Некаторыя беларусы «чакаюць, што ўлады вырашаць усе праблемы, і пальцам не варухнуць», каб дапамагчы ў ліквідацыі наступстваў урагану, які ў канцы мінулага тыдня пранёсся над краінай. Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка 19 ліпеня на селектарнай нарадзе, перадае БЕЛТА.
— Людзі дагэтуль крыўдзяцца: тое не зроблена, гэтае не зроблена. Вы ведаеце, што раніцай і ўвечары я ўвесь час у рэжыме допыту меў зносіны з чальцамі ўрада, міністрамі, якія гэтым займаліся. Даручыў паглядзець, што не зроблена, як рэагуюць людзі, што Камітэт дзяржкантролю, што старшыня Камітэта дзяржбяспекі далажылі пра наяўныя праблемы, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Палітык падкрэсліў, што сярод беларусаў «ёсць такія грамадзяне, для якіх усё заўсёды будзе дрэнна».
— Людзі не хочуць разумець, што гэта надзвычайная сітуацыя. Вайна проста, толькі няма страляніны з аўтаматаў і кулямётаў. Тое самае і на вайне. І ніхто не задаецца пытаннем: а што ты зрабіў для таго, каб пераадолець гэтую катастрофу? — агучыў папрок Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што ёсць тыя, хто дапамагае прыбіраць завалы і паваленыя дрэвы ў пацярпелых рэгіёнах, працуе разам з камунальнікамі. З іншага ж боку, «ёсць і такія, якія чакаюць, што ўлады вырашаць усе праблемы, і пальцам не варухнуць».
— Гэта мае прэтэнзіі як прэзідэнта да людзей. Але ж калі ў цэлым паглядзець, ёсць маса недахопаў. Гэта нашая хвароба: бравурныя даклады — вось там добра, там добра. Навошта вы мне хлусіце? — абурыўся Аляксандр Лукашэнка.
Нагадаем, бура пранеслася па Беларусі ў канцы мінулага тыдня. Паводле звестак МНС, загінулі шэсць чалавек, уключаючы дваіх дзяцей. Пацярпела каля 600 населеных пунктаў, упалі сотні дрэваў. Гэта найбуйнейшае стыхійнае бедства апошняга часу для нашай краіны.
Аляксандр Лукашэнка і сам адрэагаваў на стыхійнае бедства стрымана. На наступны дзень пасля нядзельнага ўрагану ён ніяк яго не пракаментаваў нават пасля таго, як МНСпаведаміла пра гібель у выніку непагадзі шасці чалавек (сярод іх двое дзяцей).
Мяркуючы з сайта яго прэс-службы, у панядзелак палітык паспеў сустрэцца з кіраўніком расійскай Чувашыі Алегам Мікалаевым, падпісаў пару ўказаў пра мытныя пагадненні з Кубай і Нікарагуа і ўручыў узнагароды супрацоўнікам Камітэта дзяржкантролю. Аднак часу выказаць спачуванні блізкім загінулых беларусаў і пацярпелым (іх не менш за 15 чалавек) у Лукашэнкі не знайшлося.
Ужо раніцай 16 ліпеня прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што ён «трымае на асабістым кантролі ход аднаўленчых работ па ліквідацыі наступстваў стыхіі» і ўвесь гэты час Лукашэнку дакладвалі пра прагрэс у «максімальна інтэнсіўным тэмпе».
Станам на 19 ліпеня пацярпелыя ад шторму рэгіёны Аляксандр Лукашэнка не наведаў. Замест яго туды паехаў кіраўнік адміністрацыі Дзмітрый Крутой. 17 ліпеня ён «праінспектаваў» Мазырскі і Калінкавіцкі раёны.
Чытайце таксама