Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Размовы пра імавернасць ваеннага канфлікту паміж Расіяй і еўрапейскімі дзяржавамі (чальцамі NATO і Еўрасаюза) прыкметна актывізаваліся пасля пачатку ўварвання ва Украіну. Паводле афіцыйнай пазіцыі Крамля, РФ ужо ваюе супраць ЗША, NATO і «англасаксонскага свету» — праўда, чамусьці на ўкраінскай тэрыторыі, забіваючы цывільных і руйнуючы гарады. Тым не менш расійскія ўлады і прапагандысты рэгулярна пагражаюць ударыць зброяй, у тым ліку ядзернай, па краінах, ахопленых еўраатлантычнай інтэграцыяй, — напрыклад, па Вялікабрытаніі і Польшчы. У еўрапейскіх краінах гэтыя пагрозы не застаюцца незаўважанымі. Эксперты фіксуюць прыкметы будучага расійскага нападу, улады заклікаюць насельніцтва быць гатовым да такога сцэнара, а вайскоўцы рыхтуюць планы абароны на выпадак уварвання. Мы вырашылі разабрацца, ці сапраўды Расія можа напасці на нейкую з краін ЕС або NATO, як будзе выглядаць такая вайна — і да чаго яна прывядзе?

Што мы будзем параўноўваць?

Пасля нападу на адну з суседніх еўрапейскіх дзяржаваў Расіі, хутчэй за ўсё, давядзецца сутыкнуцца з процідзеяннем адразу двух міждзяржаўных аб’яднанняў: ЕС і NATO.

Два гэтыя саюзы не зусім супадаюць паміж сабой тэрытарыяльна, у тым ліку на еўрапейскім кантыненце. Напрыклад, у NATO, але не ў ЕС уваходзяць Вялікабрытанія, Нарвегія, Албанія, Чарнагорыя, а ў ЕС, але не ў NATO — Аўстрыя, Ірландыя, Кіпр. Акрамя таго, сярод удзельніц Паўночнаатлантычнага альянсу ёсць дзве амерыканскія краіны — ЗША і Канада, а таксама размешчаная пераважна ў Азіі Турцыя (усе яны ў Еўрасаюз не ўваходзяць). У цэлым сукупны вайсковы патэнцыял NATO прыкметна большы за аналагічны паказчык Еўрасаюза.

Фото: пресс-служба президента Украины
Сцягі дзяржаваў — чальцоў NATO. Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

На гэты момант усе еўрапейскія краіны, з якімі мяжуе Расія — акрамя Беларусі і Украіны, якая ўжо зазнала ўварванне, — удзельніцы Паўночнаатлантычнага альянсу (толькі адна з іх, Нарвегія, не ўваходзіць у склад ЕС). NATO — абарончы саюз, усе чальцы якога падчас уступлення абавязаліся разглядаць напад на аднаго з чальцоў як на ўвесь блок цалкам. Хоць Статут Еўрасаюза таксама ўтрымлівае пэўныя абавязанні краін-удзельніц пра ўзаемную абарону, ЕС застаецца ў першую чаргу эканамічным і палітычным аб’яднаннем.

Па сукупнасці ўсіх гэтых прычын карэктней будзе параўноўваць вайсковыя магчымасці Расіі з патэнцыялам альянсу NATO, а не ЕС. Тым больш што ўсе самыя моцныя ў вайсковым плане чальцы Еўрасаюза ўваходзяць і ў Паўночнаатлантычны альянс.

Непасрэднае параўнанне вайсковых патэнцыялаў Расіі і NATO амаль па ўсіх параметрах паказвае перавагу Паўночнаатлантычнага альянсу.

У каго больш грошай?

Пачнём з памеру вайсковых выдаткаў, ад якіх залежыць здольнасць набываць сучасную зброю і ваенную тэхніку і падтрымліваць іх у баяздольным стане. Каб параўнанне было карэктным, яго варта праводзіць для дзяржаваў, якія знаходзяцца ў аднолькавых — ваенных альбо мірных — умовах. Бо пасля ўступлення ў вайну вайсковыя выдаткі імкліва растуць. Так, у Расіі да 2024 года яны павялічыліся ў параўнанні з перадваенным 2021 годам амаль у тры разы (у рублёвым выражэнні). Вядома, яны вырастуць і ў еўрапейскіх краін у выпадку іх уступлення ў вайну.

