Праз электронны аўкцыён «БелЮрЗабяспечанне» 9 красавіка з другой спробы прадалі арыштаваную нерухомасць сям'і Цапкалаў — Валерыя і Веранікі. Гаворка пра трохпакаёвую кватэру з машына-месцам. Нерухомасць у выніку набылі за 395 тысяч 720,27 рубля. Нагадаем, пачатковую цану маёмасці знізілі ў параўнанні з папярэднімі таргамі: першы раз ахвочых набыць гэтае жыллё не знайшлося.
Пачатковы кошт маёмасці на таргах 9 красавіка складаў 286 753 рублі 76 капеек. Гэта на 71 000 рублёў менш, чым на папярэднім аўкцыёне.
У аўкцыёне 9 красавіка было трое ўдзельнікаў. Адзін з іх на старце зрабіў стаўку 301 091,45 рубля, прыкладна праз 50 хвілін яе перабіў другі ўдзельнік — 302 525,22 рубля. Пасля гэтага ставак не было, пакуль не «ажыў» трэці — ён за паўгадзіны да заканчэння аўкцыёну (паводле плана яны мусілі завяршыцца ў 18.00) прапанаваў сваю цану. Пасля гэтага таргі неаднаразова падаўжалі. У выніку кватэра пайшла за 395 720,27 рубля. Таргі завяршыліся ў 22.17.
Нагадаем, першы раз трохпакаёвую кватэру, якая належыць Валерыю Цапкалу, выстаўлялі на аўкцыён 12 лютага. Пачатковы кошт маёмасці складаў 358 442 рублі 20 капеек. Таргі прызначылі на 27 лютага, але яны не адбыліся: не было ахвочых яе купіць.
Жонка Валерыя Цапкалы Вераніка адзначала раней, што нерухомасць належыць не толькі яе мужу, але таксама ёй і іх няпоўнагадовым дзецям. На яе думку, рашэннем выставіць на таргі нерухомасць парушаецца ў тым ліку Канстытуцыя. Жанчына заклікала Следчы камітэт і пракуратуру правесці расследаванне з нагоды продажу нерухомасці.
Валерый Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналогій. Для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ён сабраў ініцыятыўную групу, ездзіў па краіне. Аднак ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі праз тое, што сабраных подпісаў пасля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах, яго жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штаба Святланы Ціханоўскай.
Валерый Цапкала пакінуў краіну ў ліпені 2020 года, асцерагаючыся пераследу. 9 жніўня з Беларусі з’ехала і Вераніка. Сям’я Цапкалаў асталявалася ў Латвіі.
На радзіме Валерыя Цапкалу завочна асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Нагадаем, у пачатку красавіка 2024 года стала вядома, што ў Мінску суд Партызанскага раёна прызнаў нікчэмнай угоду па адчужэнні жылога дома, гэтага дабівалася пракуратура. Прэтэнзіі ўзніклі да мінчука, які ў 2020 годзе перадаў жыллё лізінгавай кампаніі за 280 тысяч рублёў, але працягваў у ім жыць, аформіўшы дамову арэнды. Пракуратура палічыла, што сума ўгоды моцна заніжаная, а мужчына пазбавіўся ад жылля, каб яго не адабрала дзяржава. Пра каго канкрэтна ідзе гаворка, не паведамляецца. Аднак з паведамлення пракуратуры можна зрабіць выснову, што, хутчэй за ўсё, гісторыя пра дом сям'і Цапкалаў — Валерыя і Веранікі.
Чытайце таксама