Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. В МВД Польши ответили, при каких условиях возможно открытие пунктов пропуска
  2. Путин объявил «пасхальное перемирие» на фронте
  3. Какой будет погода на следующей неделе? «Лето» закончится, придет похолодание
  4. Все продолжалось меньше 10 минут. Рассказываем о самом кровавом торнадо в мировой истории
  5. Аналитики заявили, что Россия использует перемирие, чтобы дискредитировать Украину. Объясняем, почему
  6. В Купаловском уже пять лет мало кто хочет работать. Что придумали в этот раз
  7. Этот триллер от Hulu переворачивает представление о сериалах про постапокалипсис. Объясняем, стоит ли смотреть (да)
  8. Переписали историю, а потом безвольно проиграли. Хоккейное «Динамо» закончило сезон в КХЛ
  9. Полезнее сахара и не накапливает радиацию? О свойствах меда ходят легенды, хотя на деле этого продукта лучше сторониться — объясняем
  10. Вы красите яйца на Пасху? Объясняем, откуда взялась эта традиция, где яйца красят ржавыми гвоздями и чем писанка отличается от капанки
Читать по-русски


Таццяна нядаўна вызвалілася з гомельскай жаночай калоніі № 4. Тут адбываюць пакаранне Марыя Калеснікава і яшчэ мінімум 58 палізняволеных жанчын. Беларуска таксама прабыла там больш за год па «палітычным» артыкуле. «Люстэрка» пагаварыла з ёй пра ўмовы ў калоніі і стаўленне наглядчыкаў.

Заключенные ИК 4 шьют спортивную форму. Гомель, август 2018 года. Фото: БЕЛТА
Зняволеныя ПК № 4 шыюць спартыўную форму. Гомель, жнівень 2018 года. Фота: БЕЛТА

Імёны гераіняў публікацыі змененыя з меркаванняў бяспекі.

«Для многіх было важна з псіхалагічнага пункту гледжання штодня фарбавацца. Рабілі гэта ў асноўным палітзняволеныя»

Паводле звестак на студзень гэтага года, у гомельскай калоніі знаходзілася больш за дзве тысячы зняволеных, сярод якіх — не менш за 58 палітычных.

Зняволеныя падзеленыя на атрады па 80−100 чалавек кожны. У адным з такіх была і Таццяна. Дзень зняволеных пачынаўся, а 6-й раніцы ў вялікім, падобным да казармы памяшканні з ложкамі на некалькі ярусаў.

— Раніцай у нас было 20 хвілін на тое, каб выканаць гігіенічныя працэдуры. Потым шыхтаваліся на выхад у сталоўку на сняданак, у 6:20 трэба было ўжо быць гатовай, — тлумачыць суразмоўніца. — У цёплую пару года мы насілі сукенку, на якую трэба надзець пінжак. На галаву надзявалі хустку, а на ногі — паўчаравікі-паўбалеткі з грубай скуры. Звычайна з раніцы абвяшчалі, як трэба быць апранутай: з пінжаком ці без. Напрыклад, калі раніцай ішла ў пінжаку, а днём ужо горача, хочаш зняць яго, — гэта можна зрабіць толькі ў тым выпадку, калі пагодзіцца ўся рабочая брыгада. Калі не, то ўсе заставаліся ў пінжаках.

Увесну і ўвосень жанчыны ў калоніі насілі касцюм з пінжака і спадніцы аліўкавага колеру, кашулю ружовага колеру. На нагах — чаравікі, а на галаве — хустка. Узімку хустку мянялі на чорную шапку, цялесныя калготкі — на чорныя ці на легінсы, а таксама надзявалі чорны або цёмна-сіні шалік і целагрэйку васільковага колеру.

— Выдавалі зімовыя чаравікі, але яны без футра, проста з грубай скуры зробленыя. Ці можна было насіць свой абутак: боты, не вышэйшыя за 30 сантыметраў, не вышэйшы за 5 сантыметраў абцас, — успамінае Таццяна. — Вопратку, дарэчы, можна выкупіць. Калі ты доўга сядзіш, то, хутчэй за ўсё, са зняволенага здымаюць поўны кошт, і яе проста аддаюць. Паколькі я была нядоўга, то рэчы засталіся там.

Заключенные в ИК № 4 Гомеля в летней форме. Фото: ПЦ "Вясна"
Зняволеныя ў ПК № 4 Гомеля ў летняй форме. Фота: ПЦ «Вясна»

На сняданак адводзілася 15 хвілін, пасля гэтага жанчыны вярталіся ў атрад. Да працы заставалася 20 хвілін вольнага часу.