Паводле звестак апошняга даваеннага 2021 года, сукупны вайсковы бюджэт краін NATO склаў 1158 мільярдаў даляраў. Расія ў тым самым годзе змагла выдаткаваць на вайсковыя патрэбы ў 17,5 разу менш — 66 мільярдаў (то-бок прыкладна 5,7% ад аб’ёму натаўскіх выдаткаў).

Улічваючы тое, што РФ ускладае пэўныя надзеі на супярэчнасці ўнутры альянсу (да гэтага пытання мы вернемся пазней), паспрабуем уявіць, што ў вырашальны момант ЗША адмовяцца ад сваіх абавязанняў перад саюзнікамі і пакінуць іх без дапамогі. Нават у такім выпадку сукупны вайсковы бюджэт астатніх краін NATO ўзору 2021 года складаў 342 мільярды даляраў — то-бок пераўзыходзіў расійскі ў 5,2 разу.

Хто мацнейшы ў вайсковым плане?

Цяпер параўнаем колькасць войскаў Расіі і NATO — прычым як з ЗША, так і без (для таго ж песімістычнага для Еўропы сцэнара, калі Вашынгтон адмаўляецца ёй дапамагчы). Прыведзеныя ніжэй звесткі за сакавік 2023 года ўзятыя з сайта праекта Statista. Спачатку разгледзім агульную колькасць армій, рэзервовых і ваенізаваных фарміраванняў.

Расія

NATO з ЗША

NATO без ЗША

1 330 900

5 817 100 (у 4,4 разу больш)

4 471 000 (у 3,4 разу больш)

Нават без заакіянскай падтрымкі арміі краін NATO ў 3,4 разу большыя за расійскую — а разам з амерыканцамі на аднаго расійскага салдата прыпадае 4,4 натаўскага. Зрэшты, пакуль ніякіх прыкмет таго, што ЗША збіраюцца кідаць Еўропу ў яе гіпатэтычнай вайне з Расіяй, няма. На канец 2023 года каля 80 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў знаходзіліся ў Еўропе акурат з мэтай падтрымкі саюзнікаў па NATO і стрымлівання далейшай расійскай агрэсіі.

Сводный взвод почетного караула из состава 75-го полка рейнджеров армии США — сильнейшей в военном отношении страны мира по мнению составителей рейтинга Military Strength Ranking. Вест-Пойнт, штат Нью-Йорк, 27 сентября 2007 года. Фото: Special Operation Command News Service, Public Domain, commons.wikimedia.org
Зводны ўзвод ганаровай варты са складу 75-га палка рэйнджараў арміі ЗША — наймацнейшай у вайсковым плане краіны свету на думку складальнікаў рэйтынгу Military Strength Ranking. Уэст-Пойнт, штат Нью-Ёрк, 27 верасня 2007 года. Фота: Special Operation Command News Service, commons.wikimedia.org

Але, можа быць, Расія лідзіруе ў запасах узбраення і ваеннай тэхнікі? Давайце паглядзім. Пачнём з вайскова-паветраных сіл.

Тып тэхнікі

Расія

NAТО

Усе тыпы ваенных самалётаў, у тым ліку:

4182

20 633 (у 4,9 разу больш)

Знішчальнікі

773

3398 (у 4,4 разу больш)

Штурмавікі

744

1108 (у 1,5 разу больш)

Ваенна-транспартныя самалёты

444

1506 (у 3,4 разу больш)

Самалёты-запраўшчыкі

19

615 (у 32 разу больш)

Спецыяльныя (і разведвальныя) самалёты

147

970 (у 6,6 разу больш)

Усе тыпы ваенных верталётаў, у тым ліку:

1531

8614 (у 5,6 разу больш)

Ударныя верталёты

537

1439 (у 2,7 разу больш)

Важна, што перавага NATO ў авіяцыі не толькі колькасная, але і якасная. Так, па колькасці знішчальнікаў самага сучаснага, пятага, пакалення, нават паводле расійскіх ацэнак, ЗША ў пачатку 2024 года абыходзяць РФ амаль у 40 разоў (1195 самалётаў супраць 32).

