мовы няма нацыі, без культуры — няма народу і не можа быць Незалежнасці, сваёй уласнай дзяржавы».

У Празе Крэчэўскі пражыў толькі пяць гадоў. Ён памёр 8 сакавіка 1928 года ад сухотаў. Яму было 48. Пахаваны на Ольшанскіх могілках у Празе. Дарэчы, тамсама пахаваны Васіль Захарка, які ўзначаліў Раду БНР пасля Крэчэўскага.

Магіла Пётры Крэчэўскага на Ольшанскіх могілках у Празе. Фота: Vacłaŭ Łastoŭski, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Магіла Пётры Крэчэўскага на Ольшанскіх могілках у Празе. Фота: Vacłaŭ Łastoŭski, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Слядамі паэткі

За прыязні даўняй азнакі,

за кажнага Крывіі сына —

прымі сяння, Прага,

падзяку ад унучкі Францішка Скарыны!

Гэтыя радкі напісала беларуская паэтка Ларыса Геніюш, якая пражыла ў Празе амаль 11 гадоў. Яна прыехала ў горад да Янкі Геніюша — свайго мужа, які вучыўся ў Карлавым універсітэце на доктара.

У Празе пісьменніца напісала дзве кнігі вершаў — «Ад родных ніў» і «Рукапісны зборнік».

У сакавіку 1943-га Ларыса Геніюш стала генеральнай сакратаркай Рады БНР. Яна ўпарадкоўвала архівы, клапацілася пра беларусаў-эмігрантаў, у тым ліку палітычных, працавала ў Камітэце ўзаемадапамогі беларусаў. Менавіта ў Празе Ларыса Геніюш даглядала хворага Васіля Захарку — перад смерцю ён перадаў ёй палітычны тэстамент, архіў БНР і пячатку з «Пагоняй», дзякуючы якім рэспубліка працягнула сваё існаванне.

Лариса Гениюш. Прага, 1937 год. Фото: rv-blr.com, commons.wikimedia.org
Ларыса Геніюш, Прага, 1937 год. Фото: rv-blr.com, commons.wikimedia.org

Галоўны адрас Геніюшаў у Празе — Heřmanova, 7. Ён знаходзіцца ў Галяшовіцах — цяпер гэта адзін з цэнтральных раёнаў горада, аддзеленых ад гістарычнага цэнтра ракой Влтавай. Падзеі, што тут адбываліся, падрабязна апісваюцца ў кнізе ўспамінаў «Споведзь». Менавіта там літаратарка напісала: «У поўную сілу беларускай, роўнай усім і не ўніжанай, я адчула сябе толькі ў Чэхах».

Скульптар Генік Лойка працаваў над мемарыяльнай шыльдай з гэтай цытатай, якую меркавалася ўсталяваць на былым доме Геніюшаў. Праўда, яна так і не з’явілася там.

Яшчэ адзін пражскі адрас сям'і — дом № 70 на вуліцы 5. Května (названы ў «Споведзі» Кашпаракам).

«Жылі мы ў вялікім доме, т. зв. Кашпараку, — пісала Геніюш. — Жыла там, за малымі выняткамі, пераважна бяднота, эмігранты й прастытуткі. Побач з намі жыў чэшскі настаўнік з сям’ёй, і мы з імі пасябравалі. Яшчэ прыязджалі да нас Вострыя, гэта быў малады інжынер са сваёю жонкай-настаўніцай. З гэтым харошым і надзвычайна інтэлігентным мужавым сябрам са студэнцкіх часоў мы пасябравалі на ўсё жыццё. Я навучылася варыць чэшскія стравы, пячы булкі па-іхняму. Прагаю я захаплялася болей, як людзьмі ў ёй, якія, тады здавалася мне, былі куды ніжэй яе велічнасці. Некранутая войнамі Прага захапляла, прамаўляла гісторыяй старых будынкаў, вузенькіх вулачак сярэднявечча. Прагу я палюбіла, але кахала толькі маю Беларусь».

