Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


На мінулым тыдні, 11 лістапада, намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка апублікаваў паведамленне з кадрамі будаўніцтва жалезабетоннай сцяны на ўкраінска-беларускай мяжы ў Валынскай вобласці. Паводле словаў чыноўніка, працы па такім абсталяванні мяжы вядуцца таксама ў Ровенскай і Жытомірскай абласцях. Украіна стала чацвёртай з пяці дзяржаваў, якія мяжуюць з Беларуссю і будуюць на мяжы з ёю паўнавартасныя платы і сцены. Разбіраемся, чаму суседзі адгароджваюцца ад нашай краіны, дзе яшчэ ў свеце адбывалася і адбываецца нешта падобнае і да якіх наступстваў будаўніцтва сценаў на межах можа прывесці.

Хто і што будуе на межах з Беларуссю

Працягласць дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, паводле беларускіх ацэнак, складае 3617 км. З іх 1283 км прыпадае на самую доўгую мяжу з Расіяй. Цяпер гэта адзіная з межаў Беларусі, на якой не пабудаваныя ці не будуюцца сцены альбо суцэльныя платы.

Мяжа Беларусі з Літвой мае працягласць 679 кіламетраў, з іх 299 км праходзіць па натуральных водных перашкодах — рэках і азёрах. Вільня завяршыла будаўніцтва загароды на мяжы з Беларуссю ў канцы жніўня гэтага года. Сеткаваты плот з калючым дротам усталяваны на 502 кіламетрах мяжы, на якіх няма буйных водных перашкодаў. Будаўніцтва загароды пачалося ў ліпені 2021 года ў адказ на, як лічыць ЕС, арганізаваны беларускімі ўладамі міграцыйны крызіс. На будаўніцтва літоўскага плота вылучалі 152 млн еўра.

Працягласць беларуска-польскай мяжы складае 398 км паводле беларускіх дадзеных і 418 км — паводле польскіх. Значная яе частка таксама праходзіць па рэках, у тым ліку 154 км — па досыць шырокім Заходнім Бугу. Паўтара месяца таму, 1 кастрычніка, Польшча заявіла пра завяршэнне будаўніцтва загароды на мяжы з Беларуссю. Сцяна са сталі, бетону і калючага дроту вышынёй 5,5 метра была пабудаваная на участках даўжынёй каля 186 км — таксама ў адказ на міграцыйны крызіс. Станіслаў Жарын, каардынатар польскіх спецслужбаў, назваў польскую мяжу ў цяперашнім выглядзе «самай абароненай мяжой у Еўропе». Кошт сцяны, на будаўніцтва якой пайшло 49 тысяч тон сталі, ацэньваецца ў 353 млн еўра. Нягледзячы на пратэсты эколагаў, Польшча пабудавала сваю загароду ў тым ліку і ў межах Белавежскай пушчы — часткі ляснога масіву, аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Зрэшты, у загародзе былі зробленыя праходы для міграцыі дробных і буйных жывёл.

Фото: Reuters
Будаўніцтва загароды на мяжы паміж Польшчай і Беларуссю ў вёсцы Толча недалёка ад памежнага пераходу ў Кузніцы (з беларускага боку — Брузгі), 16 лютага 2022 года. Фота: Reuters

Са жніўня 2022 года плот на мяжы з Беларуссю будуе Латвія. Краіны мяжуюць адна з адной цягам 173 км, каля 17 км дзяржаўнай мяжы праходзіць па буйной рацэ Заходняя Дзвіна (Даўгава). Паводле стану на ліпень 2022 года 60 км мяжы Латвіі з Беларуссю былі прыкрытыя часовым плотам коштам 4,2 млн еўра. Затым Рыга пачала ўзвядзенне пастаяннага плота. У сярэдзіне верасня Грамадскае вяшчанне Латвіі паведамляла, што пабудавана 5 км пастаяннага сеткаватага плота з калючым дротам, будаўнічыя работы вяліся на 28 км мяжы, а на 57 км з мэтай будаўніцтва быў высечаны лес. Да вясны 2023 года плануецца завяршыць будаўніцтва плота на 86 км мяжы (першы этап), да вясны 2024 года — яшчэ на 64 км (другі этап). Абсталяванне рэшты ўчастка даўжынёй 23 км, што праходзіць галоўным чынам па Даўгаве, у верасні знаходзілася на стадыі распрацоўкі. Кошт будаўніцтва 86-кіламетровага плота першага этапу ў ліпені ацэньваўся ў 31,4 млн еўра, але, імаверна, павялічыўся праз падаражанне металу. Прычына, з якой Латвія адгароджваецца ад Беларусі — тая самая, што ў Літвы і Польшчы: міграцыйны крызіс.