Первый в мире самолет пятого поколения F-22 Raptor. Есть версия, что сам термин «пятое поколение» был придуман «под него». Фото: Master Sgt. Andy Dunaway, commons.wikimedia.org
Першы ў свеце самалёт пятага пакалення F-22 Raptor. Ёсць версія, што сам тэрмін «пятае пакаленне» быў прыдуманы «пад яго». Фота: Master Sgt. Andy Dunaway, commons.wikimedia.org

У ваеннай тэхніцы сухапутных войскаў Расія пакуль утрымлівае парытэт з NATO па колькасці танкаў і артылерыі — але безнадзейна адстае ў плане аўтамабілізацыі.

Тып тэхнікі

Расія

NATO
Асноўныя баявыя танкі

12 566

12 408 (на 1% менш)

Баявыя браняваныя машыны і аўтамабілі ваеннага прызначэння

151 641

1 004 844 (у 6,6 разу больш)

Самаходная артылерыя

6575

4532 (у 1,5 разу менш)

Буксаваная артылерыя

4336

6554 (у 1,5 разу менш)

Рэактыўныя сістэмы залпавага агню і пускавыя ўстаноўкі ракет

3887

3272 (у 1,2 разу менш)

Танк Abrams в Польше. 2022 год. Фото: Reuters
Танк Abrams у Польшчы, 2022 год. Фота: Reuters

Зусім бязрадасным для Расіі выглядае параўнанне баявой моцы ваенна-марскіх сіл — асабліва па буйных караблях, якія маюць самую вялікую моц.

Тып тэхнікі

Расія

NAТО

Усе тыпы ваенных караблёў, у тым ліку:

598

2151 (больш у 3,6 разу)

Авіяносцы

1 (на рамонце)

16 (больш у 16 разоў)

Верталётаносцы

13 (абсалютная перавага)

Падводныя лодкі

70

143 (больш у 2 разы)

Крэйсеры, эсмінцы

15

112 (больш у 7,5 разу)

Фрэгаты і караблі блізкіх тыпаў

11

135 (больш у 12 разоў)

Карветы і караблі блізкіх тыпаў

86

55 (менш у 1,6 разу)

Патрульныя катары

59

295 (больш у 5 разоў)

Тральшчыкі

49

151 (больш у 3,1 разу)

Атомный авианосец США USS Gerald R. Ford во время прохождения взрывного испытания на прочность корпуса. Атлантический океан, 8 августа 2021 года. Фото: Mass Communication Specialist 3rd Class Novalee Manzella - US Navy, navy.mil, Public Domain, commons.wikimedia.org
Атамны авіяносец ЗША USS Gerald R. Ford падчас праходжання выбуховага выпрабавання на трываласць корпуса. Атлантычны акіян, 8 жніўня 2021 года. Фота: Mass Communication Specialist 3rd Class Novalee Manzella — US Navy, navy.mil, commons.wikimedia.org

У цэлым відавочна, што па сукупным вайсковым патэнцыяле краіны NATO прыкметна абганяюць Расію. Нават без ЗША дзяржавы Альянсу ў Еўропе ў разы пераўзыходзяць агрэсіўнага ўсходняга суседа памерам вайсковага бюджэту і колькасцю армій. А разам з ЗША гэта перавага выглядае ўжо недасяжнай.

На думку экспертаў Амерыканскага інстытута па вывучэнні вайны, сукупны вайсковы патэнцыял ЗША і іх саюзнікаў па NATO настолькі пераўзыходзіць магчымасці Расіі, што няма ніякіх падставаў сумнявацца ў здольнасці Захаду перамагчы любую расійскую армію нават у тым выпадку, калі Масква цалкам паглыне Украіну і Беларусь.

А ёсць нешта, у чым мацнейшая Расія?

Яшчэ адзін важны складнік ваеннай моцы — ядзерная зброя. Расія мае самы вялікі ядзерны арсенал у свеце з 5889 боегаловак (ацэнка Стакгольмскага інстытута даследавання праблем міру за 2023 год). Затое ў NATO ўваходзяць адразу тры ядзерныя дзяржавы: Вялікабрытанія, ЗША і Францыя, якія агулам маюць 5739 атамных боепрыпасаў. Зрэшты, асноўная частка гэтага арсеналу (5224 боегалоўкі) належыць амерыканцам. Частка яго размеркаваная па тэрыторыі саюзнікаў ЗША ў Еўропе (35 у Італіі, па 15 у Бельгіі, Германіі і Нідэрландах) і ў Турцыі (20 боегаловак).