— У гэты час звычайна пілі каву, але гэта потым забаранілі. Некаторыя дзяўчаты рабілі макіяж. Для многіх жанчын у калоніі было важна з псіхалагічнага пункту гледжання штодня фарбавацца. Рабілі гэта ў асноўным палізняволеныя, — адзначае беларуска.

Сама Таццяна ў паўсядзённым жыцці актыўна касметыкай не карыстаецца. У калоніі яна часам фарбавала вейкі і наносіла гігіенічную памаду.

— Але некалькі разоў у кішэні пінжака я пакідала туш, забывала дастаць перад тым, як ісці на працу, — расказвае суразмоўніца. — Бывала, што не было шмону, і на фабрыку я трапляла з гэтай «забарокай». А на выхадзе абавязкова будзе праверка. Змудралася хаваць у боты, зімой яны абутак не правяраюць. А так магла б атрымаць рапарт, а ён гасіцца звычайна праз год. Калі б я са сваім кароткім тэрмінам выходзіла з рапартам, то на волі за мной быў бы больш строгі кантроль, чым існуе цяпер.

Зимняя форма для осужденных. Фото: ПЦ "Вясна"
Зімовая форма для асуджаных. Фота: ПЦ «Вясна»

У 7.00 атрад шыхтаваўся, каб ісці на фабрыку, дзе зняволеныя шылі форму для сілавікоў. Жанчын дзялілі на рабочыя брыгады. Да кожнай з іх падыходзіў супрацоўнік фабрыкі і па спісе правяраў наяўнасць людзей. Потым усе строем ішлі ў прамысловую зону. Форму шылі 6 дзён. Адзіным выходным была нядзеля, тады дазвалялі спаць да 7 раніцы. Таццяне пашанцавала: да таго як яна трапіла ў калонію, выходных не было наогул — перад Новым годам адшывалі буйную замову.

— Па ходзе яшчэ можа быць праверка на наяўнасць забароненых рэчаў, напрыклад, нельга было насіць на фабрыку ежу, касметыку. З запісаў — толькі маленькі нататнік, дзе пазнакі па працы, — працягвае суразмоўніца. — Некаторыя дзяўчаты, нягледзячы на забарону, праносілі касметыку. Я нават не ведаю, куды хавалі. Яны заходзілі там у прыбіральню і вельмі яркай памадай фарбавалі вусны перад усімі. Так правяралі, здадуць іх адміністрацыі калоніі ці не. Гэта, дарэчы, рабілі палітычныя, такі пратэсны акт, ломка рэжыму.

— Адна з палітзняволеных мадэльнай знешнасці выклікала ў многіх у атрадзе зайздрасць. Аднойчы яна з прастаты душэўнай расказала іншай зняволенай, што ёй пад выглядам шампуня зайшоў у калонію пальмавы алей для цела. Гэта стала падставай звадзіць гэтую палізняволеную да опера, яна пісала ў яго тлумачальную. Але ён аказаўся малады, узяў у яе гэтую тлумачальную без даты. Мала калі спатрэбіцца закласці яе. А так падстава несур’ёзная, нармальнаму чалавеку мусіць быць сорамна за такое караць жанчыну. Тым не менш магчымасць шантажаваць ён пакінуў. Неяк гэтая ж палітзняволеная ў пакой, дзе мы глядзелі тэлевізар, узяла памаду. І там яна дастала люстэрка і нафарбавала вусны. Гэта была яшчэ адна нагода здаць яе оперу.

Швейное производство в ИК № 4. Гомель, август 2021 года. Фото: российское агентство "Спутник"
Швейная вытворчасць у ПК № 4. Гомель, жнівень 2021 года. Фота: расійскае агенцтва «Спутник»

«Дзяўчына ляжала проста на швейнай машынцы, а ўнізе капала кроў»

Пра тое, што надыходзіў абед, работніцы фабрыкі даведваліся незвычайным спосабам.

— Калі на «Гомель.FM» грала песня «Ах, Александр, Александр» (словы да яе напісала нявестка Лукашэнкі. — Заўв. рэд.), было зразумела — абед. Тады выходзілі, шыхтаваліся па брыгадах і ішлі ў сталоўку. Часам пасля абеду магла быць зноў праверка на прадмет крадзяжу хлеба, яек. Але такое рэдка здаралася.

