Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Помнік пратэсту ў цэнтры Мінска. Успамінаем, як увесь горад выйшаў на вуліцы патрабаваць вызвалення палітвязняў — і трапіў пад агонь
  2. У траўні будзе тры выходныя дні запар. Што пра гэта важна ведаць работнікам і наймальнікам
  3. Ёсць праблема з пенсіямі, пра якую кажуць нават афіцыйныя прафсаюзы. Паглядзелі, якая з ёй сітуацыя
  4. Кочанова пояснила, что будет с пенсиями и зарплатами. Есть над чем задуматься, если учесть ожидаемый дефицит казны и прогнозы экономистов
  5. Россия требует полной капитуляции Украины и отклоняет мирные инициативы — ISW
  6. На рынку нерухомасці ў Мінску чакаюцца перамены — экспертка расказала, што можа змяніцца і што на ім адбываецца цяпер
  7. МЗС Літвы адказала на прапанову Беларусі аднавіць рух пасажырскіх цягнікоў паміж краінамі
  8. BYSOL: У силовиков новая тактика для людей с «протестным бэкграундом», которые возвращаются в Беларусь
  9. В Офисе президента Украины пояснили, что имел ввиду Зеленский, когда сказал, что Россия «что-то готовит в Беларуси этим летом»
  10. Пока другие отрасли в убытках, нашелся новый драйвер экономики: у всех его топ-предприятий — рекордная прибыль
  11. Для кіроўцаў з'явілася змяненне, пра якое лепш ведаць на выпадак ДТЗ
  12. КГК и прокуратура пожаловались Лукашенко на растраты в важной для него сфере. «Зеркало» получило закрытые документы — что в них
  13. Тихановская и Лукашенко сделали заявления ко Дню труда. Они звучат словно из разных вселенных
  14. Один из иностранных банков ввел новые ограничения для беларусов. Они оказались масштабнее, чем сообщалось ранее
  15. «Аперацыі могуць быць прыпыненыя». Адзін з банкаў папярэдзіў кліентаў, што лепш паведамляць пра паездкі за мяжу
  16. Наталья Эйсмонт прокомментировала освобождение Юрия Зенковича — фигуранта дела «о попытке госпереворота»
Читать по-русски


У публічнай прасторы можна заўважыць статусных мужчын сярэдняга ўзросту і старэйшых, якіх суправаджаюць жанчыны, што прыдаюцца ім у дочкі, а то і ва ўнучкі. Прычым гаворка ідзе не пра мужа і жонку. Гэтыя мужчыны-палітыкі, чыноўнікі, бізнесоўцы, артысты — у асноўным жанатыя, і нярэдка шчасліва, аднак картэж зусім маладых жанчын побач на публічных мерапрыемствах нібыта з’яўляецца пратакольным патрабаваннем. На свецкіх раўтах гэтыя мужчыны кружацца ў вальсе з юнымі спадарожніцамі, паненкі сядзяць побач з імі на ўрачыстых паседжаннях, значных канцэртах і спартыўных спаборніцтвах, суправаджаюць у афіцыйных паездках. «Люстэрка» не раз пісала пра тое, як гэта адбываецца. Але чаму так складваецца і якія наступствы ў такога стану справаў? На гэтыя пытанні адказвае гендарная даследчыца Ірына Сідорская.

Экс-заведующая кафедрой факультета журналистики БГУ и доктор филологических наук Ирина Сидорская. Фото: личный архивІрына Сідорская

Доктар філалагічных навук, экспертка ў галіне медыя і камунікацый, гендарная даследчыца

З 1998 года выкладала на факультэце журналістыкі БДУ, у 2010−2020 гадах там жа ўзначальвала кафедру тэхналогій камунікацыі і сувязяў з грамадскасцю. Вяла тэлеграм-канал Gender_gap. Пасля пратэстаў у Беларусі звольнілася і з’ехала з краіны.

Асноўная прычына такой практыкі — характэрны для патрыярхату прынцыповы падзел сацыяльных роляў жанчын і мужчын і, адпаведна, наяўнасць абсалютна розных якасцяў, якія надаюць прадстаўнікам двух гендараў сацыяльную каштоўнасць.

