Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ), якая ўваходзіць у структуру ААН, упершыню правяла сацыялагічнае даследаванне сярод мігрантаў, якія прыбываюць у Беларусь з краін Афрыкі, Азіі, Блізкага Усходу і «знаходзяцца ва ўразлівым становішчы». Ім задавалі пытанні пра тое, адкуль і чаму яны з’ехалі, як трапілі ў нашую краіну і куды хочуць ехаць далей, з якімі праблемамі сутыкаюцца і колькі з іх вырашыла застацца ў Беларусі.
Апытанне мігрантаў вялося ў сакавіку-красавіку гэтага года. Былі апытаныя 202 чалавекі, у асноўным — у Мінску, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.
Як праводзілася даследаванне
Праводзілі інтэрв'ю супрацоўнікі МАМ і Беларускага руху медыцынскіх работнікаў (гэтае грамадскае аб’яднанне больш за 20 гадоў з’яўляецца партнёрам ААН у Беларусі і кансультуе бежанцаў).
Важна адзначыць, што ўся праца вялася ў супрацоўніцтве з МУС. Аднак у справаздачы падкрэсліваецца, што ўдзел быў ананімным, добраахвотным, гутаркі «ў асноўным вяліся сам-насам у бяспечных месцах». Інтэрв'ю праводзіліся ў офісах Руху медработнікаў і на пляцоўках МАМ, аднак таксама на вакзалах, у ІЧУ, цэнтрах часовага размяшчэння мігрантаў і ў розных жылых памяшканнях. Удзельнікі маглі ў любы момант спыніць гутарку, у справаздачы ўлічваліся толькі поўныя інтэрв'ю.
Аўтары падкрэсліваюць, што вынікі даследавання не цалкам рэпрэзентатыўныя, бо скласці рэпрэзентатыўную выбарку сярод мігрантаў было немагчыма, звестак пра тое, колькі людзей з якіх краін прыязджае ў Беларусь, няма, бо яны едуць праз Расію і іх уезд не фіксуецца. Акрамя таго, тых, што ўжо прыехалі, даволі складана знайсці. Прасцей кажучы, апытвалі тых, каго ўдалося. Тым не менш вынікі «маюць практычную каштоўнасць», лічыць МАМ.
Хто і адкуль прыехаў?
Сярод удзельнікаў апытання былі грамадзяне 40 краін. Больш за ўсё (29,2%) — з Афганістана, а таксама Сірыі (10,3%), Самалі (7%), Ірака (6%) і Эрытрэі (5%). Таксама былі апытаныя грамадзяне Індыі (4%), Емена (4%), Каморскіх астравоў (3%), Ірана (3%), Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (2,5%), Эфіопіі (2,5%), Камеруна (2%), Палестыны (2%) і Тога (1,5%). Яшчэ менш было грамадзян Буркіна-Фасо, Балгарыі, Кот-д'Івуара, Эквадора, Егіпта, Гвінеі, Ліберыі, Нігерыі, Кубы, Азербайджана, Гаіці, Лівана, Гамбіі, Экватарыяльнай Гвінеі, Шры-Ланкі, Судана, Малі, Нідэрландаў, Сенегала, Сьера-Леонэ, Чада і Таджыкістана. Былі сярод удзельнікаў нават грамадзяне Літвы, Латвіі, Польшчы і Грузіі.
Роднай мовай мігрантаў (той, на якой яны гавораць дома) часцей за ўсё была арабская (29%), у 16% — фарсі, 16% — французская і 11,5% — мова пушту. Далей ідуць хіндзі (4%), англійская (3,5%) і руская (3%). Многія таксама маглі размаўляць па-англійску (38%), па-арабску (16%) і па-французску (15%).
У асноўным рэспандэнты мелі нейкія дакументы: 54% — біяметрычны пашпарт, 18% — звычайны пашпарт, у 12% былі ID-карты, у 5% — пасведчанні аб нараджэнні, у 4% — праязныя дакументы. Яшчэ 4% мелі толькі дакумент пра адукацыю, 1% — правы кіроўцы. У 5% былі іншыя пасведчанні асобы або пасведчанні аб надзвычайным становішчы ў іх краіне. А вось у 13% не было наогул ніякіх афіцыйных дакументаў.