Пасля абеду жанчыны ішлі назад на фабрыку і працягвалі працаваць да 16.00. Адзін з такіх працоўных дзён Таццяне запомніўся больш, чым іншыя: скончыць жыццё самагубствам спрабавала адна са зняволеных — дзяўчына з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй.

— Я проста ўбачыла, што пачалася нейкая заварушка. Ламануліся аператыўнікі. Гэтая дзяўчына ляжала проста на швейнай машынцы, а ўнізе капала кроў. Яе фатаграфавалі аператыўнікі, — успамінае суразмоўніца. — Думалі, што, хутчэй за ўсё, сталі вядомыя яе адносіны з іншай дзяўчынай. Гэта парушэнне правілаў унутранага распарадку, і на яе псіхалагічна пачалі ціснуць. У выніку дзяўчына прыйшла працаваць нават не ў сваю змену, а ў разнарадку — дадатковы працоўны час, — села за швейную машынку і нажніцамі перарэзала вены. Яе выратавалі, потым адправілі ў ШІЗА і паставілі на ўлік як схільную да суіцыду.

Виды формы, которую шьют на фабрике в женской колонии № 4. Гомель, август 2021 года. Фото: российское агентство "Спутник"
Віды формы, якую шыюць на фабрыцы ў жаночай калоніі № 4. Гомель, жнівень 2021 года. Фота: расійскае агенцтва «Спутник»

Пасля працы хтосьці заставаўся ў атрадзе, кагосьці накіроўвалі ў санзону, а кагосьці — на ўборку тэрыторыі, разгрузку гародніны і інвентару, працу на кухні. Усё па графіку дзяжурстваў, які складаюць у пачатку месяца.

— Што мы маглі рабіць? Да прыкладу, чысціць бульбу. Звычайна атрад чысціць ад 25 да 50 мяшкоў. Добра, калі працуе апарат, які папярэдне здымае шалупіну, а ты потым толькі зачышчаеш. Неяк апарат зламаўся, і мы ўручную чысцілі 50 мяшкоў бульбы, — кажа былая зняволеная. — Таксама можа быць і ўборка тэрыторыі. Улетку, калі суха на дварэ, — проста паліваем, даглядаем кветкі. Калі прайшоў дождж, то лужыны трэба было пераносіць на газон. Узімку снег складвалі ў мяшкі, каб потым яго перагрузіць. Аднойчы ў дворыку вырашылі памяняць плітку. Мы ўручную здымалі альтанкі, якія стаялі на гэтай плітцы, яе саму паднялі ломам. Там засталіся бардзюры. Сказалі іх вынесці. Голымі рукамі ўшасцярых грузілі іх на тачку і вывозілі на сметнік. Потым альтанкі на новую плітку паставілі, мы іх у вольны ад працы час фарбавалі. Усе будаўнічыя такія працы рабілі жанчыны. Гэта ніколі ніяк не аплачвалася, а адмова ад працы каралася змяшчэннем у ШІЗА.

— Яшчэ пасля працы паўгадзіны дзесьці трэба было знаходзіцца ў пакоі правілаў унутранага распарадку. Гэта была актавая зала атрада. У гэты час мусілі глядзець унутраны канал «Вектар», інфармаванне пра турму. Паколькі там нічога цікавага не было, з дазволу кантралёраў глядзелі любыя іншыя даступныя каналы. Напрыклад, турэцкія серыялы, потым паміж сабой іх абмяркоўвалі, — успамінае Таццяна.

Калі ў зняволеных у буднія дні быў вольны час, яго можна было выдаткаваць на лісты, кнігі і бытавыя справы. Так, да прыкладу, у панядзелак і чацвер атрад Таццяны мог памыцца і памыць рэчы.

Таксама ў вольны час некаторых зняволеных выклікалі ў рэжымны аддзел для курсаў і навучання. Жанчыны маглі нават атрымаць вышэйшую адукацыю. Праўда, толькі калі ў сваякоў ёсць магчымасць аплаціць заняткі. Аднак далёка не ўсе палітзняволеныя маглі на гэта прэтэндаваць.

Раз на два месяцы, зноў жа ў вольны час, у жанчын ёсць магчымасць запісацца ў бясплатную цырульню на тэрыторыі калоніі.