Для мужчыны асноўным капіталам з’яўляюцца статус, доступ да рэсурсаў, наяўнасць пасады і грошай, карысныя знаёмствы — і магчымасць распаўсюдзіць гэтыя выгоды на апекаваную жанчыну. Узрост і выгляд мужчын маюць не больш чым апцыянальную каштоўнасць, а крытэры, да іх выстаўляюцца, значна шырэйшыя і эластычнейшыя, чым для жанчын. Нездарма мужчынам прасцей падаваць сябе як «прыгажуноў у самым росквіце сіл», а мноства жанчын пакутуе, спрабуючы падагнаць сябе пад навязаныя ідэалы.

Для іх, у сваю чаргу, асноўнай каштоўнасцю лічыцца прывабная знешнасць. У вачах прыхільнікаў патрыярхату яна непарыўна звязаная з маладосцю: чым жанчына маладзейшая, тым яна паводле вызначэння прыгажэйшая, у той час як сталая жанчына, якая аб’ектыўна мае ўсе характарыстыкі прыгажосці, не будзе прызнаная такой з прычыны свайго ўзросту.

У такой сістэме каардынат маладосць і прывабнасць жанчыны «абменьваюцца» на статус і магчымасці мужчыны, і гэта асноўны тып узаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай у патрыярхатным грамадстве. Парушыць сваю частку «кантракту» жанчына можа толькі ў тым выпадку, калі мужчына, які знаходзіцца побач з ёй, з нейкіх прычын страчвае статус і звязаныя з ім магчымасці. Хоць жанчын, якія захочуць скасаваць «кантракт», з вялікай імавернасцю закляймяць як крывадушных, карыслівых і меркантыльных і самі мужчыны, і грамадская думка.

Мужчына ж можа парушыць свае абавязанні — і гэта адбываецца «натуральным чынам», — проста калі жанчына выходзіць з юнага ўзросту і аўтаматычна страчвае сваю прывабнасць. Таму паміж маладымі жанчынамі ідзе жорсткая канкурэнцыя: трэба паспець за вельмі абмежаваны тэрмін знайсці рэсурснага мужчыну, «дамовіцца» з ім і скарыстацца яго магчымасцямі для свайго прасоўвання.

І тут хаваецца чарговая няроўнасць на карысць мужчын: маладосць і прывабнасць, у патрыярхаце непарыўна звязаныя паміж сабой, жывуць невялікі прамежак часу, у той час як мужчынскі сацыяльны капітал можа быць у яго ўладальніка практычна ўсё жыццё.

Маладосць у такой сістэме каардынат — не толькі сінонім прыгажосці, яна яшчэ і гарантыя неспрактыкаванасці, прастадушнасці, вясёлага нораву, аптымізму і нават дабрыні. Маладая жанчына яшчэ «не ведае жыцця», яна толькі нядаўна выйшла на гэты «рынак» і не паспела ачарсцвець душой. Таму з ёй лёгка і прыемна мець зносіны, яна не надта патрабавальная, спрыянне ў завязванні знаёмстваў і сувязяў прымаецца ёю з удзячнасцю.

У патрыярхатным грамадстве з’яўленне сталага мужчыны разам з маладой спадарожніцай ацэньваецца як сігнал навакольным пра тое, што ў жыцці гэтага чалавека ўсё ідзе як трэба — ён валодае належнымі «сапраўднаму мужчыну» рэсурсамі і магчымасцямі, ён прывабны для маладых жанчын і ў выніку — ролевая мадэль для іншых мужчын.

Чаму маладыя жанчыны ідуць на такую «ўгоду», відавочна нявыгадную для іх саміх?

Па-першае, яны могуць быць такімі ж закладніцамі патрыярхату, як і мужчыны, і бачыць шлях да жыццёвага поспеху ў першую чаргу праз сувязь і заступніцтва статуснага спадарожніка. Таму аддаюць гады не набыццю новых ведаў і кампетэнцый, пашырэнню бэкграўнду або падарожжам, што забяспечыла б іх самастойнасць, а клопату пра знешнасць, ад празмернага захаплення модай да пластычных аперацый.

Па-другое, частка маладых жанчын можа ўнутрана не згаджацца з гэтымі правіламі, але разглядаць іх як аб’ектыўныя і непераадольныя, таму старацца «прагнуць сістэму пад сябе». Ствараючы ілюзію ўзаемнай згоды і цікавасці, яны разглядаюць у якасці суб’ектаў выключна сябе, адводзячы мужчынам ролю «кашалька на ножках», «татачкі», то-бок інструмента задавальнення сваіх патрэбаў і выхаду на новы ўзровень у грамадстве. Таму яны граюць ролю «мілых і пухнатых» прыгажуняў, але толькі да таго моманту, пакуль іх чаканні ад гэтай угоды рэалізуюцца.