Расійскі ядзерны арсенал колькасна пераўзыходзіць натаўскі прыкладна на 3%. Але практычная карысць ад гэтай перавагі досыць сумнеўная — абодва бакі маюць такія запасы зброі масавага паражэння, якіх дастаткова для шматразовага знішчэння адно аднаго — а заадно і астатняга чалавецтва.

Первое в истории испытание термоядерного оружия. Атолл Эниветок, 1 ноября 1952 года. Фото: The Official CTBTO Photostream. CC BY 2.0, commons.wikimedia.org
Першае ў гісторыі выпрабаванне тэрмаядзернай зброі, атол Эніветак, 1 лістапада 1952 года. Фота: The Official CTBTO Photostream. CC BY 2.0, commons.wikimedia.org

Пры гэтым важна разумець, што значна буйнейшы абаронны бюджэт NATO дазваляе яго чальцам (у тым ліку тым, што знаходзяцца ў Еўропе) закупляць досыць эфектыўныя і сучасныя сістэмы супрацьракетнай абароны. Акрамя таго, у Румыніі і ў Польшчы размяшчаюцца амерыканскія супрацьракетныя базы, якія ўваходзяць у сістэму стратэгічнай супрацьракетнай абароны ЗША. Хутчэй за ўсё, яны пакуль не могуць надзейна абараніць Еўропу ад масіраванага ўдару сучаснымі ракетамі. Але вось у выпадку абмену адзінкавымі ядзернымі ўдарамі цалкам цягнуць на важную перавагу.

Зрэшты, у Масквы ўсё ж ёсць адна прыкметная перавага адносна NATO. Кіруючы адной цэнтралізаванай аўтарытарнай дзяржавай, расійскае кіраўніцтва можа вельмі хутка прымаць розныя ваенныя рашэнні. NATO ж уключае 31 дзяржаву з пераважна дэмакратычнымі ўрадамі, і найважнейшыя рашэнні ў Альянсе мусяць прымацца калегіяльна, на аснове кансэнсусу. Дзякуючы гэтаму, напрыклад, Турцыя і Венгрыя каля года блакавалі ўступленне ў альянс Фінляндыі і Швецыі (Будапешт працягвае рабіць так дагэтуль).

Премьер-министр Венгрии Виктор Орбан, 3 апреля 2022 года, Будапешт, Венгрия. Фото: Reuters
Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, 3 красавіка 2022 г., Будапешт, Венгрыя. Фота: Reuters

Цалкам можна ўявіць сабе сітуацыю, у якой такі сабатаж з боку палітыкаў з адрозным меркаваннем або расійскіх агентаў уплыву можа чакаць і жыццёва важныя рашэнні па адбіцці расійскага ўварвання ў нейкую з краін NATO.

Як можа выглядаць такая вайна: расійскі сцэнар

Існуюць вельмі розныя погляды на магчымы ход баявых дзеянняў паміж краінамі NATO і Расіяй. Выдатны прыклад прагнозаў расійскага боку што да такога канфлікту прадэманстраваў лідар праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч. На думку палітыка, пачатак такой вайны будзе трыумфальным для Расіі, якая імгненна знішчыць Літву: «Гадзіна — і Літвы няма!» Але гэты прагноз настолькі падобны да фантастычных прадказанняў расійскай прапаганды пра захоп Украіны ці хаця б Кіева за два-тры дні, што вынесем яго за дужкі.

Олег Гайдукевич. Фото: TUT.BY
Алег Гайдукевіч. Фота: TUT.BY

Больш узважанымі выглядаюць крытычныя ацэнкі баяздольнасці сваіх армій, якія робяць эксперты ўнутры NATO. Напрыклад, нямецкі ваенны гісторык Зёнке Найтцэль з Патсдамскага ўніверсітэта лічыць, што бундэсвер (войска Германіі) у ягоным цяперашнім стане не зможа супрацьстаяць расійскаму войску ў выпадку, калі яно нападзе на адну з краін NATO — напрыклад, на Літву.