— Там працуе асуджаная, якая раней была цырульніцай. Калі камусьці не падабаецца, як яна гэта робіць, то стрыгуцца самі. Для гэтага просяць нажніцы ў загадчыцы атрада, якая захоўвае колюча-рэжучыя прылады ў капцёрцы, — расказвае Таццяна. — Фарбавацца можна было толькі адценневымі бальзамамі натуральных колераў. Гэта рабілі дзяўчаты самі, звычайна ў памывачны дзень. На спатканне яшчэ сваякі маглі прынесці гэтыя бальзамы. Праўда, не заўсёды атрымліваліся натуральныя колеры. Памятаю, як у адной дзяўчыны валасы пасля афарбоўкі сталі малінавымі. Шыкоўна глядзелася, вельмі ярка.

Заключенные в колонии № 4 на открытии реабилитационного центра. Гомель, июнь 2021 года. Фото: скриншот видео ТРК "Гомель"
Зняволеныя ў калоніі № 4 на адкрыцці рэабілітацыйнага цэнтра. Гомель, чэрвень 2021 года. Фота: скрыншот відэа ТРК «Гомель»

«Дзве жанчыны пабіліся за чаргу да разеткі для кіпяцільніка»

Акрамя ўсяго іншага, зняволеныя ў вольны час наведваюць санітарную частку, каб атрымаць лекі. Гэта адбываецца па раскладзе. Таццяна кажа, што былі выпадкі, калі на некалькі хвілін па лекі спазняліся, акно зачынялася, і прэпараты ўжо не выдаваліся. Запіс да доктара — праз сакратара атрада. Дактары могуць працаваць у санчастцы або прыходзіць са звычайных паліклінік ці бальніц.

Сама Таццяна ў санчастцы не ляжала, але пазнаёмілася са зняволенай, у якой было анкалагічнае захворванне. Яе звалі Вераніка, і яна была ў санчастцы. Жанчыну прывезлі з магілёўскага СІЗА ў пачатку лютага 2023-га. Яна ў гэтай калоніі ўжо была не ўпершыню. Першы раз быў 7 гадоў таму за махлярства. У 2023-м яна сядзела па 147-м артыкуле Крымінальнага кодэкса — пабілася з сужыцелем.

— Амаль два тыдні яе пратрымалі ў каранціне, не пераводзілі ў санчастку. Ужо потым акрамя кісты ў яе выявілі анкалагічнае захворванне, — расказвае Таццяна. — Доктара яна патрабавала, але не скажу, што вельмі настойліва. Яна была ў каранціне спачатку, прыкладна праз паўтара тыдня яе толькі забралі ў санчастку. Да гэтага яна проста здавала нейкія аналізы. Пазней забралі ў горад аперавацца і праходзіць хіміятэрапію, бо ў санчастцы калоніі такія працэдуры не праводзяцца. Вывозілі анкахворую ў кайданках на руках і нагах. Да бальніцы яе суправаджалі два кантралёры з дубінкамі. У палаце — прышпільвалі кайданкамі да ложка. Пасля аперацыі і хіміятэрапіі жанчыну зноў перавялі ў санчастку калоніі, а потым у атрад. Не ведаю, ці далі ёй групу па інваліднасці.

Калі Вераніка знаходзілася ў санчастцы, у той жа час там ляжала Марыя Калеснікава.

— Марыя была ў палаце з жанчынай з шостага атрада, якую паставілі міліцыянты, каб тая глядзела за кожным яе рухам, кожным словам, што яна прамаўляла. Там яшчэ ў калідоры была адзіная камера, яе знялі, павесілі над ложкам Машы, каб назіраць за ёй увесь час, — кажа Таццяна.

Мария Колесникова на встрече с отцом в санчасти после операции. Фото из телеграм-канала силовиков
Марыя Калеснікава на сустрэчы з бацькам у санчастцы пасля аперацыі. Фота з тэлеграм-канала сілавікоў

— У рэмісіі анкахворыя хадзілі на фабрыку шыць. Думаю, згаджаліся працаваць, бо гэта значна прасцей псіхалагічна, чым сядзець у атрадзе з пенсіянерамі, у якіх на чацвёрты-пяты год ужо падрывае дах, — працягвае Таццяна. — Яны знаходзяцца кругласутачна адна з адной у атрадзе. У нас хаця б была праца на фабрыцы, хоць неяк можна адцягнуцца. А ў пенсіянераў з часам пачыналіся такія з’явы, як сачэнне адно за адным, крадзеж ежы з чужых скрыняў. Чаму яны кралі? Пенсіянерам налічвалі там пенсію, але яны маглі скарыстацца толькі дзесяццю працэнтамі ад гэтай сумы. Ці ёсць у іх іскавыя абавязанні ці не. Каб хоць неяк падзарабіць, некаторыя з іх згаджаліся на вязанне вяхотак, потым іх прадавалі ў краме ў калоніі.

