Урад Новай Зеландыі 21 ліпеня пашырыў санкцыі, уведзеныя ў адказ на поўнамаштабнае расійскае ўварванне ва Украіну. У новы спіс трапілі тры беларускія банкі.
Санкцыі ўведзеныя супраць «Банка Дабрабыт», «Белінвестбанка» і ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». Таксама пад абмежаванні трапілі холдынг «Белінвестбанка» ТАА «Белінвест-інжынірынг», ЗАТ «Белбізнеслізінг» і кампанія «Сохра», якая займаецца прасоўваннем, рэалізацыяй і сэрвісным абслугоўваннем прадукцыі прадпрыемстваў РБ на замежных рынках.
«Беларусь актыўна падтрымлівае Расію, якая працягвае парушаць міжнароднае права і падрываць міжнародны мір і бяспеку — тое, што абавязаная абараняць і падтрымліваць як чалец Савета Бяспекі ААН. Беларускі рэжым пацвердзіў, што кантраляваная Расіяй ядзерная зброя размешчаная на яго тэрыторыі, якая мяжуе з Украінай. Новая Зеландыя рашуча выступае супраць распаўсюду і сумеснага выкарыстання ядзернай зброі і разглядае гэты крок як непасрэдную пагрозу Украіне, яе суседнім саюзнікам і далейшую спробу дэстабілізаваць рэгіён», — заявіла міністр замежных справаў Новай Зеландыі Наная Махута.
Новая Зеландыя таксама пашырыла санкцыі супраць расійскага ваенна-прамысловага комплексу, ваенізаваных фармаванняў і асобаў, якія маюць дачыненне да незаконнай перавозкі і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію.
«Новая Зеландыя працягвае падтрымліваць Украіну і асуджае ўсіх, хто садзейнічае гнюсным дзеянням Расіі», — падсумавала кіраўніца МЗС.