Яшчэ адно месца, звязанае з Ларысай Геніюш у Празе, — Свята-Мікалаеўскі сабор. Паэтка была праваслаўнай верніцай, таму прыходзіла сюды на споведзь да архімандрыта Ісакія (Вінаградава). Пазней яго арыштуюць і этапуюць у ГУЛАГ. Рэч у тым, што ў 1945 годзе ў Прагу прыйшла савецкая армія, пачаліся масавыя арышты выбітных эмігрантаў. Геніюшаў спачатку не чапалі. Яны нават атрымалі чэхаславацкае грамадзянства, аднак у 1948 годзе іх усё ж арыштавалі і перавезлі ў Мінск. Пасля сямі гадоў у лагерах Геніюшы пасяліліся ў Зэльве, але знаходзіліся пад пастаянным наглядам КДБ.

Адам Мальдис Лариса Гениюш. Фото: Фото: Михаил Скобла / Facebook
Даследчык Адам Мальдзіс і Ларыса Геніюш, Зэльва, 1968 год. Фота: Міхась Скобла / Facebook

Апошнія крокі

Сусветна вядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў апошнія гады свайго жыцця прабыў у эміграцыі. Ён выехаў за мяжу ў сярэдзіне 1990-х, калі ў Беларусі на яго пачаліся нападкі за яго грамадзянскую пазіцыю. Празаік жыў у Фінляндыі і Германіі, але апошнім горадам эміграцыі для яго стала Прага, куды ён пераехаў у 2002 годзе. Пісьменнік быў папулярны ў Чэхіі: яго чыталі і перакладалі на чэшскую. За год да гэтага Быкаў сустрэўся з Вацлавам Гавелам — тагачасным чэшскім прэзідэнтам. Гэта была гістарычная сустрэча.

Калі ў чэрвені 2002-га Быкаў прыехаў у Прагу, то напісаў заяву на імя міністра замежных справаў Чэхіі, у якой папрасіў урад надаць яму права пражывання. Ён пісаў, што ў Беларусі склалася непрыемная для яго сітуацыя — найперш палітычная, «якая не дае магчымасці для маёй прафесійнай літаратурнай дзейнасці і нармальнага існавання».

Фото: radabnr.org
Васіль Быкаў на мітынгу ў 1990-я. Фото: radabnr.org

Дзякуючы падтрымцы Гавела Чэхія стала адзінай краінай, якая выдала нашаму пісьменніку не кароткачасовы дазвол на знаходжанне, а права на сталае жыхарства і паўнавартасную медычную страхоўку.

Нечакана ўзнікла іншая праблема: кватэру, дзе першапачаткова планавалі пасяліць Быкавых, затапіла вялізная паводка, і яна стала непрыдатнай для жыцця.

У выніку Быкаў пасяліўся ў доме на вуліцы Jankovcova. Тут была кватэра грамадскай дзяячкі Ганны Сурмач, якая з’ехала на некалькі месяцаў да сына ў Амерыку. Тут празаік з жонкай жыў сем тыдняў, пакуль сябры шукалі належныя варыянты. У гэты ж час пісьменніку стала дрэнна, і ў адной з найлепшых пражскіх бальніц Матол высветлілася, што яму патрэбная аперацыя — пазней менавіта тут яе і правядуць.

Перад аперацыяй Быкаў з жонкай перасяліліся ў аднапакаёвую кватэру на вуліцы U Vršovického nádraží, дзе пражылі 13 тыдняў. Спецыяльна сюды яны набылі мэблю, у тым ліку кніжную палічку і пісьмовы стол. Кватэра стала апошнім месцам жыхарства Быкавых у Празе і ўвогуле на чужыне. Побач з ёю месцяцца Гаўлічкавы сады, дзе любіў гуляць Быкаў у апошні месяц жыцця ў чэшскай сталіцы.

Фантан у Гаўлічкавых садах у Празе. Фота: MONUDET, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Фантан у Гаўлічкавых садах у Празе. Фота: MONUDET, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

12 сакавіка 2003 ён даў згоду на аперацыю, бо ў яго выявілі рак.

Апошні публічны выступ пісьменніка адбыўся ў Люстранай зале Клеменцінума (у гэтым гістарычным комплексе знаходзіцца Нацыянальная бібліятэка Чэхіі) на святкаванні гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР. У траўні 2003-га года, усяго за месяц да смерці, пісьменнік вярнуўся ў Беларусь.