Выбар палягае на тым, каб альбо спрабаваць абыграць сістэму патрыярхату, што практычна нерэальна, альбо выйсці з яе. Парваць з патрыярхатам можна, толькі падвяргаючы яго сістэматычнаму крытычнаму аналізу і перабудоўваючы наяўныя правілы.

Другі шлях — для моцных асобаў, але і ім патрэбная падтрымка грамадства. На жаль, намаганні па асэнсаванні і крытычным аналізе такой сістэмы не падтрымліваюцца дзяржавай. Улада, наадварот, свядома аднаўляе і развівае гэтую сістэму.

Аляксандр Лукашэнка зімой танчыць з мадэлямі на Венскім балі, а летам — ужо больш за 20 гадоў — наведвае баль выпускнікоў, дзе кружыцца ў вальсе са студэнткамі. У 2004 годзе ён узяў пад асабісты патранаж правядзенне ў Беларусі конкурсаў прыгажосці і нязменна наведвае іх фінал. Здавалася б, менавіта гэты чалавек як ніхто іншы — у сілу статусу, няпэўнага сямейнага становішча, узросту, неабходнасці пастаянна думаць пра сваю рэпутацыю, — мусіць дыстанцыявацца ад такіх мерапрыемстваў. Але не, ён рэгулярна наведвае і балі, і конкурсы, адорваючы пераможцаў месцамі не толькі ў службе прэзідэнцкага пратакола, на дзяржТБ ці ў Нацыянальнай школе прыгажосці, але і ў парламенце.

Так, пераможца студэнцкага конкурсу «Каралева Вясна — 2013» Дар’я Шманай пасля танцу з палітыкам суправаджала яго на публічных мерапрыемствах, а «Міс Беларусь — 2018» Марыя Васілевіч праз год пасля вальсавання стала самай маладой дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў.

Мария Василевич. Фото: facebook.com/vasilevichmariya
Марыя Васілевіч. Фота: facebook.com/vasilevichmariya

На апошнім Венскім балі — у снежні 2023 года — Лукашэнка танчыў з Уладленай Зайцавай. З ёй жа ён вальсаваў у 2021-м. З таго часу Зайцаву можна часта сустрэць на фотаздымках побач з Лукашэнкам. Так, яна была ў складзе афіцыйнай дэлегацыі Беларусі ў ААЭ ў снежні мінулага года, а да гэтага суправаджала палітыка падчас візіту ў яго родную вёску Александрыя.

Нядзіўна, што адбор прэтэндэнтак на «танец з прэзідэнтам» праходзіць праз яго адміністрацыю. Вось як апісвала гэты адбор выпускніца 2009 года Таццяна Радкевіч: «За дзень да балю на мяне прыехалі паглядзець з Адміністрацыі прэзідэнта, а проста перад балем паказалі намесніцы міністра адукацыі: „Вось гэтая дзяўчынка будзе танцаваць з прэзідэнтам“. Тая ўхвальна кіўнула».

Пераможцы конкурсаў прыгажосці нярэдка выконваюць прадстаўнічыя функцыі, аднак звязаныя яны перш за ўсё з прэзентацыяй краіны на знешняй арэне. У Беларусі ж пераможцы конкурсаў прыгажосці, на думку ўлады, з’яўляюцца асноўнымі ролевымі мадэлямі для беларускіх жанчын. Яны мусяць быць маладымі — а значыць, прыгожымі і несамастойнымі, а таксама лаяльнымі і паслухмянымі гэтай уладзе, якая складаецца амаль выключна з мужчын сярэдняга і старэйшага ўзросту са статусам, сувязямі і становішчам. І калі прыгажуні будуць паводзіцца «правільна», улада ў асобе гэтых мужчын распаўсюдзіць частку сваіх магчымасцяў і на іх.

Якія ў такога стану рэчаў наступствы?

Гэта прыводзіць да падвойнай аб’ектывацыі жанчын: з боку мужчын і з боку дзяржавы. Спачатку жанчына аб’ектывуецца на аснове сваёй фізічнай прывабнасці, пазіцыянуючыся як атрыбут паспяховага мужчыны. Потым — як інструмент дасягнення мэтаў дзяржавы, як тая, якая зойме адведзенае ёй месца і ў адпаведнасці са спецыфікай гэтага месца будзе трансляваць пасланні ўлады.