Сярод апытаных мігрантаў было 82% мужчын і 18% жанчын. Сярэдні ўзрост склаў 31 год, роскід — ад 18 да 72 гадоў. Больш за ўсё моладзі 18−29 гадоў (57%), яшчэ 28% — людзі 30−39 гадоў. Людзей, старэйшых за 50 гадоў, было толькі 6%, у асноўным гэта жанчыны.
Большасць удзельнікаў сказала, што не знаходзяцца ў шлюбе (61,5%), замужам або жанатыя — 33%, было некалькі ўдоваў і ўдаўцоў. Сярод мужчын халастых было 66%, а сярод жанчын — 38,8%. Дзяцей мелі толькі 32% удзельнікаў, пры гэтым у 53% з іх адно або некалькі дзяцей засталіся на радзіме, яшчэ ў 41% дзеці былі з сабой, у 3% — чакалі ў краіне прызначэння.
Узровень адукацыі большасці мігрантаў аказаўся невысокім: у 62% апытаных была толькі няпоўная сярэдняя адукацыя, у 12% — поўная сярэдняя, у 6% — пачатковая. Пры гэтым 16% мелі вышэйшую адукацыю. Былі адзінкавыя выпадкі заканчэння рэлігійных школ і іншых формаў адукацыі. Ніякай афіцыйнай адукацыі не было ў 1% — і ўсе гэтыя рэспандэнты былі жанчынамі.
Да ад’езду са сваёй краіны 29% апытаных, паводле іх словаў, былі студэнтамі, 20% — не мелі і не шукалі працы (прычым сярод жанчын такіх была палова, а сярод мужчын — толькі кожны сёмы). Працавалі толькі 16%, яшчэ 13% былі самазанятымі, 4% — падзённыя работнікі, 13% шукалі працу. Таксама было 2% пенсіянераў.
Чаму пакінулі радзіму?
Амаль палова ўдзельнікаў апытання з’ехала са сваёй краіны яшчэ ў 2022 годзе (48%), у 2023-м — 46%. На момант інтэрв'ю 26% былі ў дарозе менш за месяц, 12% — да двух месяцаў, яшчэ 20% — да чатырох месяцаў. 11% перамяшчаліся ўжо больш за год, астатнія — менш.
Рэспандэнтаў папрасілі назваць дзве галоўныя прычыны ад’езду з роднай краіны. Больш за ўсё ўдзельнікаў (31,2%) асноўнымі назвалі эканамічныя прычыны: яны хацелі знайсці працу і лепшую магчымасць зарабіць.
У той жа час 24% заявілі, што пакінулі радзіму праз гвалт, што адбываецца там, у тым ліку скіраваны канкрэтна супраць іх (траціна жанчын і амаль чвэрць мужчын). У асноўным пра гэта казалі грамадзяне Афганістана (73,5%), якія адзначылі небяспеку і пагрозу жыццю праз пераслед з боку талібаў.
Яшчэ 21% сказаў, што з’ехаў праз вайну або ўзброены канфлікт у сваёй краіне (у асноўным мужчыны).
На другое па значнасці месца 41% паставіў эканамічныя прычыны, 16% — жаданне атрымаць адукацыю, прафесію, 14% — стварэнне або ўз'яднанне сям'і, 8% — войны, 1% — стыхійныя бедствы, 11% — іншыя асабістыя прычыны.
Акрамя таго, з усіх удзельнікаў 16% ужо больш за год жылі не ў сваёй, а ў нейкай іншай краіне, але вырашылі з’ехаць і адтуль, у асноўным — з эканамічных прычын, для адукацыі або праз вайну.
На пытанне, ці плануюць яны вярнуцца на радзіму, 47% рэспандэнтаў адказалі адмоўна. З іх 74% тлумачылі гэта пагрозай бяспецы ў іх краіне, 25% проста не хацелі вяртацца, многія сказалі, што там няма за што жыць. У той жа час 22% сказалі, што плануюць вярнуцца дадому, да сям'і, дапамагаць сваім блізкім, тлумачылі гэта таксама тым, што там ёсць дзе жыць. У 19% ужо не заставалася грошай на далейшую дарогу і жыццё, яшчэ 19% сказалі, што вельмі стаміліся ад умоваў, у якіх знаходзяцца, і папросту знясіленыя.
Як трапілі ў Беларусь?
Удзельнікаў даследавання спыталі, колькі мігрантаў і бежанцаў на гэты момант размешчана разам з імі або ў іх атачэнні ў Беларусі. Такім чынам было палічана, што ў Беларусі на момант даследавання знаходзіцца каля 2279 мігрантаў (акрамя бежанцаў з Украіны) — гэта толькі тыя, хто звязаны з 202 апытанымі.