Другая па даўжыні мяжа Беларусі — з Украінай, якая не ўваходзіць у склад ЕС. Яе працягласць складае 1084 км. Украінская сцяна, пра будаўніцтва якой 11 лістапада расказаў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны, прыкметна адрозніваецца ад тых, якія будуюцца на межах Еўрасаюза. 13 лістапада з’явілася відэа, у якім бачна, што акрамя ўласна жалезабетоннай сцяны з калючым дротам вышынёй каля двух метраў, у склад загароды ўваходзяць роў з вадой і насып. На кадрах гэтага не відаць, але, паводле словаў Цімашэнкі, раён збудавання таксама замініраваны.

Такая спецыфіка ўкраінскай сцены ў параўнанні з польскай, літоўскай і латвійскай абумоўленая іншай прычынай яе з’яўлення. Міграцыйны крызіс 2021-га закрануў Украіну толькі па датычнай. Хоць былы прэзідэнт гэтай краіны Пётр Парашэнка заклікаў тады ўвесці супраць беларускіх уладаў «пякельныя санкцыі», а былы прэм’ер Арсеній Яцанюк ужо тады прапаноўваў будаваць сцяну на мяжы з Беларуссю, на той момант гэтыя ідэі не знайшлі падтрымкі ў дзейнай украінскай улады. У адрозненне ад сценаў і платоў Еўрасаюза, цяперашнія ўкраінскія памежныя агароджы ствараюцца не для спынення нелегальных мігрантаў. Іх задача — дапамагчы прадухіліць паўторнае ваеннае ўварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.

Сумнеўна, што, адбіваючы ваеннае ўварванне з боку Расіі, Украіна цяпер зможа знайсці свабодныя рэсурсы для хуткага ўзвядзення такой сур’ёзнай загароды на ўсёй тысячакіламетровай мяжы з Беларуссю. Але ёй гэта і не трэба. Беларуска-ўкраінская мяжа праходзіць па Палессі — лясістым і моцна забалочаным рэгіёне. Для асобных групаў мігрантаў, зразумела, гэта не было б непераадольнай перашкодай. Але тут не так і шмат калідораў, што падыходзяць для руху цяжкай ваеннай тэхнікі. А прастора паміж імі занятая шырокімі лясамі і балотамі. Жалезабетонныя платы з равамі і міннымі палямі патрэбныя ў першую чаргу ў гэтых нешматлікіх праходах-дэфіле — і пабудаваць іх хутка ўкраінцам цалкам пад сілу.

Фото: t.me/tymoshenko_kyrylo
Будаўніцтва загародаў на мяжы Украіны і Беларусі, лістапад 2022 года. Фота: t.me/tymoshenko_kyrylo

Такім чынам, сцены і платы з калючага дроту для абароны вырашылі стварыць усе тры суседнія краіны, якія ўваходзяць у склад Еўрасаюза. Пры гэтым дзве з іх — Літва і Польшча — ужо скончылі будаўніцтва, а Латвія плануе завяршыць яго да вясны 2024 года. А Украіна, якая не ўваходзіць у ЕС, проста цяпер будуе на беларускай мяжы жалезабетонны плот з калючым дротам, равамі, насыпамі і міннымі палямі.

