Прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі заявіў, што пакідае сваю пасаду, паведамляе «Грузия Online». Паводле звестак грузінскіх СМІ, пасля свайго сыходу з пасады прэм’ера Іраклій Гарыбашвілі стане старшынёй «Грузінскай мары», а яе цяперашні старшыня Іраклій Кабахідзэ мае ўзначаліць кабмін.
Падчас спецыяльнага брыфінгу Гарыбашвілі абвясціў, што прыняў прапанову ўзначаліць кіроўную партыю «Грузінская мара — Дэмакратычная Грузія». Паводле Гарыбашвілі, «у камандзе шмат паспяховых лідараў, і неабходна даць магчымасць і іншым».
Гарыбашвілі адзначыў, што «бескампрамісна абараняў інтарэсы» краіны і народа і ганарыцца вынікамі сваёй працы на пасадзе прэм’ера.
Нагадаем, гэта ўжо другая адстаўка Іраклія Гарыбашвілі з пасады кіраўніка ўрада Грузіі. Упершыню ён узначаліў урад у 2013 годзе, змяніўшы на пасадзе заснавальніка «Грузінскай мары» Бідзіну Іванішвілі, і падаў у адстаўку 30 снежня 2015 года.
Перш чым другі раз заняць пасаду кіраўніка ўрада Грузіі, Іраклій Гарыбашвілі ўзначальваў абароннае ведамства краіны, а пасаду прэм’ер-міністра ён заняў другі раз 22 лютага 2021 года, змяніўшы на пасадзе Георгія Гахарыю.