Большасць рэспандэнтаў — 82% — прыбыла ў Беларусь праз Расію. 13% прыляцелі наўпрост на самалёце. Яшчэ 2% трапілі з Літвы, 1% — з Польшчы і 1% — з Латвіі. Імаверна, у асноўным гэта тыя, хто быў вернуты ў Беларусь пасля няўдалай спробы перасячэння мяжы з ЕС (хоць, як адзначалася вышэй, у ліку апытаных былі і грамадзяне гэтых краін). Акрамя таго, многія мігранты з трэціх краін ехалі транзітам праз Іран ці Турцыю.
Часцей людзі ехалі не паасобку, а групамі (62%), у сярэднім да 7 чалавек, 52% — з сябрамі і суседзямі, 35% — з сям’ёй або іншымі сваякамі, 26% — з выпадковымі спадарожнікамі. Толькі 5% апытаных прызналіся, што ехалі разам з пасярэднікамі — агентамі, працадаўцамі ці незаконнымі перавозчыкамі.
Паводле словаў рэспандэнтаў, разам з імі ў групах прыехала сумарна 927 чалавек, у асноўным там былі мужчыны да 60 гадоў. У гэтых групах было 125 дзяцей (32 — да 5 гадоў, астатнія старэйшыя), а пажылых людзей — толькі 2%.
На пытанне пра тое, ці дапамагаў ім хто-небудзь у арганізацыі паездкі, 61% рэспандэнтаў сказаў, што ніхто не дапамагаў, 31% пацвердзіў, што ім дапамагалі (паводле іх словаў, у 95% гэта былі прыватныя асобы або агенцтвы па працаўладкаванні, у 19% — іх блізкія). Астатнія 8% аддалі перавагу таму, каб не адказваць.
Якая краіна прызначэння?
Першапачаткова больш за ўсё мігрантаў хацела трапіць у Германію (42%). Пры гэтым 17% сказалі, што іх мэтай была менавіта Беларусь, 7% — Расія. У Польшчу скіроўваліся яшчэ 7%, менш людзей называла Францыю (4,5%), Літву, Вялікабрытанію, Нідэрланды, Італію, Аўстрыю, Бельгію, Данію, Іспанію і Швецыю. 4,5% сказалі, што гатовыя былі паехаць у любую бяспечную краіну ЕС.
Аднак на момант апытання мэты ў часткі мігрантаў змяніліся. Колькасць ахвотных з’ехаць у Германію стала ўдвая меншай (21%), затое ўжо 33% сказалі, што хочуць застацца ў Беларусі. 9% хацелі трапіць у Польшчу, 6% — у Расію. А некаторыя падумвалі вярнуцца назад на радзіму — у Афганістан (4%), Самалі і Сірыю (па 1%). З тых, хто ўсё ж збіраўся ў ЕС, 57% хацелі рухацца праз Польшчу, 10% — праз Літву.
Людзей спыталі і пра тое, з якіх прычын яны выбралі тыя ці іншыя краіны прызначэння. Адказы атрымаліся такія: больш няма куды ехаць (24%), там жывуць сябры (21%), там ёсць жыллё ці прытулак (20%), там сям’я або сваякі (19%). Яшчэ 17% выбралі краіну за прывабныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы, а 13% — з меркаванняў бяспекі, 12% — праз даступнасць працэдуры прадстаўлення прытулку. Каля 10% раней жылі або вучыліся ў краіне прызначэння.
Ці хочуць застацца ў Беларусі?
Пра жаданне асталявацца ў Беларусі заявілі 67 чалавек, з якіх тры чвэрці былі мужчынамі. Большасць — грамадзяне Афганістана (46%), Сірыі (15%), Ірака (13,5%). Былі таксама грамадзяне Самалі, Емена, Эрытрэі і нават Балгарыі.
З ахвотных застацца ў Беларусі дзве траціны былі ў шлюбе, 61% мае дзяцей, прычым у паловы яны былі з сабой. 22,4% маюць вышэйшую адукацыю, 50,7% — няпоўную сярэднюю.