Хто яшчэ адгароджваўся ад суседзяў, навошта і з якім поспехам

Мабыць, самы вядомы прыклад будаўніцтва сценаў на межах дзяржавы — Вялікая Кітайская сцяна, самыя раннія ўчасткі якой былі пабудаваныя, магчыма, яшчэ ў VII стагоддзі да нашай эры. Памежныя ўмацаванні, якія будаваліся больш чым дзве тысячы гадоў рознымі дынастыямі кітайскіх імператараў, маюць агульную працягласць у 21 тысячу кіламетраў. Вялікая сцяна абараняла Кітай ад качэўнікаў з Еўразійскага стэпу, а таксама дапамагала кантраляваць гандаль і міграцыю насельніцтва. Хоць у масавай свядомасці існуе даволі скептычны рэтраспектыўны погляд на гэтыя пабудовы, у розныя эпохі іх эфектыўнасць і значэнне для Кітая былі вельмі неаднолькавымі. Напрыклад, дынастыі Мін, якая кіравала Кітаем у 1368−1644 гадах, сцены сапраўды дапамагалі стрымліваць ўварванні манголаў і маньчжураў.

Самыя вядомыя памежныя сцены ў антычнай Еўропе і Міжземнамор'і — рымскія лімесы. Яны будаваліся рымлянамі там, дзе межы іх імперыі не супадалі з натуральнымі прыроднымі межамі, такімі як горы, рэкі або пустыні. Самыя вядомыя ўчасткі лімесаў, якія часткова захаваліся да гэтага часу, — валы Адрыяна і Антаніна ў Брытаніі, Верхнегерманскі і Рэтыйскі лімес на захадзе цяперашняй Германіі, Дунай-Ілер-Рэйнскі лімес на поўдні ўсё той жа ФРГ, Траянавы валы ва Украіне, Малдове і Румыніі, Аравійскі лімес на Блізкім Усходзе, Афрыканскі лімес у Паўночнай Афрыцы. Ствараючыся ў першую чаргу як комплекс ахоўных збудаванняў, рымскія лімесы, гэтак жа як і Вялікая сцяна, дапамагалі ажыццяўляць мытны кантроль.

Пасля вынаходкі артылерыі, здольнай разбураць нават самыя трывалыя муры, сэнс выкарыстання сценаў у якасці памежных фартыфікацыйных збудаванняў знік. У ваенных мэтах дзяржавы пачалі абараняць межы фартамі, равамі, супрацьтанкавымі надаўбнямі і вожыкамі, міннымі палямі. Менавіта таму жалезабетонная сцяна ва Украіне — толькі частка цэлага комплексу інжынерных збудаванняў.

Краіны працягваюць будаваць сцены на межах з мэтай кантролю над незаконнай (з іх пункту гледжання) міграцыяй. Дзяржавы, якія будавалі і будуюць сцены на межах, можна падзяліць на дзве вялікія групы.

Краіны, якія будуюць загароды на межах з мэтай абмежаваць магчымасць іх перасячэння знутры сваімі грамадзянамі

Звычайна гэта дзяржавы з аўтарытарнымі альбо таталітарнымі рэжымамі ва ўладзе, жыхары якіх масава бягуць за мяжу.

Найвядомейшы прыклад — Берлінская сцяна даўжынёй 155 км, якой Германская Дэмакратычная Рэспубліка атачыла размешчаны ўнутры сваёй тэрыторыі Заходні Берлін. Даўжыня бетоннага ўчастка сцяны вышынёй 3,6 метра складала 106 км, агароджа з драцяной сеткі была ўсталяваная на 67 км.

Да будаўніцтва сцяны ўлады ГДР падштурхнулі масавыя ўцёкі ўсходніх немцаў на Захад. Да пары да часу ўлады ГДР лічылі, што гэта дае пэўныя перавагі: дазваляе лёгка перапраўляць на Захад сакрэтных агентаў і скарачае ў краіне долю грамадзян, варожа настроеных да камуністычнага рэжыму. Але да 1961 года, калі загарода была дабудаваная, з нямецкай рабоча-сялянскай дзяржавы на Захад уцякло ўжо больш за 3 млн немцаў, у асноўным маладых і з добрай адукацыяй.

