94% беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, — палітычныя эмігранты, што пакінулі радзіму «з палітычных прычын і праз пачуццё глыбокай неабароненасці знаходжання ў роднай краіне». Пра гэта са спасылкай на сацдаследаванне заявілі на панельнай дыскусіі «Беларуская дыяспара новая і старая», арганізаванай 2 лютага даследчым цэнтрам Офіса Святланы Ціханоўскай, піша BPN.
Як адзначаюць аўтары даследавання «Беларускія мігранты ў Польшчы і Літве: агульныя тэндэнцыі і параўнальны аналіз 2022 г.», у лістападзе польскія ўлады ацэньвалі колькасць беларусаў у 100−150 тысяч.
Другая па важнасці прычына эміграцыі звязаная з эканомікай і працаўладкаваннем. Выбар Польшчы ў якасці краіны пераезду 75% рэспандэнтаў патлумачылі магчымасцю атрымання там дакументаў для легалізацыі. Іншымі важнымі фактарамі былі блізкасць культур, адсутнасць моўнага бар’еру, асабісты досвед наведвання краіны ў мінулым.
Аўтары адзначаюць высокае пачуццё бяспекі мігрантаў — 8 балаў па 10-бальнай шкале. Якасць жыцця рэспандэнты ацанілі на 7,4 бала.
53% апытаных мігрантаў назвалі заработную плату, якую яны атрымліваюць па працоўных дамовах, асноўнай крыніцай даходу.
Насуперак ходкаму міфу пра тое, што мігранты аказваюць сур’ёзны ціск на сацыяльную сістэму краіны пераезду, толькі 54% беларусаў карысталіся паслугамі польскай аховы здароўя, 36% — адукацыі, адзначаюць даследчыкі. Для Літвы гэтыя лічбы роўныя адпаведна 55,7 і 29,6%.
Роля дыяспар ацэньваецца як важная, «хоць доля тых, хто ведае пра існаванне гэтых арганізацый, значна большая, чым доля тых, хто ўдзельнічае ў іх дзейнасці».
Планы і перспектывы вяртання мігрантаў у Беларусь з Польшчы выглядаюць няпэўна.
«Больш чым палова апытаных (53%) не змагла даць выразнага адказу, 23% сказалі, што плануюць вярнуцца, у той час як аналагічная па колькасці група (24%) заявіла, што ў іх няма такіх планаў», — гаворыцца ў даследаванні.
«Вайна ва Украіне, жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі і адсутнасць пэўнасці, безумоўна, абмяжоўваюць магчымасці доўгатэрміновага планавання беларускіх мігрантаў», — канстатуюць аўтары апытання, праведзенага ў чэрвені — кастрычніку 2022 года.
Даследаванне было арганізаванае на анлайн-платформе. У ім узялі ўдзел 777 рэспандэнтаў у Польшчы і 335 — у Літве. Праведзена таксама 26 глыбінных інтэрв'ю (15 — у Польшчы, 11 — у Літве), якія дапаўняюць колькасны аналіз дадзеных.
12 студзеня адна з аўтараў даследавання — эксперт Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы, палітолаг Жывіле Дамбраўскайтэ — паведаміла, што палітычнымі эмігрантамі з’яўляюцца 86% беларусаў, якія пераехалі ў Літву.
Паводле ацэнкі палітолага, у Літве знаходзіцца каля 40 тысяч беларусаў. Гэтую балтыйскую дзяржаву яны выбіраюць для пераезду, бо там «ясны парадак атрымання візы і віду на жыхарства». Акрамя таго, беларусы «адчуваюць сувязь з Літвой», бо ведаюць гэтую краіну.
Магчымасцю атрымання дакументаў для легалізацыі выбар Літвы патлумачылі 46% рэспандэнтаў. Узровень бяспекі краіны ацэнены ў 8,81 бала.
Вярнуцца дадому збіраліся 34,5% эмігрантаў, якія з’ехалі ў Літву, не збіраліся — 20,7%, астатнія не вызначыліся.