Але прычыны заставацца ў Беларусі ў большасці былі не вясёлкавымі. 57% сказалі, што для іх гэта адзіны выбар і ім больш няма куды ехаць. Для 24% вызначальнай стала прастата доступу да працэдуры прадстаўлення прытулку, 16% зрабілі такі выбар з меркаванняў бяспекі. Акрамя таго, 15% раней вучыліся ці працавалі ў Беларусі, 9% маюць тут дзе жыць, у 10% у Беларусі ёсць сваякі або сябры. Толькі 4% выбіралі нашую краіну па сацыяльна-эканамічных умовах.
У якіх умовах знаходзяцца?
Сярод апытаных 28% на момант інтэрв'ю знаходзіліся ў ізалятарах часовага ўтрымання. Столькі ж жыло ў арандаваным жыллі, яшчэ 9% — у сяброў, 8% — у жыллі, якое дала МАМ, 7% — у цэнтрах часовага размяшчэння, 6% — у гатэлях і хостэлах. 2,5% сказалі, што не маюць жылля.
На момант інтэрв'ю ў большасці не было ніякага легальнага статусу ў Беларусі. 14% мелі турыстычныя візы, 12,5% — дазвол на часовае знаходжанне, 9% — дазвол на часовае пражыванне, 6% — студэнцкія візы, 1% — від на жыхарства. 17% чакалі дэпартацыі альбо атрымалі адмову ў прытулку ў Беларусі і гэтак далей. Больш чым траціна (35,5%) зазнала затрыманне ў Беларусі, у дачыненні да 38% складаліся пастановы пра дэпартацыю.
Дарэчы, заяву на прадстаўленне статусу бежанца, дадатковай абароны або прытулку ў Беларусі падалі толькі 15% удзельнікаў даследавання. Сярод астатніх больш чым траціна патлумачыла, што плануе падаць такую заяву найбліжэйшым часам, 49% — што будуць з’язджаць з Беларусі. Пры гэтым 5% ужо звярталіся па статус бежанца і атрымалі адмову.
У рэспандэнтаў спыталі, з якімі цяжкасцямі яны сутыкаюцца ў Беларусі. Большасць назвала моўны бар’ер (73%), недахоп грошай (48%) і адсутнасць доўгатэрміновага жылля (21%). Кожны пяты баяўся арышту, многіх турбавалі пытанні легалізацыі ў Беларусі, адсутнасці працы.
Кожны чацвёрты паведаміў пра ўскладнены доступ да медыцынскіх паслуг праз недахоп грошай, прыкладна столькі ж — з прычыны моўнага бар’еру, 19% — праз адсутнасць патрэбных дакументаў. Пры гэтым 40% сказалі, што праблем з доступам да аховы здароўя ў іх няма.
На момант інтэрв'ю многім рэспандэнтам патрабаваліся грошы (40%), жыллё, ежа, адзенне і абутак, у доўгатэрміновай перспектыве тыя, хто хацеў застацца ў Беларусі, мелі патрэбу ў жыллі на працяглы тэрмін, грашах, дапамозе з дакументамі, вывучэннем мовы.
Многія мігранты пакутавалі ад моцнага стрэсу ці эмацыйнага разладу (43%), якія перашкаджаюць ім выконваць паўсядзённую працу.
Ці адчуваюць сябе ў бяспецы?
На ўсе пытанні адносна сваёй бяспекі ў Беларусі мігранты адказвалі вельмі станоўча. Так, толькі 2% сказалі, што сутыкаліся ў нашай краіне з якой-небудзь дыскрымінацыяй, а 95% заявілі, што ў іх такога не было.
Больш чым палова (52%) сказала, што адчувае сябе ў бяспецы ў Беларусі. Праўда, 28% бяспекі не адчувалі, а 20% не далі адказу на пытанне. Таксама 59% сказалі, што ў плане бяспекі іх у нашай краіне нічога не турбуе. Некаторыя турбаваліся праз халодную пару года (быў пачатак вясны), магчымае затрыманне і дэпартацыю і гэтак далей.
Ніхто з мігрантаў не паведаміў пра жорсткае абыходжанне, фізічны альбо сэксуальны гвалт, утрыманне супраць волі ці прымус да працы, якія адбываліся б з імі на тэрыторыі Беларусі.
Таксама ў справаздачы пра даследаванне няма ніводнай згадкі пра тое, як мігранты нелегальна перасякаюць мяжу з ЕС і якому абыходжанню з боку сілавікоў падвяргаюцца на мяжы.
Можна меркаваць, што на адказы ў гэтым сектары паўплывала тое, што ААН праводзіла сваё даследаванне ў супрацоўніцтве з МУС.
Чытайце таксама