З 18:00 да 19:00 у гомельскай калоніі была вячэра. У 20:00 тыя, хто стаяў на прафуліку, выходзілі на дадатковую праверку. Гэта схільныя да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці, да суіцыду і калечання, да нападу і гэтак далей. Пасля дадатковай праверкі ў 20:30 пачынаўся вольны час, можна было пераапрануцца ў спартыўны касцюм. Касцюм мусіць быць чорны, а вось красоўкі — ужо любога колеру. Праз гадзіну пачыналася падрыхтоўка да сну. У 21:45 ужо можна было класціся ў ложак.

— Патрабавалі менавіта ў гэты час ужо быць у ложку. У 22:00 — адбой, — тлумачыць Таццяна. — Уначы ў атрадзе кантралёры два-тры разы прыходзілі і ўключалі святло. Першыя некалькі месяцаў да гэтага вельмі складана прывыкнуць, бо прачынаешся праз гэта. Калі працуеш, дарэчы, у другую змену, то спаць кладзешся ў 22:35. Яшчэ можна было зайсці ў пакой прыёму ежы і да 22:00 паесці. Але потым яго закрылі: дзве жанчыны пабіліся за чаргу да разеткі для кіпяцільніка — а іх усяго было дзве на атрад. Дастаткова дваім парушыць рэжым, каб правілы змяніліся для ўсёй калоніі.

«Звычайна ў калоніях праз перапіску раскручваюць на грошы тых, хто сядзіць не па „палітычных“ артыкулах»

У буднія дні, кажа Таццяна, часу на нейкія свае справы практычна няма. А вось у выходныя жанчыны маглі паспяваць усё: спакойна нафарбавацца, без спешкі пачысціць зубы — на гэта давалася гадзіна.

— У выходны таксама глядзелі фільмы, пасля іх маглі быць нейкія дыскусіі. Улічваліся яшчэ інтарэсы людзей, якія мусілі хутка вызваліцца. Для іх праводзілі адаптацыйныя праграмы. Прынамсі, гэта так называлася. Звычайна проста паказвалі ролікі з амерыканскім псіхолагам на пяць хвілін. І не заўсёды яны былі перакладзеныя, то-бок проста на англійскай мове і круцілі, — кажа суразмоўніца. — Таксама ў нядзелю можна было падрыхтавацца да якога-небудзь конкурсу на патрыятычную тэму, які праводзіўся ў мясцовым Доме культуры. Спаборніцтвы праходзілі паміж атрадамі, журы — аператыўныя супрацоўнікі. Палітычныя звычайна вельмі выцягвалі такія мерапрыемствы, бо ўсе людзі крэатыўныя, эрудыяваныя. Здзіўлялі гэтым зняволеных, якія сядзелі, напрыклад, за дзетазабойства.

8 Марта в женской колоніі № 4. Гомель, март 2019 года. Фото: скриншот видео ТРК "Гомель"
8 Сакавіка ў жаночай калоніі № 4. Гомель, сакавік 2019 года. Фота: скрыншот відэа ТРК «Гомель»

Улетку ў выходныя жанчыны выходзілі загараць, але агалялі толькі ногі і рукі. Кажа, змешвалі ў пульверызатары алей з вадой, апырсквалі ўсе даступныя сонцу месцы — і так выходзілі.

— Ведаю, што мужчыны з «Гомсельмаша» (гэтае прадпрыемства акружае калонію), падглядалі за тымі, хто загараў. У сваю чаргу некаторыя жанчыны, якія працавалі ў каранціне, знаходзілі магчымасць падглядаць за мужчынамі ў раздзявалках, — тлумачыць нашая суразмоўніца.

У выхадны асобнае свята — патэлефанаваць блізкім. Графік званкоў у калоніі складалі ў пачатку месяца. Зняволеным дазвалялі раз на паўтара тыдня зрабіць тры аўдыёзванкі і адзін відэазванок праз Viber або Telegram.

— Атрад проста прыходзіў у свой дзень, адтэлефаноўваўся, зняволеныя з прафулікам заўсёды былі апошнімі ў гэтай чарзе. Размова — 5−7 хвілін, залежыць ад колькасці людзей, якія прыйшлі тэлефанаваць, настрою начальніцы атрада, якая сядзіць за тэлефонам і праслухоўвае ўсе размовы, — успамінае Таццяна. — Таксама яна набірала нумары тэлефона і віталася са сваякамі, каб праверыць, хто зняў трубку, адзін там чалавек ці некалькі. Паводле правілаў унутранага распарадку, аўдыёзванок перарываюць, калі на тым канцы больш чым адзін чалавек, — прымаць званок мог толькі той, хто заяўлены па нумары. Але калі ў кагосьці былі маленькія дзеці, то такія званкі звычайна не абрывалі.