На думку Найтцэля, не здольныя весці маштабныя ваенныя дзеянні і іншыя буйныя еўрапейскія чальцы NATO — Францыя і Італія. Гісторык прагназуе, што ў выпадку абрання прэзідэнтам ЗША Дональда Трампа той зможа сур’ёзна скараціць амерыканскую вайсковую падтрымку для саюзнікаў у NATO. І робіць выснову пра вайну супраць Расіі ў такіх умовах: «Бундэсвер, імаверна, можа толькі даказаць, што ўмее годна паміраць».

Аднак варта разумець, што выказванні Найтцэля і яго аднадумцаў — гэта не рэтрансляцыя паражэнчых настрояў, а заклік да дзеянняў. Гісторык адкрыта крытыкуе міністра абароны Германіі Барыса Пісторыуса за фармалізм, з якім той, на яго думку, падыходзіць да павышэння ўзроўню баяздольнасці бундэсвера. Такія выказванні сведчаць не столькі пра слабасць еўрапейскіх армій, колькі пра разуменне еўрапейцамі ступені небяспекі, якая навісла над імі, і пра гатоўнасць укладваць рэсурсы ў далейшае ўзмацненне абараназдольнасці сваіх краін.

А палітыкі рэагуюць на гэтую зваротную сувязь — як той жа Пісторыус, які ў снежні 2023 года заявіў пра неабходнасць рыхтавацца да магчымага ваеннага сутыкнення з Расіяй, назваў памылкай адмову Германіі ад абавязковай вайсковай службы ў 2011 годзе і дапусціў яе вяртанне.

Сцэнары Лівена

Брытанскі палітолаг, гісторык і журналіст Анатоль Лівен паспрабаваў спрагназаваць ход баявых дзеянняў у выпадку нападу Расіі на адну з краін NATO, грунтуючыся на параўнанні іх вайсковых патэнцыялаў. Яго ацэнка ў цэлым супадае з той, якую мы далі ў папярэднім раздзеле. На думку Лівена, пагроза Еўропе ад сучасных сухапутных войскаў Расіі не ідзе ні ў якае параўнанне з перыядам халоднай вайны, калі велізарныя савецкія танкавыя арміі стаялі на Эльбе і Дунаі. Тым не менш ён таксама бачыць пэўнае «акно магчымасцяў» для Масквы, звязанае з раз’яднанасцю краін — чальцоў NATO і розным узроўнем іх волі да барацьбы.

Як лічыць гэты эксперт, практычна ў любым магчымым сцэнары наземнай вайны Расіі супраць NATO на перадавой лініі канфлікту апынецца Польшча. З пункту гледжання Лівена, гэта добрая навіна для Паўночнаатлантычнага альянсу: гатоўнасць палякаў змагацца супраць Крамля не выклікае ў яго ніякіх сумневаў. Таксама палітолаг упэўнены ў тым, што Польшча ў любым выпадку выканае свае саюзніцкія абавязанні і прыйдзе на дапамогу краінам Балтыі, калі Расія нападзе на нейкую з іх.

Слабы бок польскай арміі — яе невялікая, у параўнанні з расійскай, колькасць. Але тут аптымізм у Лівена выклікае нядаўні досвед УСУ, якія паказалі, што меншая, але добра навучаная, аснашчаная і матываваная армія здольная ў сучаснай вайне спыняць уварванне значна буйнейшых узброеных сіл.

Танк Leopard 2PL Войска польского. Польша по мнению составителей рейтинга Military Strength Ranking в 2023 году занимает 20-е место по военной мощи. Фото: Gov.pl, CC BY 3.0 pl, commons.wikimedia.org
Танк Leopard 2PL Войска Польскага. Польшча, на думку складальнікаў рэйтынгу Military Strength Ranking, у 2023 годзе займае 20-е месца ў свеце па вайсковай моцы. Фота: Gov.pl, CC BY 3.0 pl, commons.wikimedia.org

Самым уразлівым месцам NATO — і адначасова самай зручнай цэллю для расійскай атакі — брытанец лічыць акурат краіны Балтыі. Нават пасля далучэння да NATO Фінляндыі (і, імаверна, у хуткім часе Швецыі) перакідванне падмацаванняў у гэты рэгіён праз яго адасобленае геаграфічнае становішча цяжкае. Паводле ацэнкі Лівена, Расія нават цяпер, калі значная частка яе войска задзейнічаная ва ўварванні ва Украіну, зможа сканцэнтраваць супраць краін Балтыі сілы, якія значна пераўзыходзяць іх войска. І ў памежных бітвах расіяне амаль напэўна разаб’юць узброеныя сілы Латвіі, Літвы і Эстоніі.

