«Люстэрка» ў пачатку верасня расказвала пра распродаж тавараў вайсковага прызначэння праз польскі сайт-барахолку. Крыніцы сцвярджалі, што сярод выстаўленых лотаў аказаліся рэчы, прызначаныя для рэалізацыі плана «Перамога». У BYPOL заявілі, што арганізацыя прадае сваю маёмасць, «у якой у цяперашні момант не мае патрэбы». Цяпер гісторыя атрымала працяг. «Люстэрка» звязалася з чалавекам, які сцвярджае: некаторыя з гэтых прадметаў яго арганізацыя ў мінулым перадала BYPOL. І дагэтуль чакае аплаты за іх.
Нагадаем, у жніўні 2024 года карыстальнік з нікам Aliaksandr апублікаваў на пляцоўцы OLX больш за 50 абвестак. Ён прапаноўваў набыць гумовыя кулі, пластыкавыя кайданкі, тактычныя камізэлькі, рамяні, сумкі, кабуры і многае іншае. Як падлічыла «Люстэрка», агульны кошт тавараў перавышаў 50 тысяч злотых (больш за 41 тысячу беларускіх рублёў).
Крыніцы «Люстэрка» сцвярджалі, што гэтыя рэчы раней былі закуплены на патрэбы плана «Перамога». На адной з рацый была налепка «Прг», на адной з тактычных камізэлек ручкай быў напісаны пазыўны байца Таран (сам ён адмовіўся ад каментароў).
Пасля таго як пра гэта напісалі незалежныя медыя, у BYPOL растлумачылі сітуацыю.
«Цяпер на мясцовых польскіх анлайн-платформах прадаюцца рэшткі маёмасці, якія аказаліся незапатрабаванымі. Сярод выстаўленага на продаж, у тым ліку, ёсць прадметы вайсковай экіпіроўкі, якія прызначаліся і для плана „Перамога“ ў першым яго варыянце. У сувязі з тым, што гэты варыянт плана не прайшоў унутранага аўдыту, быў распрацаваны альтэрнатыўны праект, а неабходнасць у частцы маёмасці і экіпіроўкі адпала».
«Калі настане дзень Х — мы пакажам сваю моц»
У 2022 годзе пяць групаў добраахвотнікаў, задзейнічаныя ў плане BYPOL «Перамога», прайшлі вайсковую падрыхтоўку на базе на тэрыторыі Польшчы.
Даволі падрабязна пра гэта расказвалася ў фільме тэлеканала «Белсат» «Як байцы „плана Перамога“ рыхтуюцца зрынаць рэжым Лукашэнкі». Інструктар BYPOL з пазыўным Ніл сцвярджаў, што гэтых людзей рыхтавалі да спецаперацый на тэрыторыі Беларусі.
— Напрыклад, у гэтай групе ў нас ёсць байцы палка Каліноўскага, якія далучыліся да нашых спецпадраздзяленняў BYPOL і гатовыя вяртацца ў Беларусь і выконваць спецаперацыі, — казаў у фільме Ніл. — Мы да апошняга марым, каб не ўжываць зброю і фізічную сілу супраць іх. Але калі сілавікі Лукашэнкі будуць ужываць зброю і фізічную сілу — мы адкажам мацней. <…> Мы падрыхтаваныя, мы гатовыя, і калі настане гэты дзень Х — мы пакажам сваю моц.
«Дастаткова доўга гэта ўсё працавала»
У арганізацыі гэтых трэніровак удзельнічала некамерцыйная арганізацыя Prague Support Team, якая базуецца ў Чэхіі. Яе асноўная дзейнасць — зборы рыштунку для добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне.
У 2022 годзе Prague Support Team паведаміла, што стварыла ў Польшчы навучальна-лагістычны цэнтр, дзе прайшлі вайсковую падрыхтоўку больш чым сто курсантаў. Сярод іх — добраахвотнікі з аб’яднання «Пагоня», а таксама ўдзельнікі плана «Перамога» ад BYPOL.
«Люстэрка» звязалася з прадстаўніком гэтай арганізацыі Яўгенам. Ён папрасіў пра ананімнасць, таму мы змянілі яго імя (сапраўдныя звесткі ёсць у рэдакцыі). Паводле яго, Prague Support Team забяспечвала ўдзельнікаў плана «Перамога» базавым камплектам рыштунку. Таксама былі выдаткі на патроны і харчаванне. Яўген кажа, што прадстаўнікі BYPOL нейкі час аплачвалі гэтыя артыкулы наяўнымі.
— Звычайна ўсё было так: група заязджае і адразу прывозіць з сабой грошы. Усё гэта перадавалася дырэктару нашай базы, і ён гэта выдаткоўваў на гэтую групу, — сцвярджае суразмоўца.
Паводле яго, пісьмова нідзе гэтыя дамоўленасці не фіксавалі.
— Такіх рэчаў ніхто пісьмова не заключае, — лічыць Яўген. — Яны прыехалі да нас, мы пасядзелі ў кавярні за сталом, дамовіліся пра ўсё, паціснулі рукі і пайшлі выконваць. І, увогуле, выконвалі. Дастаткова доўга гэта ўсё працавала.
«У нейкі момант нам не прывезлі грошай»
У нейкі момант у BYPOL і Prague Support Team здарыўся канфлікт праз актыўнае асвятленне ў СМІ падрыхтоўкі групаў для плана «Перамога». Яўген пачаў турбавацца наконт бяспекі добраахвотнікаў. Супрацоўніцтва дзвюх арганізацый спынілася.