Паводле Таццяны, часам тугу па доме выкарыстоўваюць і ў карыслівых мэтах. Так, у яе атрадзе па наркатычным артыкуле сядзела Анастасія. Жанчыну асудзілі на 9 гадоў.

— Калі я толькі прыбыла ў калонію, людзі пачалі расказваць, хто тут «мянтоўскі» (хто звычайна «стучыць», даносіць на зняволеных адміністрацыі). На яе паказалі адразу. Яшчэ ў магілёўскім СІЗА ёй давалі мабільны тэлефон. Вядома, не проста так, для гэтага трэба было здаваць аднакамерніц. Яна атрымлівае ад адміністрацыі перадачкі, дарэчы, адбывалася гэта звычайна пасля якіх-небудзь разборак. Дык вось, гэтая жанчына завязала перапіску з адным з палітвязняў, які асуджаны на 16 гадоў. Адміністрацыя калоніі дапамагае ёй, завязваецца менавіта любоўная перапіска, што яна яму там пісала ў гэтых лістах — невядома. І гэты палітвязень папрасіў сваіх бацькоў дапамагаць ёй. Пра тое, што ёй паступае дапамога ад ягоных сваякоў, расказалі мне іншыя асуджаныя. Я ведаю, што ў яе ёсць дзеці, прыходзілі іскавыя, дзе было пазначана: у яе запазычанасць па аліментах. Яна нават запусціла гісторыю, што ў яе анкалагічнае захворванне. Зняволеныя, у якіх ёсць анкалогія, задавалі ёй спецыфічныя пытанні пра лячэнне, але яна не змагла ніяк на іх адказаць. З размовы з ёй зразумелі, што яна ніколі не хварэла на рак. У яе толькі група інваліднасці па зроку.

Таццяна расказвае, што Анастасія таксама прасіла адрасы для перапіскі з мужчынамі з калоній у іншых дзяўчат:

— А яны пацікавіліся: навошта, у цябе ж нібыта ёсць малады чалавек, яго бацькі табе дапамагаюць. На што яна адказала, што яна не будзе чакаць яго 16 гадоў. Звычайна ў калоніях праз перапіску раскручваюць на грошы тых, хто сядзіць не па «палітычных» артыкулах. А тут такое.

Женская колония в Гомеле. Кадр из фильма «Дебют» Анастасии Мирошниченко
Жаночая калонія ў Гомелі. Кадр з фільма «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнка

«Пасля выхаду мне проста хацелася аказацца ў сваёй кватэры адной»

Таццяна да апошняга не верыла, што яна выйдзе на волю. Кажа, было страшна «абламацца». Таму яна дала сабе ўстаноўку, што паверыць у гэта толькі калі выйдзе за брамку.

— Калі я выйшла за яе, мяне сустрэла мая сям’я, усё, што хацелася, — абняць і плакаць. Магла сабе нарэшце дазволіць трошкі паплакаць, бо ўвесь гэты час, калі нават пачыналася нейкая плаксівасць, гэта ўсё хавалася ад людзей, каб не было проста лішніх рэакцый, на якія не заўсёды быў рэсурс адказваць.

Кветкі мне падарылі крыху пазней. Але я б рэкамендавала ўсім, хто сустракае жанчын, усё ж падрыхтаваць нейкі букет. Гэта важна.

Пасля выхаду для мяне было важна проста выспацца, бо графік з 6 раніцы да 22:00 не мой, я чалавек начнога жыцця.

Таксама мне хацелася аказацца ў сваёй кватэры адной. У калоніі ты вельмі задзяўбаная ад усёй гэтай працы. Там можна было знаходзіцца адной пяць хвілін на тыдзень. Для мяне было кайфам, калі раніцай на фабрыцы заходзіла ў прыбіральню, і там цэлых 30 секунд нікога няма. Гэта было настолькі для мяне каштоўна, што я засякала нават час. Таму адзінай маёй марай было пабыць хаця б суткі ў сваёй кватэры. Яшчэ важны момант: калі я вярнулася дадому, усё знаходзілася на сваіх месцах, мае рэчы ніхто не перамяшчаў. Здавалася, што майго тэрміну і не было.

Чытайце таксама