Аднак, як адзначае Лівен, арміі балтыйскіх дзяржаваў наўрад ці будуць чакаць праціўніка «ў чыстым полі». З улікам досведу, атрыманага УСУ, яны амаль напэўна адступяць у буйныя гарады — такія як Талін, Рыга, Вільнюс, Каўнас. І, абараняючы іх вуліца за вуліцай, яны змогуць дачакацца падмацавання ад Польшчы і астатніх саюзнікаў. А пасля іх падыходу ў Расіі не застанецца шанцаў на перамогу. У цэлым уварванне ў балтыйскія дзяржавы Лівен называе «глыбока ірацыянальным актам з чыста ваеннага пункту гледжання». Ён лічыць яго нават больш вар’яцкім, чым уварванне ва Украіну, — бо дапушчэнні Масквы пра лёгкую і хуткую перамогу тады падзяляла і заходняя разведка.

Другі сцэнар ваеннай агрэсіі Расіі супраць NATO Лівен бачыць наступным. Сутыкнуўшыся з перспектывай фактычнай ваеннай паразы ва Украіне, Масква можа нанесці ракетны ўдар па камунікацыях у Польшчы, праз якія Кіеў атрымлівае заходнюю зброю. Матывам такога ўдару будзе нават не жаданне парушыць самі пастаўкі, а імкненне запалохаць еўрапейцаў перспектывай вялікай вайны з іх удзелам, якая рана ці позна перарасце ў ядзерную вайну.

Такі сцэнар Лівен таксама ацэньвае як пройгрышны для Расіі. З вялікай доляй імавернасці запалохаць NATO не атрымаецца, а ЗША наўпрост умяшаюцца ў вайну ва Украіне — што прывядзе да ваеннай паразы Расіі або эскалацыі вайны ў бок ядзернага апакаліпсісу, у якім Расія будзе знішчаная (праўда, імаверна, не толькі яна).

Сцэнар бундэсвера

Яшчэ адзін сцэнар пачатку вайны паміж Расіяй і NATO ў сярэдзіне студзеня апублікавала нямецкае выданне Bild. Як сцвярджаюць яго журналісты, ён апісаны ў сакрэтным дакуменце бундэсвера. У гэтым сцэнары дзеянні Расіі і NATO апісваюцца месяц за месяцам, прычым эскалацыя, якая прыводзіць да вайны, чакаецца ў лютым 2024 года.

Паводле гэтага сцэнара, Расія ўжо цяпер можа пачаць новую хвалю мабілізацыі, Прызваць у войска яшчэ 200 тысяч чалавек і, карыстаючыся аслабленнем дапамогі Украіне з боку Захаду, пачаць вясновы наступ. Калі ён акажацца паспяховым і расіяне зоймуць новыя тэрыторыі, то прыкладна з ліпеня Расія пачне актыўныя дзеянні супраць NATO — спачатку прыхаваныя, а потым і больш відавочныя. Кібератакі і іншыя формы гібрыднай вайны дапоўняцца дзеяннямі Масквы па падбухторванні этнічных рускіх у Эстоніі, Латвіі і Літве. Іх хваляванні могуць перарасці ў сутыкненні з паліцыяй. А ўжо іх Расія выкарыстоўвае як падставу для пачатку ў верасні маштабных вайсковых вучэнняў на тэрыторыі сваіх заходніх рэгіёнаў і Беларусі.

ЗРК Patriot бундесвера. Фото: Mark Holloway, CC BY 2.0, commons.wikimedia.org
ЗРК Patriot бундэсвера. Фота: Mark Holloway, CC BY 2.0, commons.wikimedia.org

Як і ў канцы 2021 года на мяжы з Украінай, Расія пад выглядам вучэнняў наросціць колькасць войскаў на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой, а таксама перакіне дадатковыя войскі і ракеты ў Калінінград. У канцы 2024 года, калі ЗША будуць адцягнутыя ад знешніх падзей прэзідэнцкімі выбарамі, у раёне Сувалкскага калідора Расія справакуе памежны канфлікт і беспарадкі з чалавечымі ахвярамі. Фактычна Масква будзе спрабаваць паўтарыць украінскі сцэнар 2014 года, калі дзеяннямі прарасійскіх сепаратыстаў маскавала сваё ўварванне на ўсход Украіны.