Паводле Яўгена, за рыштунак трох групаў прадстаўнікі BYPOL расплаціліся. А за чацвёртую і пятую — не цалкам: ежу і патроны аплацілі, а рыштунак — не.
— Проста ў нейкі момант нам не прывезлі грошай. Мы махнулі рукой: «Ну, прывязуць наступным разам», — расказвае ён.
Суразмоўца паказаў журналістцы «Люстэрка» скрыншот перапіскі ў Signal з карыстальнікам, падпісаным як Аляксандр Азараў. У ёй абмяркоўваюць аплату формы. Карыстальнік Аляксандр піша, што сродкаў на аплату няма, і прапануе вярнуць форму. Яго суразмоўца настойвае, што гэта не пракат і за рэчы трэба расплаціцца. Дамовіцца суразмоўцы не змаглі.
— Мы былі ўпэўненыя, што гэта ў іх застанецца, бо ўсё выдаецца індывідуальна. Я не зусім зразумеў логікі забіраць рэчы, якія два тыдні насілі. Ну і мы лічылі, што добра, калі ў іх для нейкіх сваіх трэніровак, паходаў застануцца рэчы.
«Нам трэба, каб гэты кошт быў кампенсаваны»
На якія грошы былі набытыя гэтыя прадметы? Prague Support Team — некамерцыйная арганізацыя, яна прымае ахвяраванні ад неабыякавых людзей.
— Гэта былі як сродкі нашых удзельнікаў — мае і іншых маіх таварышаў, з якімі мы заснавалі [праект], так і данаты простых беларусаў і іншых людзей, якія пералічвалі на падтрымку ўкраінскага войска, — тлумачыць Яўген.
Паводле яго, часта тавары закупляюць праз механізм сюрплюс (surplus) — калі арміі распрадаюць лішкі маёмасці, якія яшчэ можна выкарыстаць. Гэта дазваляе набыць вялікія аб’ёмы па нізкіх цэнах і пасля выбраць патрэбныя прадметы. Суразмоўца тлумачыць, што такі механізм дазволіў падабраць для ўдзельнікаў плана «Перамога» рыштунак са склада арганізацыі. Але ён настойваў, што яго кошт мусіць быць кампенсаваны.
— Я казаў (прадстаўніку BYPOL. — Заўв. рэд.), што мы не збіраем (данаты. — Заўв. рэд.) на тваіх хлопцаў і мы не можам проста так аддаваць гэтыя камплекты. Нам трэба, каб гэты кошт быў кампенсаваны. Каб мы зноў маглі купляць неабходны рыштунак і выконваць нашыя заяўленыя мэты. Фармальна мы мусілі выканаць мэту нашага збору. Мы збіраем на падтрымку Украіны, а не на падтрымку беларускага вызвольнага руху.
«Займацца судом зусім не хацелася»
Улетку 2023 года Prague Support Team адправіла BYPOL дасудовую прэтэнзію з прапановай вярнуць 5400 еўра за 18 камплектаў абмундзіравання і тактычнага рыштунку (дакумент ёсць у рэдакцыі). Адказу не было. Яўген кажа, што не стаў рабіць далейшых крокаў.
— Мы проста ў свой вольны час займаемся гэтым. Займацца судом, тым больш з такім тыпам, як Азараў, зусім не хацелася. Не было проста сіл, магчымасцяў паехаць у Польшчу далей гэтым займацца. Мы базуемся ў Чэхіі, для нас гэта патэнцыйна былі б яшчэ большыя выдаткі асабістых сродкаў.
Яўген заяўляе, што калі стала вядома пра распродаж маёмасці BYPOL праз сайт-барахолку, ён пазнаў некаторыя прадметы. Паводле яго, тактычныя сумкі, падсумкі для магазінаў, ліхтары — гэта частка таго абсталявання, якое выдавалі ўдзельнікам плана «Перамога» ў 2022 годзе.
Мужчына перадаў рэдакцыі інвойс на куплю тактычных сумак (дакумент ёсць у распараджэнні «Люстэрка»). Ён сцвярджае, што дакладна такія ж сумкі перадавалі ўдзельнікам падрыхтоўкі ў лагеры, а пасля яны аказаліся ў продажы на OLX.
«Спрабаваў забраць бронекамізэльку»
«Люстэрка» таксама звязалася з былым добраахвотнікам атрада «Атам» (падраздзяленне палка Каліноўскага), які сцвярджае, што ў продаж трапіла яго асабістая тактычная камізэлька. Паводле яго, ён пакінуў яе ў офісе BYPOL.
— Пакінуў яго ў людзей, якім давяраў, і думаў, што ў выпадку маёй гібелі яна можа спатрэбіцца для вызвалення Беларусі, — расказаў ён «Люстэрка». — Па вяртанні я паспрабаваў забраць бронекамізэльку, але, на жаль, у офіс мяне і не толькі мяне ўжо не пусцілі, а заявілі, што ніякай бронекамізэлькі там няма.
Паводле яго словаў, камізэлька была «менавіта такой, як на фота». Дакладней прасачыць гісторыю гэтага прадмета не ўяўляецца магчымым.
Што кажуць у BYPOL?
«Люстэрка» звярнулася да кіраўніка BYPOL Аляксандра Азарава з просьбай пракаментаваць сітуацыю. Ён напісаў «як жа ім усім карціць» і «мы падрыхтуем адказ». Аднак праз тыдзень пасля гэтага каментара мы так і не атрымалі.
Чытайце таксама