Даследчыца Альміра Усманава адзначала яшчэ ў 2005 годзе: «Дзеці ў яго [Лукашэнкі] ёсць, унукі ёсць, а месца жанчыны побач з імі — пустое (дакладней, на гэтым месцы аказваюцца розныя жанчыны — як правіла, маладыя і прывабныя дзяўчаты, многія з якіх сталі публічнымі фігурамі, прайшоўшы праз фільтры конкурсаў прыгажосці)». Даследчыца робіць выснову, што такім чынам Лукашэнка нібы жанаты з усёй нацыяй, з усімі яе жанчынамі, якімі ён нязменна апякуецца, калі, вядома, яны займаюць адведзенае ім мужчынамі месца ў грамадстве.

Таму нават тыя жанчыны, якія аказваюцца наверсе ўладнай іерархіі — насамрэч не больш чым інструментамі для рэалізацыі дзяржаўных задач. І калі ім з нейкіх прычын не захочацца далей выконваць гэтыя задачы, яны будуць не толькі імгненна выкінутыя з сістэмы — іх закляймяць як няўдзячных, як здрадніц, што адмовіліся ад сваёй часткі «кантракту».

Ольга Хижинкова, которая завоевала титул "Мисс Беларусь - 2008", а в 2020-м поддержала протесты, за что отсидела несколько десятков суток на Окрестина. Ноябрь 2019 года. Фото: TUT.BY
Вольга Хіжынкова, якая заваявала тытул «Міс Беларусь — 2008», а ў 2020-м падтрымала пратэсты, за што адседзела некалькі дзясяткаў сутак на Акрэсціна. Лістапад 2019 года. Фота: TUT.BY

Не варта думаць, што ахвяры патрыярхату — толькі жанчыны. Мужчыны — таксама яго закладнікі. Патрыярхат выстаўляе і да іх жорсткія патрабаванні, выконваць якія ні з суб’ектыўных, ні з аб’ектыўных прычын многія не ў стане. Далёка не ўсе яны дасягаюць жаданых кар’ерных вышыняў, не ўсе маюць рэсурсы і статус — і, такім чынам, не могуць адпавядаць мадэлі «сапраўдны мужчына».

Але нават тыя мужчыны, якія нібыта дасягнулі запаветных мэтаў, часта плацяць за гэта занадта высокую цану. У беларускай сістэме ўлады гэта не толькі найвышэйшы ўзровень стрэсу, пастаянная занятасць і адсутнасць жыццёвага балансу. Гэта і супярэчлівасць указанняў, якім неабходна падпарадкоўвацца, залежнасць кар’еры не ад прафесіяналізму, а ад лаяльнасці, нарэшце, неабходнасць асабістай адданасці Лукашэнку, у якога няма ні вытрымкі, ні элементарнага пачуцця такту і павагі да суразмоўцаў. Калі дарослыя мужчыны стаяць апусціўшы позірк перад Лукашэнкам, які іх распякае, і баяцца сказаць слова ў сваю абарону, мужчынскасці ім гэта відавочна не дадае.

Такім чынам, усё ўзаемазвязана: значэнне, якое надае ўлада конкурсам прыгажосці і ў цэлым знешнасці беларусак; каштоўнасці аўтарытарнага патрыярхату, на якіх гэтая ўлада грунтуецца; злучэнне сэксуальнай аб’ектывацыі жанчын з іх роляй паслухмяных правадніц дзяржаўнай палітыкі; ціск гендарных стэрэатыпаў на мужчын, якія вымушаныя «адпавядаць» як патрабаванням патрыярхату, так і пераменлівым настроям аўтакрата, і таму жывуць на 10 гадоў менш, чым жанчыны.

Але выйсце ёсць. Гэта і матываваць сябе выйсці з такой матрыцы, і ўсвядоміць тое, як у ёй звязаныя патрыярхат і аўтарытарызм, каб пабудаваць грамадства і дзяржаву на прынцыпова іншых каштоўнасцях, дзе ні жанчыны, ні мужчыны не будуць аб’ектамі і інструментамі ні для іншых людзей, ні для ўлады. Але для гэтага недастаткова проста памяняць Лукашэнку на іншага чалавека — патрэбная пастаянная асветніцкая праца з людзьмі, патрэбныя мужчыны і жанчыны, якія падзяляюць каштоўнасці дэмакратыі і гендарнай роўнасці як яе неад’емнага складніка, на ўладных пазіцыях.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.