У студзені 2025 года Польшча і краіны Балтыі афіцыйна паведамяць саюзнікам па NATO пра рост пагрозы і звернуцца да іх па дапамогу. У сакавіку 2025 года Расія павялічыць сваю вайсковую групоўку ў Беларусі да 70 тысяч чалавек (у тым ліку дзвюх танкавых і адной мотастралковай дывізіі). На травень 2025 года сцэнар прызначае дзень «Х», у які NATO вырашае перакінуць на ўсход для падтрымкі саюзнікаў 300 тысяч чалавек — у тым ліку 30 тысяч нямецкіх салдат.

Военнослужащие вооруженных сил США едут на танках "Абрамс", во время военного парада в честь Дня вооруженных сил Польши, в Варшаве, Польша, 15 августа 2023 года. Фото: Reuters
Вайскоўцы ўзброеных сіл ЗША едуць на танках «Абрамс» падчас вайсковага параду ў гонар Дня ўзброеных сіл Польшчы ў Варшаве, Польшча, 15 жніўня 2023 года. Фота: Reuters

Сцэнар заканчваецца праз 30 дзён пасля дня «Х» і не дае яснага адказу на пытанне, ці ўдалося NATO спыніць расійскую агрэсію. Аднак ён не ставіць пад сумнеў гатоўнасць альянсу аказаць ваенную дапамогу сваім чальцам, якія падвергліся нападу. Улічваючы суадносіны вайсковых патэнцыялаў NATO і Расіі, гэта ключавое, найважнейшае пытанне. Бо Расія зможа разлічваць на перамогу пасля нападу на адну з краін NATO толькі ў тым выпадку, калі саюзнікі па вайсковым блоку пакінуць яе без дапамогі.

Сцэнар Інстытута па вывучэнні вайны

Амерыканскі Інстытут па вывучэнні вайны таксама падзяліўся сваім бачаннем магчымай вайны паміж Расіяй і NATO ў сярэдзіне снежня мінулага года. На думку экспертаў, напад Масквы на адну з краін NATO стане магчымым толькі пасля поўнай перамогі РФ у вайне супраць Украіны. Бо цяперашняе ўварванне забірае ў расійскай арміі амаль паўмільёна салдат — практычна ўсю яе сухапутную моц.

Немагчымым будзе напад Расіі на NATO і ў выпадку поўнай перамогі Кіева. Бо Масква будзе вымушаная трымаць значную частку свайго войска на доўгай агульнай мяжы з Украінай — краінай, на прыязныя адносіны з якой ёй не давядзецца разлічваць яшчэ доўгія гады.

Як лічаць у Інстытуце, пасля поўнага захопу Украіны Расія зможа сканцэнтраваць для наступу супраць NATO сілы, задзейнічаныя ў цяперашнім сутыкненні. NATO не зможа абараніцца ад такога ўварвання па ўсім фронце ад Паўночнага Ледавітага акіяна да Чорнага мора тымі сіламі, якія знаходзяцца цяпер у Еўропе. І ЗША давядзецца перакідваць на ўсходнюю мяжу альянсу вялікую колькасць сваіх салдат.

Паколькі ваенная стратэгія NATO абапіраецца на перавагу ў паветры, Вашынгтону таксама давядзецца адправіць сюды і вялікую колькасць найноўшых баявых самалётаў. А гэта падарве здольнасць ЗША эфектыўна рэагаваць на магчымую кітайскую агрэсію супраць Тайваня, бо сцэнары абароны гэтага вострава заснаваныя на выкарыстанні амерыканскай авіяцыі. На два такія тэатры ваенных дзеянняў найноўшых амерыканскіх самалётаў можа проста не хапіць.

Бойцы 22-й ОМБр ВСУ. Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Байцы 22-й АМБр УСУ. Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Эксперты Інстытута па вывучэнні вайны лічаць, што цана абароны еўрапейскіх саюзнікаў па NATO ад расійскага ўварвання ў выпадку поўнай перамогі Расіі над Украінай будзе астранамічнай. Таму яны лічаць значна больш выгадным не дапусціць такога ўварвання, аказваючы ўсю магчымую дапамогу Украіне аж да яе поўнай перамогі. Паводле іх ацэнак, гэта абыдзецца значна танней.