Пры гэтым кіраўнічы рэжым ГДР афіцыйна хаваў сапраўднае прызначэнне збудавання і называў Берлінскую сцяну «антыфашысцкім абарончым валам», прызначаным для абароны ад агрэсіі з Захаду. Ваеннага ўварвання праз вал ніколі так і не адбылося. А вось падчас спробаў уцячы з ГДР загінула не менш за 140 немцаў.

Восточногерманская техника работает над укреплением Берлинской стены возле Бранденбургских ворот, октябрь 1961 года. Фото: Wikimedia Commons
Усходнегерманская тэхніка працуе над умацаваннем Берлінскай сцяны каля Брандэнбургскай брамы, кастрычнік 1961 года. Фота: Wikimedia Commons

Дарэчы, мяжа паміж ГДР і ФРГ («унутраная германская мяжа») даўжынёй 1393 км, размешчаная па-за Берлінам, таксама была абсталяваная бесперапыннай лініяй металічных сценаў і платоў з калючым дротам.

Задачы, для якіх ствараліся Берлінская сцяна і «ўнутраная мяжа», яны выканалі бліскуча. З 1950 па 1988 год мігравала на Захад каля 4 млн усходніх немцаў, з іх 3,45 млн — да будаўніцтва Берлінскай сцяны ў 1961 годзе. Пасля яе з’яўлення колькасць незаконных пераходаў рэзка скарацілася і працягвала змяншацца да канца 1980-х па меры далейшага абсталявання мяжы.

Падобным досведам, што доўжыцца да гэтага часу, можа пахваліцца і Паўночная Карэя. Сцяна на яе баку дэмілітарызаванай зоны, якая раздзяляе дзве карэйскія дзяржавы, таксама выконвае задачу па недапушчэнні уцёкаў грамадзян з «камуністычнага раю» ў «капіталістычнае пекла». Працягласць гэтай загароды — каля 250 км. Зрэшты, асноўная функцыя размешчаных тут паўночнакарэйскіх збудаванняў — ваенная, бо КНДР і Рэспубліка Карэя да гэтага часу не падпісалі мірнай дамовы, ды і пагадненне аб перамір'і час ад часу ставіцца пад сумнеў. Затое на паўночнай мяжы з Кітаем у 2007 годзе КНДР пабудавала тыповую «супрацьэмігранцкую» сцяну, якая ўскладніла ўцёкі тым паўночным карэйцам, якія хацелі пакінуць краіну праз КНР. Задача для ўцекачоў была і без таго нялёгкай: за год да гэтага Кітай пабудаваў плот са свайго боку мяжы з КНДР.

Кітайскі плот — ужо «супрацьімігранцкі». А значыць, мы дабраліся да другой групы краін, якія будуюць на сваіх межах сцены і платы.

Краіны, якія будуюць загароды з мэтай абмежаваць магчымасць іх перасячэння звонку грамадзянамі іншых дзяржаваў

Самы вядомы сучасны прыклад — сістэма амерыканскіх платоў і сценаў на мяжы з Мексікай, усталяваных больш чым на 1100 кіламетрах 3145-кіламетровай амерыканска-мексіканскай мяжы. Гэты бар’ер прызначаны для скарачэння нелегальнай іміграцыі ў ЗША з Мексікі. Ацэнкі яго эфектыўнасці вельмі адрозніваюцца. Папярэдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў будаўніцтва «вялікай прыгожай сцяны» на мяжы з Мексікай адным з галоўных элементаў сваёй перадвыбарнай праграмы. Трамп лічыць, што будаўніцтва загароды дапаможа спыніць паток нелегальных мігрантаў і наркотыкаў праз мяжу. А, напрыклад, сенатарка ЗША ад штата Арызона Марта Салі ў 2019 годзе сцвярджала, што будаўніцтва дадатковых участкаў сцяны не спыніць росту міграцыйнага крызісу. Агульны кошт амерыканскіх збудаванняў на мяжы з Мексікай у студзені 2021 года складаў каля 15 млрд даляраў.

Пункт пропуска на границе Мексики и США. Фото: Reuters
Пункт пропуску на мяжы Мексікі і ЗША. Фота: Reuters

Такіх сценаў і платоў у свеце большасць — і добра, бо дзяржавы, якія не выпускаюць за свае межы сваіх жа грамадзян, пакуль застаюцца вялікай экзотыкай.