Калі ў сцэнарах Анатоля Лівена і бундэсвера найбольш імавернымі аб’ектамі расійскай агрэсіі выступаюць Польшча і краіны Балтыі, то ў версіі Інстытута па вывучэнні вайны пасля поўнай акупацыі Украіны пад пагрозай (акрамя Польшчы) аказваюцца Славакія, Венгрыя і Румынія. Па іроніі лёсу, менавіта ваенныя поспехі УСУ гарантуюць бяспеку ўсходнім межам Славакіі і Венгрыі — дзвюх краін, чыё кіраўніцтва цяпер выступае з прарасійскіх і антыўкраінскіх пазіцый.

Дык ці можа Расія напасці на Еўропу і чым скончыцца такая вайна?

Што аб’ядноўвае ўсе пералічаныя вышэй сцэнары агрэсіі Расіі супраць NATO, дык гэта асноўнае месца прыкладання намаганняў Масквой. Хоць, на думку экспертаў Інстытута па вывучэнні вайны, кіраўніцтва РФ сапраўды імкнецца раскалоць, аслабіць і ў выніку знішчыць NATO, у Крамлі разумеюць, што не ў сілах цягацца з аб’яднаным вайсковым патэнцыялам альянсу і яго ключавых чальцоў. Таму ўсе больш-менш праўдападобныя сцэнары прадугледжваюць расійскі напад на аднаго або групу другарадных чальцоў NATO ва ўсходняй частцы Еўропы ў разліку на тое, што іншыя краіны саюза парушаць свае абавязанні.

Хоць пакуль няма ніякіх прычын сумнявацца ў тым, што 5-ы артыкул Статута NATO спрацуе, ніхто не можа быць упэўненым у гэтым на сто працэнтаў. І Масква ў спрыяльных для сябе ўмовах цалкам можа паспрабаваць высветліць гэта на практыцы. У тым, што расійскае кіраўніцтва здольнае прымаць спрэчныя і адкрыта памылковыя вайскова-палітычныя рашэнні, увесь свет пераканаўся 24 лютага 2022 года.

На думку экспертаў Інстытута па вывучэнні вайны, заахвоціць Пуціна да нападу на адну з краін NATO могуць памылковыя дзеянні ЗША ў дачыненні да Украіны. Калі Злучаныя Штаты адмовяцца ад падтрымкі Кіева так, як ужо адмовіліся ад падтрымкі сваіх партнёраў у Афганістане ў 2021 годзе, гэта можа ўмацаваць у расіянах сумневы ў тым, што Вашынгтон будзе змагацца супраць Масквы, абараняючы краіны Балтыі.

Фото: Reuters
Вуліца ўкраінскага горада Буча, вызваленага ВСУ з-пад расійскай акупацыі. Фота: Reuters

Вялікая вайна супраць усяго блока NATO амаль напэўна скончыцца для Расіі паразай і катастрофай: вайсковыя і эканамічныя магчымасці гэтых гіпатэтычных праціўнікаў несупастаўныя. Праўда, перш чым вайсковая машына Паўночнаатлантычнага альянсу раскруціцца і запрацуе на поўную моц, расійскае войска ўсё ж паспее захапіць памежныя рэгіёны той дзяржавы, на якой наважыцца выпрабаваць на трываласць еўраатлантычную вайсковую інтэграцыю. І ў гэтым выпадку Вільнюсу, Нарве, Таліну, Даўгаўпілсу, Котцы або Беластоку, магчыма, давядзецца прымерыць на сябе страшную ролю горада-крэпасці (накшталт Марыупаля ці Бахмута). А тым гарадам, якім давядзецца здаць без бою, можа пагражаць лёс Ірпеня і Бучы.

Вядома, у крамлёўскага кіраўніцтва на выпадак поўнага пройгрышу ў гэтай партыі застаецца ў запасе прыём кшталту ўдару шахматнай дошкай па галаве — то-бок выкарыстанне ядзернай зброі. Але і ў гэтым выпадку, зразумела, пераможцай у вайне Расія не стане. У такой вайне пераможцаў, хутчэй за ўсё, не будзе ўвогуле.