Памежныя сцены і платы для супрацьдзеяння міграцыі звонку існуюць на межах паміж Аргентынай і Парагваем (даўжыня 1,3 км), Аўстрыяй (з аднаго боку) і Італіяй і Славеніяй (3,7 км), Балгарыяй і Турцыяй (30 км), Іспаніяй і Марока ў Сеуце (8 км), Егіптам і Сектарам Газа (11 км), Эстоніяй і Расіяй (110 км), Грэцыяй і Турцыяй (200 км), Паўночнай Македоніяй і Грэцыяй (30 км), ПАР і Зімбабвэ, Турцыяй і Сірыяй (не менш за 781 км). Гэты спіс не поўны.

Адным з самых паспяховых прыкладаў будаўніцтва платоў, прызначаных для абароны ад незаконнай іміграцыі, можна лічыць стварэнне такой загароды ў Венгрыі. Падчас міграцыйнага крызісу 2015 года Венгрыя пабудавала чатырохметровы па вышыні сеткаваты плот на мяжы з Сербіяй і Харватыяй. Пасля будаўніцтва перашкоды на сербскім участку мяжы сярэднясутачная колькасць незаконных перасячэнняў мяжы зменшылася радыкальна — з 4−8 тысяч чалавек за дзень да 10−15 чалавек за дзень. У верасні 2015 года праз сербска-венгерскую мяжу ў Венгрыю перабралася 138 396 незаконных мігрантаў, у кастрычніку — 99 497, а, у лістападзе, пасля завяршэння будаўніцтва плота, — усяго 315.

Што значаць платы на мяжы з Беларуссю для саміх беларусаў?

Калі коратка — нічога добрага. Будаўніцтва сценаў і платоў на межах — гэта дорага. Краіны абараняюць сябе ад ваенных пагрозаў і наплыву мігрантаў звонку з дапамогай такіх загародаў толькі ў крайніх выпадках, калі вычарпаныя іншыя спосабы вырашэння пытання. Такая «інвестыцыя» мае сэнс, калі становіцца зразумела, што сітуацыя наўрад ці зменіцца ў найбліжэйшай будучыні, і ўяўляе сабой спосаб адаптацыі да суіснавання з «нязручным» суседам.

Пограничные столбы на границе Беларуси и Литвы в Друскининкай, Литва, 4 ноября 2021 года. Фото: Reuters
Памежныя слупы на мяжы Беларусі і Літвы ў Друскінінкаі, Літва, 4 лістапада 2021 года. Фота: Reuters

Сцены на межах узнікаюць звычайна паміж краінамі, якія варагуюць ці моцна адрозніваюцца адна ад адной па ўзроўні эканамічнага развіцця. На жаль, у выпадку з Беларуссю супалі абодва гэтыя фактары. Улады ўцягнулі краіну ў канфрантацыю з чатырма суседзямі з пяці. Пры гэтым эканамічны разрыў паміж Беларуссю і заходнімі суседзямі павялічваецца: паводле валавага ўнутранага прадукта на душу насельніцтва краіна знаходзіцца на адным з апошніх месцаў у Еўропе і саступае Латвіі, Літве і Польшчы ў 2,4 — 3,2 разу. Будаўніцтва сценаў, якімі ад Беларусі адгароджваюцца суседзі, адлюстроўвае і ў пэўным сэнсе «замарожвае» гэтую сітуацыю.

Акрамя таго, адгароджваючыся ад Беларусі сценамі, суседзі ўскладняюць магчымасьць пераходу мяжы як для бежанцаў з Афрыкі і Азіі, так і для беларусаў, якіх пераследуюць на радзіме. У той момант, калі ўлада, як калісьці ў ГДР, зразумее, што мінусы ад уцёкаў сотняў тысяч людзей з краіны перавешваюць плюсы ад змяншэння колькасці ўнутраных палітычных праціўнікаў, ёй нават не давядзецца будаваць сцены самой.